«Гэта ж джэнтльмен з канторы № 4», – сказаў я.
«Такі рудавалосы?»
«Так».
«О, – сказаў ён, – яго завуць Ўільям Морыс. Ён адвакат і выкарыстоўваў маё памяшканне часова, пакуль не будзе гатовы яго новы прыёмны пакой. Ён выехаў учора».
«А дзе я магу яго знайсці?»
«Ён даў мне новы адрас. Кінг-Эдвардс-стрыт, 17, каля сабора святога Паўла».
Я паехаў туды, містэр Холмс, але там толькі мануфактура па вырабе штучных каленных чашачак, дзе ніхто ніколі не чуў ні пра містэра Ўільяма Морыса, ні пра Дункана Роса.
– І што вы зрабілі потым? – запытаўся Холмс.
– Паехаў дахаты на Сакс-Кобург-сквер, каб параіцца са сваім памочнікам. Але ён ніяк не змог дапамагчы. Толькі сказаў мне, што калі я пачакаю, то, мусіць, атрымаю поштай паведамленне. Але мяне гэта не задаволіла, містэр Холмс. Мне не хацелася страчваць такое месца без барацьбы, і таму, ведаючы пра вас як пра добрага чалавека, гатовага даваць парады бедакам, якім патрэбная дапамога, я проста да вас і прыйшоў.
– І вельмі мудра зрабілі, – сказаў Холмс. – Ваш выпадак неверагодна адметны, і я з радасцю займуся ім. Мяркуючы па вашым расказе, наступствы гэтай гісторыі могуць быць больш сур’ёзнымі, чым падаецца з першага погляду.
– Яшчэ б яны былі несур’ёзнымі! – абурыўся Явіс Ўілсан. – Я ж страчваю фунт на тыдзень.
– Што да вас асабіста, то не думаю, што вам варта скардзіцца на гэты дзіўны саюз, – зазначыў Холмс. – Наадварот, як я разумею, вы разбагацелі больш чым на трыццаць фунтаў, не кажучы ўжо пра грунтоўныя веды, якія набылі па ўсіх прадметах, што пачынаюцца на «А». Тут вы ніяк не пацярпелі.
– Не, сэр. Але я хачу даведацца пра той Саюз, хто яны такія і чаго хацелі дамагчыся сваімі хітрыкамі – калі ўсё ж тут ёсць нейкія хітрыкі. Дарагаваты выйшаў у іх жарт, каштаваў ім трыццаць два фунты.
– Мы паспрабуем разабрацца з гэтым для вас. Для пачатку адкажыце мне на некалькі пытанняў, містэр Ўілсан. Гэты ваш памочнік, які прыцягнуў вашую ўвагу да абвесткі, на той момант даўно на вас працаваў?
– Дзесьці месяц.
– А як вы яго знайшлі?
– Па аб’яве.
– Ён быў адзіны, хто прыйшоў?
– Не, прэтэндэнтаў быў цэлы тузін.
– А чаму вы абралі менавіта яго?
– Бо ён меў досвед і прасіў мала.
– Паўзаробка, вы казалі.
– Так.
– Як выглядае гэты Вінсэнт Сполдынг?
– Нізкага росту, таўставаты, увішны такі, вусы ў яго не растуць, хоць яму ўжо пад трыццаць. На ілбе белы шнар ад кіслотнага апёку.
Холмс сядзеў на крэсле, заўважна ўзрушаны.
– Я так і думаў, – сказаў ён. – А вы не заўважылі, ці праколатыя ў яго вушы?
– Праколатыя, сэр. Ён мне сказаў, што ў дзяцінстве іх пракалола цыганка.
– Хм! – Холмс задумаўся, адкінуўшыся на спінку крэсла. – Ён усё яшчэ з вамі?
– Вядома, сэр. Я толькі што яго пакінуў.
– А кліенты да вас хадзілі ў вашую адсутнасць?
– Тут можна не хвалявацца, сэр. Уранку працы збольшага не бывае.
– Што ж, фактаў дастаткова, містэр Ўілсан. Праз дзень-два я з задавальненнем паведамлю вам, да якіх высноваў прыйшоў. Сёння субота, і, спадзяюся, да панядзелка ў нас ужо будзе разгадка.
– Ну, што думаеце, Ўотсан? – спытаўся Холмс, калі госць нас пакінуў.
– Ніводнай думкі, – шчыра адказаў я. – Вельмі дзіўны выпадак.
– Звычайна, – сказаў Холмс, – чым дзіўнейшай падаецца справа, тым менш дзівосаў яна ўтрымлівае. Найцяжэй разабрацца з тыповымі, нічым не адметнымі злачынствамі, гэтак жа як пазнаць чалавека з тыповым тварам. А тут, мяркую, я спраўлюся ў імгненне вока.
– З чаго ж вы пачняце? – запытаўся я.
– З курэння, – адказаў мне ён. – Гэта праблема на тры люлькі, і я папрашу вас не размаўляць са мной пяцьдзясят хвілін.
Ён згорбіўся на крэсле, узняўшы вострыя калені так, што ледзь не ўпіраўся ў іх сваім ястрабіным носам, заплюшчыў вочы і сцішыўся – яго чорная гліняная люлька нагадвала дзюбу нейкай дзіўнай птушкі. Я прыйшоў да высновы, што ён заснуў, і ўжо сам пачынаў вадзіць носам, калі раптам Холмс сарваўся з крэсла з выглядам чалавека, які на нешта наважыўся, і адклаў люльку на камін.
– Сарасатэ* грае сёння ўвечары ў Сэнт-Джэймсхоле, – сказаў ён. – Ўотсан, як думаеце, вашыя пацыенты абыдуцца без вас некалькі гадзін?
– Я не заняты. Мая практыка не адбірае шмат часу.
– Тады надзявайце капялюш і складзіце мне кампанію. Спачатку мне трэба ў Сіці, а па дарозе можам дзе-небудзь паабедаць. Бачу, што ў праграме даволі шмат нямецкай музыкі, якая падабаецца мне больш за італьянскую ці французскую. У ёй больш рэфлексіі, а мне хочацца рэфлексаваць. Хадземце!