– Так, і туды таксама.
– А ў мяне ёсць справа на некалькі гадзін. Гісторыя на Кобург-сквер сур’ёзная.
– Чаму сур’ёзная?
– Тут плануецца буйное злачынства. Маю падставы думаць, што мы паспеем яго спыніць. Але тое, што сёння субота, усё ўскладняе. Увечары мне спатрэбіцца вашая дапамога.
– А якой гадзіне?
– А дзясятай будзе ў самы раз.
– Буду а дзясятай на Бэйкер-стрыт.
– Выдатна. І паслухайце, доктар, можа стацца, што там будзе небяспечна. Зрабіце ласку і пакладзіце ў кішэню рэвальвер, які застаўся ў вас са службы.
Ён махнуў мне рукой, павярнуўся і імкліва знік у натоўпе.
Даю слова, што я не дурнейшы за іншых, але маючы справу з Шэрлакам Холмсам, я часта пачуваўся прыгнечаным праз пачуццё ўласнай тупасці. Вось жа, я чуў тое самае, што і ён, назіраў тое самае, але з ягоных словаў вынікала, што ён ясна бачыў не толькі ўжо здзейсненае, але і тое, што яшчэ мае здзейсніцца, у той час як для мяне ўсё заставалася гэткім жа заблытаным і абсурдным. Едучы дахаты ў Кенсінгтан, я спрабаваў прыгадаць усе дэталі гэтай гісторыі, ад дзіўнага расказу рудавалосага капіявальніка энцыклапедыі да нашага візіту на СаксКобург-сквер і злавесных словаў, якія сказаў мне Холмс на развітанне. Што за начная вылазка нас чакала і чаму мне трэба было браць рэвальвер? Куды мы збіраліся ісці і што рабіць? Холмс даў зразумець, што той гладкашчокі памочнік у ламбардзе – грозны супернік, чалавек, які, магчыма, вядзе гульню з высокімі стаўкамі. У маёй галаве ніяк не складалася агульная карціна, і я роспачна здаўся, спадзеючыся, што ўначы атрымаю ўсе тлумачэнні.
А палове дзясятай я выйшаў з дому і праз парк, а потым праз Оксфард-стрыт скіраваўся да Бэйкер-стрыт. Ля дзвярэй майго сябра стаялі два экіпажы, а калі я зайшоў у вітальню, то пачуў галасы зверху. Па лесвіцы я ўзняўся ў пакой Холмса і ўбачыў, што той ажыўлена гутарыць з двума наведнікамі – агентам паліцыі Пітэрам Джонсам і незнаёмым мне цыбатым і сумным чалавекам у бліскучым цыліндры і гнятліва бездакорным сурдуце.
– Ха! Уся кампанія ў зборы, – сказаў Холмс, зашпільваючы верхні гузік марской курткі і здымаючы з паліцы цяжкае дзяржальна ад паляўніцкай пугі. – Ўотсан, вы, мусіць, памятаеце містэра Джонса са Скотланд-Ярда? Дазвольце вас прадставіць містэру Мэрыўэзэру, які далучыцца да нашай сённяшняй вылазкі.
– Бачыце, доктар, мы зноў выходзім на паляванне разам, – сказаў Джонс з уласцівай яму фанабэрыяй. – Наш сябар выдатна ладзіць пагоні. Усё, што яму патрэбна, – гэта каб бывалы ганчак дапамог яму загнаць звера.
– Спадзяюся, у паляванні мы не абмяжуемся дзікай гуссю, – змрочна заўважыў містэр Мэрыўэзэр.
– Вы можаце цалкам давяраць містэру Холмсу, сэр, – фанабэрліва адказаў агент паліцыі. – У яго свая хітрая метода, магчыма, ён трохі зашмат тэарэтызуе і фантазіруе, калі мне будзе дазволена так сказаць, але падае надзеі як дэтэктыў. Варта згадаць хаця б тое, што ў справе з забойствам Шолта і скарбамі Агры ён раз ці два ледзь не абскакаў афіцыйны вышук.
– О, калі вы так кажаце, містэр Джонс, то ўсё добра, – пачціва сказаў незнаёмец. – І ўсё ж мне так шкада прапускаць гульню ў робер-брыдж. Гэта мая першая субота без брыджу за дваццаць сем гадоў.
– Мяркую, вы разумееце, што вашая стаўка ў сённяшняй гульні нашмат вышэйшая за ўсе ранейшыя і што гульня больш захапляльная. Вы, містэр Мэрыўэзэр, згуляеце на трыццаць тысяч фунтаў, а вы, містэр Джонс, – на чалавека, да якога хочаце дабрацца.
– Джон Клэй, забойца, злодзей, махляр і фальшываманетчык. Гэта малады чалавек, містэр Мэрыўэзэр, але ў сваёй прафесіі ён пераўзышоў усіх. Сярод крымінальнікаў Лондана менавіта на яго я больш за ўсё хачу надзець кайданкі. Ён адметны чалавек, гэты маладзён Клэй. Яго дзед – герцаг, а сам ён вучыўся ў Ітане і Оксфардзе. Яго розум такі ж вёрткі, як і пальцы, і нягледзячы на тое, што яго след сустракаецца нам тут і там, мы ніяк не можам знайсці яго самога. Вось ён абкрадае багаты дом у Шатландыі, а на наступным тыдні ўжо збірае грошы на будаўніцтва дзіцячага дома ў Корнуале. Я іду па ягоным следзе ўжо некалькі гадоў, але так і не пабачыў яго на свае вочы.
– Спадзяюся, сёння мне выпадзе магчымасць вас прадставіць. Раз ці два я таксама сутыкаўся з тым, што ўчыніў Джон Клэй, і пагаджуся, што ў сваёй прафесіі яму няма роўных. Між тым цяпер палова на адзінаццатую, час выходзіць. Прапаную вам двум сесці ў першы экіпаж, а мы з Ўотсанам паедзем следам у другім.
Падчас доўгай паездкі Шэрлак Холмс быў не асабліва гаваркі і, адкінуўшыся на спінку сядзення, вуркатаў мелодыі, пачутыя ўвечары. Колы кэба грукаталі па бясконцым лабірынце асветленых газавымі ліхтарамі вуліц, пакуль мы не прыбылі на Фарынгтан-стрыт.