Валасы ў мяне, джэнтльмены, як вы самі можаце пераканацца, вельмі насычанага і багатага колеру, таму мне падалося, што калі рэч менавіта ў гэтым, то я магу скласці канкурэнцыю каму заўгодна. Вінсэнт Сполдынг выказаў вялікую абазнанасць у тэме, таму я падумаў, што ён можа быць мне карысны, загадаў яму зачыніць жалюзі і ўзяў з сабой. Ён вельмі ўзрадаваўся выходнаму, мы замкнулі ламбард і выправіліся на адрас, пазначаны ў абвестцы.
Наўрад ці мне давядзецца яшчэ калі-небудзь убачыць такое відовішча, містэр Холмс. З поўначы, поўдня, усходу і захаду цягнуліся ў Сіці ўсе, хто прачытаў абвестку і меў хаця б якую рудзізну. Фліт-стрыт была проста забітая рудымі, а Поўпс-корт нагадваў вулічны латок з апельсінамі. Я і не думаў, што ў краіне набярэцца столькі рудых, колькі прыйшло па адной-адзінай аб’яве. Там былі ўсе адценні: саламянае, лімоннае, апельсінавае, адценні цэглы, ірландскага сэтэра, пячонкі, гліны, але, як Сполдынг і казаў, сапраўднага вогненна-рудога колеру было не так і шмат. Калі я ўбачыў, як шмат ахвочых, то хацеў быў кінуць дурное і пайсці, але Сполдынг не жадаў і чуць пра гэта. Не знаю, як яму гэта ўдалося, але ён уплішчыўся між людзей, пацягнуў мяне за сабой, прасоўваў наперад і неўзабаве правёў скрозь натоўп проста да сходаў. Там было дзве плыні: адны з надзеяй рухаліся ўверх, а іншыя з сумнымі тварамі спускаліся, але мы, як і раней, праслізнулі міма і хутка зайшлі ў кантору.
– Ваш расказ здаецца мне ў найвышэйшай ступені займальным, – зазначыў Холмс, калі кліент спыніўся, каб асвяжыць успаміны ладнай панюшкай тытуню. – Майце ж ласку, працягвайце свой надзвычай цікавы аповед.
– У канторы не было нічога, апроч пары драўляных крэслаў і простага стала, за якім сядзеў невысокі чалавек, яшчэ рудзейшы за мяне. Ён казаў некалькі словаў кожнаму кандыдату, які да яго падыходзіў, і штораз патрапляў знайсці нейкую хібу, якая рабіла таго непрыдатным. У такім святле атрымаць пасаду здавалася справай зусім нялёгкай. Тым не менш, калі падышла нашая чарга, той карантыш паставіўся да мяне з нашмат большай прыхільнасцю, чым да ўсіх астатніх, і прычыніў дзверы, каб пагаварыць з намі прыватна.
«Гэта містэр Явіс Ўілсан, – сказаў мой памочнік, – ён жадае заняць вакансію ў Саюзе».
«І ён найлепшым чынам нам пасуе, – адказаў той. – Адпавядае ўсім патрабаванням. Не прыгадаю, каб я бачыў штосьці настолькі цудоўнае».
Ён адышоў на крок, задзёр галаву, нахіліўшы яе набок, і пачаў так захоплена разглядаць мае валасы, што я ажно засаромеўся. Потым нечакана рвануўся наперад, сціснуў мне руку і цёпла павіншаваў з поспехам.
«Сумнявацца тут не даводзіцца, – сказаў ён. – І ўсё ж я спадзяюся, што вы прабачыце мне неабходныя меры перасцярогі».
З гэтымі словамі ён абедзвюма рукамі ўхапіў мяне за валоссе і цягнуў, пакуль я не ўскрыкнуў ад болю.
«Вашыя вочы ўвільгатніліся, – сказаў ён, калі адпусціў мяне. – Мяркую, усё так, як і мусіць быць. Але мы вымушаныя быць асцярожнымі, бо двойчы нас падманвалі з дапамогай парыкоў і аднойчы – з дапамогай фарбы. Я мог бы расказаць вам гісторыі пра шавецкі воск, якія пазбавілі б вас веры ў чалавечую дабрадзейнасць».
Ён адышоў да акна і на ўсю моц крыкнуў, што вакансія занятая. Знізу пачуўся стогн расчаравання, і народ пачаў разыходзіцца ў розныя бакі, пакуль у ваколіцах не засталося ніводнага рудога, апроч мяне і майго наймальніка.
«Мяне завуць Дункан Рос, – сказаў ён, – і я сам адзін са стыпендыятаў фонду, які пакінуў наш высакародны дабрачынец. Вы жанатыя, містэр Ўілсан? У вас ёсць дзеці?»
Я адказаў, што не. Ягоны твар адразу ж спахмурнеў.
«Як недарэчы! – сказаў ён з прыкрасцю. – Гэта сапраўды вельмі важна! Мне шкада гэта чуць. Фонд, вядома ж, створаны для таго, каб рудыя множыліся і распаўсюджваліся і маглі ўтрымліваць свае сем’і. Так няўдала, што сродкі пойдуць на падтрымку халасцяка».
У мяне пры гэтым выцягнуўся твар, містэр Холмс, бо я падумаў, што не лёс мне атрымаць гэтую працу. Але па нядоўгім роздуме Рос запэўніў мяне, што ўсё мусіць быць добра.
«Калі раптам што, – сказаў ён, – пярэчанні непазбежна будуць вельмі сур’ёзныя, але будзем ціснуць на тое, што вы чалавек з выключным колерам валасоў. Калі вы можаце прыступіць да сваіх новых абавязкаў?»
«Невялікая нязручнасць у тым, што я ўжо маю бізнэс», – заікнуўся я.
«О, пра гэта не хвалюйцеся, містэр Ўілсан! – сказаў Вінсэнт Сполдынг. – Я прасачу за ім замест вас».
«А якія гадзіны працоўныя?» – запытаўся я.