Апавяданне было ўпершыню надрукаванае ў студзені 1892 году ў Strand Magazine.
Блакітны карбункул – існуе шмат версіяў адносна таго, які камень хаваецца пад гэтым вызначэннем. Большасць спецыялістаў сыходзіцца на тым, што Дойл альбо зусім не разбіраўся ў мінералогіі, альбо містыфікаваў чытача. У Оксфардскім слоўніку ангельскай мовы побач са значэннем слова «карбункул» як медыцынскага тэрміна даецца наступнае тлумачэнне: «Яркі чырвоны каштоўны камень, у прыватнасці гранат, агранены ці кабашон». Аднак гранат лічыцца каменем напаўкаштоўным, а таму ніяк не можа мець тую цану, пра якую гаворыцца ў апавяданні. Да таго ж гранатаў блакітнага колеру не існуе, і шкло яны, якога б колеру ні былі, не рэжуць. У «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» слова «карбункул» у значэнні «камень» падаецца як састарэлае і тлумачыцца наступным чынам: «Каштоўны камень чырвонага колеру; чырвоны гранат». У слоўніках рускай мовы гэтае ж слова (таксама з пазнакай «састарэлае») атаясамліваецца з чырвоным карундам, то бок рубінам – каменем каштоўным, які шкло і праўда драпае, а таму на ролю героя апавядання Дойла падыходзіць нашмат больш, чым гранат. Аднак блакітных рубінаў таксама не існуе, бо рубін – гэта разнавіднасць карунду менавіта чырвонага ці ружовага колеру, блакітны ж карунд называецца сапфірам. Сапфір нашмат таннейшы за рубін (прычым чым бляднейшы камень, тым таннейшы), але ўсё яшчэ лічыцца каштоўным. Аднак усе карунды – і рубіны, і сапфіры – гэта аксіды алюмінію, то бок маюць у структуры алюміній і кісларод, Холмс жа называе каштоўнасць «крышталізаваным вугалем», магчыма, намякаючы такім чынам на дыямент, які складаецца з вугляроду. Тым не менш дыямент апісанню не адпавядае, бо блакітным быць не можа – ён заўсёды празрысты. Зрэшты, вызначэнне «крышталізаваны вугаль» можа быць не больш як прыкметай пагардлівага стаўлення Холмса да каштоўнасці як прычыны многіх злачынстваў, і ніякага мінералагічнага сэнсу дэтэктыў у сваё выказванне не ўкладаў. Магчыма, аўтар прыдумаў блакітны карбункул – камень такі ж дарагі, як рубін, і такога ж колеру, як сапфір, – даўшы яму цьмяную назву, каб унікальнасцю апраўдаць яго надзвычайную каштоўнасць. Таксама існуе меркаванне, што Дойл проста пажартаваў з чытача, цудоўна ведаючы, што апісаны ім камень – лейкасапфір (гатунак сапфіра бледна-блакітнага колеру) ці моцна перагрэты звычайны сапфір, які паспрабавалі выдаць за дыямент, – не больш як танная драбяза, якая насамрэч зусім не вартая апісанай у апавяданні валтузні.
«Яго знайшлі ў паўднёвым Кітаі на беразе ракі Амой…» – кітайская рака з такой назвай даследчыкам творчасці Дойла невядомая. Магчыма, аўтар яе прыдумаў альбо пераблытаў з горадам Сямынь (іншыя варыянты назвы – Сямэнь, Амой), самым вялікім горадам на ўзбярэжжы Тайваньскага праліва, які ляжыць акурат на поўдні Кітая. Таксама назва Амой можа адсылаць да раёна Аамынь (Макаа), былой партугальскай калоніі на поўдні сучаснага Кітая.
Сорак гранаў прыкладна адпавядаюць 14 каратам – цалкам натуральная вага для каштоўнага каменя.
Disjecta membra (лац. – «раскіданыя часткі») – адсылка да выразу disjecti membra poetae (раскіданыя рэшткі паэта), цытаты з «Сатыраў» Гарацыя (1, 4, 62), якая, у сваю чаргу, адсылае да вобраза разарванага вакханкамі Арфея. Выраз disjecti membra ўжываюць таксама ў дачыненні да фрагментаў антычнай паэзіі, якія захаваліся да нашых дзён.
Квартал дактароў – раён лонданскага Вест-Энда, у межы якога ўваходзілі Кавендыш-сквер і Мэрылебан-роўд, дзе з ХІХ стагоддзя жыве шмат дактароў з прыватнай практыкай і знаходзіцца шэраг лякарняў.
«Пінкан» («Pink ‘Un») – літ. «Ружовая», размоўная назва газеты «Спортынг лайф», якая друкавалася на ружовай паперы.
Апавяданне было ўпершыню надрукаванае ў лютым 1892 году ў Strand Magazine.
Рэгенцтва – паміж 1811 і 1820 гадамі будучы кароль Англіі Георг ІV правіў краінай як рэгент пры сваім бацьку, каралю Георгу ІІІ, які пакутаваў на псіхічнае расстройства.
«…На сённяшні момант у нас жывуць гепард і павіян…» – у адрозненне ад гепардаў, якія сапраўды водзяцца ў Індыі, павіяны сустракаюцца толькі ў Афрыцы і на Аравійскім паўвостраве.
Індыйскія цыгары – гл. каментар да апавядання «Таямніца Боскамскай даліны».
«Элей» – маецца на ўвазе завод па вытворчасці боепрыпасаў для агнястрэльнай зброі, які быў заснаваны братамі Чарлзам і Ўільямам Элеямі ў Лондане ў 1820-х гадах. Незразумела, які рэвальвер меў доктар Ўотсан, бо ўласна агнястрэльнай зброі завод не вырабляў.