– Адсюль ужо недалёка, – сказаў мой сябар. – Гэты Мэрыўэзэр – дырэктар банка, ён асабіста зацікаўлены ў справе. Я падумаў, што добра будзе задзейнічаць і Джонса. Ён хлопец неблагі і, хоць у сваёй прафесіі абсалютны ідыёт, мае станоўчыя рысы. Ён бясстрашны, як бульдог, і ўчэпісты, як амар, калі ўжо нехта трапіцца яму ў клюшні. Дарэчы, мы прыехалі, вунь яны нас чакаюць.
Мы апынуліся на той самай люднай вуліцы, дзе былі раніцай. Адпусціўшы экіпажы, мы скіраваліся за містэрам Мэрыўэзэрам, які правёў нас праз вузкі праход і бакавыя дзверы, якія ён адчыніў. За імі быў кароткі калідор, які заканчваўся таўшчэзнай жалезнай брамай. Яе нам таксама адчынілі, і мы спусціліся па каменных прыступках пакручастай лесвіцы да другой вялізнай брамы. Містэр Мэрыўэзэр спыніўся, каб запаліць ліхтар, а потым павёў нас праз цёмны праход, дзе пахла зямлёй, і нарэшце, ужо пасля трэціх дзвярэй, мы ўвайшлі ў нейкае шырокае сховішча ці склеп з мноствам вялікіх скрыняў, пастаўленых адна на адну.
– Зверху да вас няпроста прабрацца, – заўважыў Холмс, прыўзняўшы ліхтар, каб агледзецца.
– Знізу таксама, – адказаў містэр Мэрыўэзэр і пагрукаў кіем па падлозе, выкладзенай плітамі. – Хм, што такое? Падобна, там паражня! – здзіўлена выгукнуў ён.
– Калі ласка, трошкі цішэй! – сярдзіта шыкнуў Холмс. – Вы толькі што рызыкавалі поспехам усёй нашай аперацыі. – Магу я папрасіць вас ласкава сесці вось на гэтыя скрыні і больш не ўмешвацца?
Паважны містэр Мэрыўэзэр узбіўся на скрыню з вельмі пакрыўджаным выглядам, а Холмс укленчыў на падлозе і, падсвечваючы сабе ліхтаром, уважліва агледзеў шчыліны паміж камянямі з дапамогай павелічальнага шкла. На гэта яму спатрэбілася некалькі секунд, пасля чаго ён зноў падхапіўся і сунуў лупу ў кішэню.
– У нас яшчэ прынамсі гадзіна, – сказаў ён. – Наўрад ці яны адважацца на нейкія крокі, пакуль наш добры гаспадар ламбарда не пакладзецца спаць. Але потым яны не будуць губляць ні хвіліны, бо чым хутчэй яны зробяць справу, тым больш часу ў іх застанецца на ўцёкі. Доктар, як вы, безумоўна, ужо здагадаліся, мы знаходзімся ў сховішчы гарадскога аддзялення аднаго з галоўных лонданскіх банкаў. Містэр Мэрыўэзэр – старшыня рады дырэктараў, і ён можа патлумачыць вам, чаму самыя дзёрзкія крымінальнікі Лондана сёння маюць асаблівую цікавасць менавіта да гэтага сховішча.
– Гэта ўсё праз нашае французскае золата, – шапнуў дырэктар. – Нас неаднакроць папярэджвалі, што на яго могуць паквапіцца.
– Французскае золата?
– Менавіта. Некалькі месяцаў таму нам выпала магчымасць падмацаваць свае рэсурсы, і з гэтай мэтай мы пазычылі трыццаць тысячаў напалеандораў у Банка Францыі. Нейкім чынам вонкі прасачылася інфармацыя пра тое, што нам не давялося распакаваць грошы і што яны ўсё яшчэ ляжаць у сховішчы. У скрыні, на якой я сяджу, – дзве тысячы напалеандораў, перакладзеных свінцовай фольгай. Наш залаты запас нашмат большы за той, што звычайна захоўваецца ў асобным банкаўскім аддзяленні, гэтая акалічнасць вельмі непакоіла раду дырэктараў.
– І далёка не беспадстаўна, – заўважыў Холмс. – А зараз самы час падрыхтавацца. Мяркую, што праз гадзіну справа ўжо будзе зробленая. Але пакуль што, містэр Мэрыўэзэр, нам трэба прыкрыць ліхтар шторкай.
– І сядзець у цемры?
– На жаль. Я паклаў у кішэню калоду карт са спадзевам, што, паколькі нас акурат чацвёра, такая сабе partie carrée,[2] вы ўсё ж атрымаеце сваю партыю ў робер-брыдж. Але бачу, што вораг ужо блізка, таму мы не можам рызыкаваць, пакідаючы святло. Перш за ўсё нам трэба заняць пазіцыі. Гэта дзёрзкія людзі, і, хоць мы будзем для іх нечаканай нязручнасцю, яны могуць быць небяспечнымі, калі не засцерагчыся. Я стану за гэтай скрыняй, а вас папрашу схавацца за вунь тымі. Калі я запалю святло, неадкладна хапайце злодзеяў. Ўотсан, каля яны стрэляць, не вагайцеся і страляйце ў іх таксама.
Я ўзвёў курок і паклаў рэвальвер на драўляную скрыню, за якой мне давялося скурчыцца. Холмс спусціў шторку ў лямпы, і нас агарнула абсалютная цемра, з якой я ніколі раней не сутыкаўся. Толькі пах гарачага металу сведчыў, што святло ўсё яшчэ з намі, гатовае разліцца ў імгненне вока. Праз напружанае чаканне мае нервы былі напятыя як струны, таму раптоўны змрок і халоднае сырое паветра сутарэнняў прыгняталі.
– Шлях да адступлення ў іх толькі адзін, – шапнуў Холмс. – Назад праз дом на Сакс-Кобург-сквер. – Спадзяюся, вы зрабілі тое, аб чым я вас прасіў, Джонс?
– Ля галоўнага ўвахода чакаюць інспектар і два афіцэры.
– Значыць, мы перакрылі ўсе выхады. Цяпер нам трэба стаіцца і чакаць.