Выбрать главу

«Курыць індыйскія цыгары…» – у артыкуле Джона Хола «Сто сорак гатункаў» адзначаецца, што індыйскія цыгары з’яўляюцца ў апавяданнях пра Шэрлака Холмса як атрыбут чалавека з кепскім характарам. Магчыма, у часы Дойла яны асацыяваліся з асобай, што пагарджае ўмоўнасцямі. Індыйскія цыгары курыць не толькі забойца ў апавяданні «Таямніца Боскамскай даліны», але і Грымсбі Ройлат у «Стракатай стужцы» і двое забойцаў у «Пастаянным пацыенце».

Баларат – горад у калоніі Вікторыя, з якога пачалася залатая ліхаманка: у 1851 годзе менавіта ля яго, а пазней і ля горада Бендыга, было знойдзенае золата.

«Калі б не Божая ласка, гэта мог бы быць Шэрлак Холмс…» – у арыгінальнай версіі фраза гучыць так: «Калі б не Божая ласка, гэта мог бы быць я». Гэтыя словы прыпісваюцца шмат каму, аднак Дойл спыняецца на кандыдатуры Рычарда Бакстэра (1615–1691), пурытанскага царкоўнага лідара, тэолага, паэта і аўтара гімнаў.

Пяць апельсінавых зярнятак

Апавяданне было ўпершыню надрукаванае ў лістападзе 1891 году ў Strand Magazine.

Юфа – назва вострава прыдуманая Дойлам.

Кембервэл – раён у паўднёвай частцы Лондана. Варта згадаць, што ніводная з названых у гэтым абзацы гісторыяў ніколі, на жаль, доктарам Ўотсанам не была апісаная.

Буры раўнадзення – звычайна восеньскія вятры ў дні асенняга раўнадзення лютуюць з найбольшай сілай.

Ўільям Кларк Расэл (1844–1911) – папулярны амерыканскі пісьменнік, аўтар марскіх раманаў і апавяданняў жахаў. Восем гадоў служыў на моры. Згадка пра Расэла ў апавяданні «Пяць апельсінавых зярнятак» – адно са сведчанняў надзвычайнай папулярнасці гэтага аўтара ў часы Дойла.

«Падчас вайны…» – маецца на ўвазе Грамадзянская вайна паўднёвых і паўночных штатаў ЗША (1861–1865), якая скончылася перамогай Поўначы над рабаўладальніцкім Поўднем. Томас Джонатан Джэксан па мянушцы Каменны Мур (1824–1863) – генерал канфедэратаў, адзін з самых таленавітых военачальнікаў Поўдня. У бітве пры Чансэларсвілі (2 траўня 1863) быў памылкова паранены дазорам канфедэратаў, страціў руку і праз 8 дзён памёр ад пнеўманіі. Джон Бэл Худ (1831–1879) – генерал арміі канфедэратаў, меў славу смелага і надзвычай ваяўнічага чалавека, аднак яго рэпутацыя як военачальніка была папсаваная паразамі пад Атлантай і ў Франклін-Нэшвілскай кампаніі. Роберт Эдвард Лі (1807–1870) – генерал арміі канфедэратаў, камандуючы войска Паўночнай Вірджыніі і галоўнакамандуючы войска Канфедэрацыі. Адзін з самых знакамітых амерыканскіх военачальнікаў ХІХ стагоддзя.

Жорж Леапольд Кюўе (1769–1832) – французскі даследчык прыроды. Лічыцца заснавальнікам параўнальнай анатоміі і палеанталогіі. Быў сябрам Французскага геаграфічнага таварыства.

Рэгістры Лойда – найвялікшае класіфікацыйнае таварыства, добраахвотная асацыяцыя суднаўладальнікаў, суднабудаўнічых фірмаў і страхавых кампаніяў, заснаванае ў Вялікабрытаніі ў 1760 годзе. Тут: рэгістравыя кнігі гэтага таварыства.

Докі Альберта, ці докі РоялАльберт – докі ў партова-прамысловай зоне Лондана на ўсходзе і паўднёвым усходзе горада (неафіцыйная назва ўсяго раёна – Доклэндс) па абодва берагі Тэмзы. Докі Альберта пабудаваныя ў 1880 годзе.

Стывідор – партовы грузчык.

Ахтэрштэвень – задні край карабля ў выглядзе жорсткай бэлькі ці рамы, на якой вертыкальна замыкаюцца кіль, борт, абшыўка і набор, а таксама падвешанае стырно судна.

Чалавек з выкручанай губой

Апавяданне было ўпершыню надрукаванае ў снежні 1891 году ў Strand Magazine.

«Ці мне адправіць Джэймса спаць?..» – імя доктара Ўотсана згадваецца ў цыкле пра Шэрлака Холмса ўсяго тройчы. У аповесці «Эцюд у пунсовым» і ў апавяданні «Загадка Торскага моста» даецца такое імя доктара: «Джон Х. Ўотсан». Існуе версія, што ў дадзеным апавяданні Мэры называе доктара другім імем. У такім разе ініцыял «Х.» можа значыць «Хэміш» – гэта варыянт ангельскага імені Джэймс у шатландскай гэльскай. Аднак сам аўтар гэты ініцыял нідзе не расшыфроўвае.

Брыяравая люлька – люлька, якая робіцца з выкарыстаннем брыяру, то бок кораня верасу.

Гладстанскі сакваяж – невялікая дарожная сумка, раздзеленая ўнутры на дзве аднолькавыя секцыі. Рабіўся звычайна з цвёрдай скуры. Названы ў гонар дзяржаўнага дзеяча Ўільяма Гладстана (1809–1898), які чатыры разы быў прэм’ерміністрам Вялікабрытаніі.

Блакітны карбункул