Мажны кліент самазадаволена выпнуў грудзі і выцягнуў з унутранай кішэні паліто брудную пакамечаную газету. Пакуль ён, падаўшыся наперад і расправіўшы газетную старонку на калене, шукаў патрэбнае месца ў калонцы аб’яваў, я ўважліва разглядаў яго, спрабуючы па абліччы і вопратцы здагадацца, што за чалавек перада мной, як гэта рабіў Холмс.
Але намаганні мае былі не дужа плённымі. Увесь выгляд наведніка казаў, што мы маем справу з нічым не адметным шараговым брытанскім гандляром – тлустым, пыхлівым і тугім на розум. На ім былі мехаватыя шэрыя нагавіцы з клятчастага цвіду, не сказаць каб надта чысты чорны сурдут, гузікі якога ён расшпіліў, і шэракарычневая камізэлька з цяжкім медным ланцужком, на якім вісела нейкае металічнае ўпрыгожанне з квадратнай адтулінай. Побач на фатэлі ляжалі ягоны паношаны цыліндр і выцвілае карычневае паліто з памятым аксамітным каўняром. Агляд не даў амаль нічога, можна было адзначыць хіба што неверагодную рудзізну валасоў і выраз прыкрасці і незадаволенасці на твары.
Мае спробы не засталіся таямніцай для пільнага вока Шэрлака Холмса. З усмешкай ён паківаў галавой, заўважыўшы мае цікаўныя позіркі.
– Апроч відавочных прыкметаў таго, што некалі містэр Ўілсан займаўся фізічнай працай, цяпер нюхае тытунь, уваходзіць у масонскую ложу, пабываў у Кітаі і зусім нядаўна спісаў процьму папераў, я і сам не патраплю сказаць болей.
Явіс Ўілсан падскочыў на крэсле, усё яшчэ прыціскаючы да газеты ўказальны палец, але скіраваўшы позірк на майго сябра.
– Але як, напрамілы Бог, вы пра ўсё гэта даведаліся, містэр Холмс? – выгукнуў ён. – Як вы, напрыклад, здагадаліся, што я займаўся фізічнай працай? Бо гэта чысцюткая праўда – я пачынаў як карабельны цясляр.
– Па вашых руках, мой дружа. Вашая правая рука заўважна большая за левую. Вы шмат працавалі, таму цягліцы на правай больш развітыя.
– Ну а пра тытунь тады і пра тое, што я масон?
– Мне не хочацца крыўдзіць вашую кемлівасць тлумачэннем, асабліва з улікам таго, што насуперак строгім правілам вашага ордэна вы носіце брошку з выявай цыркуля і навугольніка*.
– Праўда вашая, зусім забыўся на гэта. А што наконт пісаніны?
– А пра што яшчэ можа сведчыць пацёртасць вашай правай манжэты на пяць цаляў і зашмальцаваная латка на левым рукаве каля локця ў тым месцы, якім вы абапіраліся на пісьмовы стол?
– Ну а Кітай?
– Рыба, вытатуяваная над кісцю вашай рукі, магла быць зробленая толькі ў Кітаі. У свой час я крыху цікавіўся тэмай знакаў у татуіроўках і нават зрабіў свой унёсак у літаратуру па прадмеце. Фарбаванне рыбнай лускі ў далікатны ружовы характэрнае толькі для Кітая. А калі ў дадатак я бачу кітайскую манету на вашым ланцужку для гадзінніка, пытанне робіцца зусім простым.
Містэр Явіс Ўілсан гучна разрагатаўся.
– Гэта ж трэба! – выгукнуў ён. – Спачатку я быў падумаў, што вы адгадалі нейкім разумным спосабам, а цяпер бачу, што тут няма нічога такога.
– Я пачынаю падазраваць, Ўотсан, – сказаў Холмс, – што дарэмна ўсё патлумачыў. Ведаеце, omne ignotum pro magnifico.[1] Калі-небудзь недарэчная шчырасць загубіць маю рэпутацыю. Вы не знайшлі аб’яву, містэр Ўілсан?
– Ды вось жа яна, – адказаў той, трымаючы тоўсты чырвоны палец пасярэдзіне калонкі. – Тая самая, з якой усё пачалося. Вы самі пачытайце, сэр.
Я ўзяў у яго газету і прачытаў наступнае:
ВАКАНСІЯ Ў САЮЗЕ РУДЫХ. Паводле тэстаменту нябожчыка Езекіі Хопкінса (г. Лебанон, Пенсільванія, ЗША), адкрываецца новая вакансія для сябра Саюза. Заробак – 4 фунты на тыдзень, абавязкі – фармальныя. Прэтэндаваць на пасаду могуць фізічна і псіхічна здаровыя рудавалосыя мужчыны, не маладзейшыя за дваццаць адзін год. Заяўку неабходна падаць асабіста Дункану Росу ў панядзелак аб адзінаццатай па адрасе: Флітстрыт, Поўпскорт, дом 7, кантора Саюза.