– І што ўсё гэта значыць? – усклікнуў я, калі двойчы прабег вачыма незвычайную абвестку.
Холмс задаволена ўсміхнуўся і адкінуўся на спінку крэсла, як рабіў, калі быў у гуморы.
– Не надта шараговы выпадак, праўда? – сказаў ён. – Ну, а цяпер, містэр Ўілсан, раскажыце пра сябе, чым і як вы жывяце і якім чынам гэтая аб’ява паўплывала на вашае жыццё. Але спачатку вы, доктар, запішыце назву газеты і дату яе выхаду.
– Гэта «Монінг кронікл» за 27 кастрычніка 1890 году. Двухмесячнай даўніны выпуск.
– Выдатна. Вашая чарга, містэр Ўілсан.
– Ну, як я ўжо гаварыў вам, містэр Холмс, – пачаў Явіс Ўілсан, прамакнуўшы лоб насоўкай, – я трымаю невялікі ламбард на Кобург-сквер каля Сіці. Абарот не вельмі вялікі, і ў апошнія гады прыбытку хапае толькі на жыццё. Раней я яшчэ мог дазволіць сабе двух памочнікаў, цяпер жа ў стане ўтрымліваць усяго аднаго, і тое толькі таму, што ён пагадзіўся працаваць за палову заробка, каб мець магчымасць вучыцца нашай справе.
– Як завуць гэтага спагаднага маладзёна? – пацікавіўся Шэрлак Холмс.
– Завуць яго Вінсэнт Сполдынг, і я б не сказаў, што ён такі ўжо малады. Цяжка зразумець, колькі яму гадоў. Але галава ў яго працуе як трэба, містэр Холмс. Не сумняюся, што ён мог бы знайсці сабе лепшае месца і зарабляць удвая болей, чым у мяне. Але калі ён задаволены, навошта мне падказваць яму такія думкі?
– І сапраўды, навошта. Здаецца, вам здорава пашанцавала займець работніка за палову рынкавай цаны. У яго ўзросце рэдка хто пагодзіцца на такія ўмовы. Нават не ведаю, што мяне дзівіць больш – вашая абвестка ці ваш памочнік.
– Але ж і ён не без хібаў, – сказаў містэр Ўілсан. – Трэба яшчэ пашукаць такога звар’яцелага на фатаграфіі. Шчоўкае паўсюль камерай у той час, як мусіць вучыцца, а потым бяжыць у склеп, як трус у нару, каб фотакарткі праяўляць. Гэта ягоны галоўны недахоп, але агулам ён добры працаўнік. Неблагі хлопец.
– Я так разумею, ён усё яшчэ з вамі?
– Са мной, сэр. Ён ды яшчэ дзяўчына чатырнаццаці гадоў, яна кухарыць і прыбірае. А больш у доме нікога няма, бо я ўдавец і дзяцей не маю. Жывем мы вельмі ціха, сэр, утраіх, дах над галавой маем, па рахунках плацім, вось і ўсе нашыя справы.
Толькі з гэтай абвесткай усё змянілася. Сполдынг прыйшоў на працу акурат восем тыдняў таму з гэтай самай газетай у руцэ і кажа: «Мець бы мне Божую ласку быць рудым, містэр Ўілсан».
«Гэта навошта?» – пытаюся.
«А вось, – гаворыць, – тут у Саюзе рудых вакансія. Любому, хто яе атрымае, будуць плаціць кругленькую суму, і, наколькі разумею, месцаў больш, чым прэтэндэнтаў, таму апекуны не ведаюць, куды ім грошы падзець. Калі б толькі мае валасы змянілі колер, меў бы я добрую магчымасць крыху разжыцца манетай».
«Дык якая такая магчымасць?» – пытаю яго. Рэч у тым, містэр Холмс, што я вялікі дамасед, кліенты самі да мяне ходзяць, а мне да іх хадзіць не даводзіцца. Часта я тыднямі за ганак не сунуся, таму ведаю няшмат пра тое, што адбываецца ў свеце, і заўжды рады паслухаць навіны.
«Вы што, ніколі не чулі пра Саюз рудых?» – кажа мне ён з вырачанымі вачыма.
«Ніколі».
«Дзіўна, што так, бо вы цалкам падыходзіце на адну з іх вакансіяў».
«А колькі там плацяць?»
«О, усяго пару сотняў на год, але абавязкі лёгкія і асноўнай працы не замінаюць».
Няцяжка здагадацца, што тут я натапырыў вушы. Мае справы ўжо некалькі гадоў ішлі не найлепшым чынам, і дадатковая пара сотняў была б мне вельмі дарэчы.
«Раскажыце пра гэта падрабязней», – прашу я яго. Ён мне паказвае абвестку і кажа: «Самі можаце бачыць, што ў Саюзе ёсць вакансія. Вось адрас, куды звяртацца па інфармацыю. Як я разумею, Саюз заснаваў амерыканскі мільянер Езекія Хопкінс, які быў трохі дзівакаватым. Ён сам быў рудым і цёпла ставіўся да ўсіх рудавалосых, а калі памёр, высветлілася, што ўсю сваю немалую маёмасць ён пакінуў апекунам, наказаўшы ім забяспечваць лёгкай падпрацоўкай людзей з такім колерам валасоў. Я чуў, што плацяць там добра, а рабіць трэба мала».
«Але ж, – кажу, – тады б мільёны рудых адпраўлялі туды заявы».
«Не так шмат, як можа падацца, – ён мне адказвае. – Бяруць толькі лонданцаў і толькі поўнагадовых мужчын. Той амерыканец у маладосці пачынаў кар’еру ў Лондане і хацеў аддзячыць старому гораду. Да таго ж я чуў, што не мае сэнсу падаваць на вакансію, калі ты рудаваты бландын ці шатэн з рудым адлівам, карацей, нікому, апроч сапраўды яркіх, відавочных, вогненна-рудых, нічога не свеціць. І калі б вам захацелася падаць заяву, містэр Ўілсан, вас бы акурат узялі. Але, мабыць, вам не захочацца асабліва варушыцца дзеля нейкай пары сотняў фунтаў на год».