«З дзясятай да другой».
У ламбард людзі збольшага ходзяць вечарамі, містэр Холмс, галоўным чынам у чацвяргі і пятніцы перад заробкам, таму мне была б вельмі зручнай падпрацоўка ў ранішні час. Апроч таго, я ведаў, што памочнік мой – чалавек надзейны і дасць рады ў любой справе.
«Мне гэта вельмі пасуе, – сказаў я. – А плата якая?»
«Чатыры фунты на тыдзень».
«А абавязкі?»
«Чыста намінальныя».
«Што вы маеце на ўвазе пад намінальнымі абавязкамі?»
«Ну, вам давядзецца прысутнічаць у канторы ці, прынамсі, у гэтым будынку ўвесь працоўны час. Калі сыдзеце, то назаўжды пазбавіцеся пасады. У тэстаменце гэты пункт вельмі ясна прапісаны. Калі пакідаеце кантору ў гэтыя гадзіны, то парушаеце ўмовы».
«Гэта ўсяго чатыры гадзіны на тыдзень, наўрад ці мне захочацца кудысьці пайсці», – сказаў я.
«Тут нішто не можа лічыцца выбачэннем, – сказаў Дункан Рос, – ні хвароба, ні справа, ні нешта іншае. Мусіце заставацца на месцы або страчваеце пасаду».
«Дык а рабіць што трэба?»
«Перапісваць энцыклапедыю «Брытаніка». Вось тут, у шафе, стаіць першы том. Вы мусіце мець сваё чарніла, асадкі і прамакальную паперу, мы вас забяспечваем вось гэтым сталом і крэслам. Заўтра зможаце пачаць?»
«Вядома», – адказаў я.
«Ну, то да сустрэчы, містэр Явіс Ўілсан, і дазвольце мне яшчэ раз павіншаваць вас з важнай пасадай, якую вам пашчасціла атрымаць».
Потым мы раскланяліся, і я са сваім памочнікам пайшоў дахаты, не ведаючы, што пасля ўсяго казаць ці рабіць, – так я быў задаволены сваім шанцаваннем.
І вось я разважаў пра гэтую справу ўвесь дзень і ўжо ўвечары зноў быў не ў гуморы, бо пераканаў сябе, што ўся гэтая заварушка – мабыць, вялікая афера, нейкае махлярства, хоць для чаго яно патрэбнае, не мог узяць на цям. Ва ўсё разам верылася цяжка – і ў тое, што нехта мог пакінуць такі тэстамент, і што вялікія грошы будуць плаціць за настолькі простую працу, як перапісванне энцыклапедыі «Брытаніка». Вінсэнт Сполдынг як мог падбадзёрваў мяне, але перад сном я быў пэўны, што выходжу з гэтай справы. Тым не менш зранку я вырашыў усё-ткі схадзіць зірнуць на тую працу, купіў шклянку чарніла на пені, прыхапіў пер’евую асадку, сем вялікіх аркушаў і выправіўся на Поўпс-корт.
Я быў прыемна здзіўлены, што ўсё аказалася так, як мы і дамаўляліся. Для мяне стаяў падрыхтаваны стол, і містэр Дункан Рос быў на месцы, каб праверыць, ці выйшаў я на працу. Ён разгарнуў перада мной энцыклапедыю на літары «А» і неўзабаве пайшоў, але час ад часу вяртаўся, каб паглядзець, ці ўсё добра. А другой ён пазычыў мне добрага дня, пахваліў за колькасць перапісанага і замкнуў кантору.
Так паўтаралася з дня ў дзень, містэр Холмс, а ў суботу мой кіраўнік паклаў мне на стол чатыры залатыя саверэны за тыднёвую працу. Гэтак жа было на наступным тыдні і яшчэ праз тыдзень. Штораніцы я прыходзіў а дзясятай і сыходзіў удзень а другой. Праз нейкі час містэр Дункан Рос прыходзіў ужо толькі адзін раз уранку, а потым і зусім перастаў. І ўсё ж, вядома, я не адважваўся пакідаць кабінет ні на імгненне, бо не ведаў, калі той можа завітаць, да таго ж пасада была настолькі добрая і так мне падыходзіла, што я ніколі не рызыкнуў бы страціць яе.
Гэтак прайшло восем тыдняў, і я ўжо перапісаў пра абатаў, і Абісінію, і абмундзіраванне, і археалогію, і архітэктуру і спадзяваўся пры належнай руплівасці неўзабаве дайсці да артыкулаў на «Б». На перапіску пайшло даволі шмат паперы, спісаныя аркушы займалі амаль усю паліцу. І тут раптам прыйшоў канец усёй справе.
– Канец?
– Менавіта, сэр. Гэтай во самай раніцай. Як звычайна, я з’явіўся на працу а дзясятай, але дзверы былі зачыненыя і замкнёныя, а пасярэдзіне прыбітая квадратная кардонка. Вось яна, можаце самі паглядзець.
Ён паказаў нам кавалак белага кардону памерам з аркуш для нататак. Надпіс быў наступны:
САЮЗ РУДЫХ РАСПУШЧАНЫ
9 кастрычніка 1890
Мы з Шэрлакам Холмсам сузіралі гэтую абвестку і маркотны твар за ёю, пакуль камізм сітуацыі не перамог усе астатнія думкі і мы проста не разрагаталіся.
– Не бачу тут нічога смешнага! – выгукнуў наш кліент, пачырванеўшы да самых кончыкаў свайго вогненнага валосся. – Калі не можаце прыдумаць нічога лепшага, як пасмяяцца, дык я магу пайсці да каго іншага.
– Не-не, – паспяшаўся супакоіць Холмс, вяртаючы кліента на крэсла, з якога той ужо амаль ускочыў. – Ні за што на свеце мне б не хацелася прапусціць ваш выпадак. Ён незвычайна свежы. І ўсё ж ёсць у ім, калі вы прабачыце мне гэтыя словы, штосьці вясёлае. Прашу, раскажыце, што вы зрабілі, калі знайшлі гэтую кардонку на дзвярах.
– Я быў агаломшаны, сэр. Не ведаў, што і рабіць. Прайшоўся па канторах па суседстве, але, падобна, ніхто нічога не ведаў пра гэта. Нарэшце я зайшоў да домаўладальніка – гэта бухгалтар, які жыве на першым паверсе, – і спытаўся ў яго, што здарылася з Саюзам рудых. Той адказаў, што ніколі не чуў пра такую арганізацыю. Тады я спытаў, хто такі Дункан Рос. Ён сказаў, што ўпершыню чуе гэтае імя.