Як толькі мы ператрывалі гэты час… Пазней, пераглядаючы свае запісы, я падлічыў, што прайшла ўсяго гадзіна з чвэрцю, але тады мне падалося, што прамінула амаль цэлая ноч і наверсе ўжо разгараўся світанак. Я стаміўся і здранцвеў, бо баяўся варушыцца, але ўсё ж быў напагатове, мой слых так абвастрыўся, што я не толькі чуў сцішанае дыханне маіх кампаньёнаў, але і мог адрозніць глыбейшае і цяжкае дыханне мажнога Джонса ад тонкіх гукаў, якія выдаваў дырэктар банка. Са свайго месца я меў магчымасць паглядаць паўзверх скрыні на падлогу. Раптоўна мой позірк ухапіў пробліск святла. Спярша гэта быў слабы бляск паміж каменнымі плітамі, які разросся ў жоўтую лінію, а потым знянацку бязгучна адкрылася нейкая адтуліна, адкуль паказалася рука, белая, падобная да жаночай, якая абмацала асветлены лапік падлогі. Хвіліну ці больш гэтая рука з рухавымі пальцамі вытыркалася з падлогі. Потым яна знікла гэтак жа нечакана, як і з’явілася, усё ізноў ахутала цемра, і толькі тонкая палоска святла пазначала сабой расколіну паміж камянямі. Але цягнулася гэта нядоўга. Адзін з шырокіх белых камянёў цяжка пасунуўся ўгару і адваліўся ўбок. На яго месцы цяпер зеўрала квадратная дзіра, з якой струменілася святло ліхтара. Адтуль паказаўся гладкашчокі хлапечы твар і цікаўна агледзеўся, потым дзве рукі ўхапіліся за берагі праёма, паказаліся плечы і тулава, і нарэшце чалавек, абапёршыся на калена, вылез цалкам. У наступны момант ён ужо стаяў побач з праёмам і выцягваў свайго супольніка, такога ж спрытнага і невысокага, як і ён сам, з вельмі светлай скурай і кучмай надзвычай рудога валосся.
– Усё чыста, – шапнуў ён. – Давай сюды стамеску і торбы. Вось жа чорт! Назад, Арчы, назад, я сам разбяруся!
Тут Шэрлак Холмс схапіў нязванага госця за каўнер. Яго прыяцель знік пад зямлёй, і я пачуў, як парвалася яго вопратка, бо Джонс паспеў учапіцца за яе. У промні ліхтара бліснула руля рэвальвера, але дзяржальна паляўніцкай пугі Холмса прыйшлося акурат па руцэ, якая яго трымала, і пісталет бразнуўся аб каменную падлогу.
– Усё скончана, Джон Клэй, – спакойна рэзюмаваў Холмс. – У вас няма выйсця.
– Я разумею, – адказаў той з найввялікшай вытрымкай. – Але прынамсі я рады, што мой сябар выбраўся, хаця, гляджу, вы захапілі ў палон фалду яго сурдута.
– На выхадзе яго чакаюць тры палісмены, – сказаў Холмс.
– Праўда? Падобна, што вы дасканала падрыхтаваліся. Мушу зрабіць вам камплімент.
– А я вам, – адказаў Холмс. – Вашая ідэя з Саюзам рудых вельмі свежая і ўдалая.
– Хутка вы зноў убачыцеся са сваім дружбаком, – сказаў Джонс. – У скоках у норы ён спрытнейшы за мяне. Але трымайцеся, калі я сам ладжу дэрбі*.
– Прашу не чапаць мяне бруднымі рукамі, – сказаў наш палонны, калі Джонс зашчоўкнуў на яго запясцях кайданкі. – Хай вам будзе вядома, што ў маіх жылах цячэ каралеўская кроў. І калі звяртаецеся да мяне, заўжды кажыце «сэр» і «калі ласка».
– Добра, – сказаў Джонс, уважліва зірнуўшы на яго і ўхмыльнуўшыся. – Ну што, сэр, калі ласка, крокам руш наверх, дзе вам пададуць кэб, які завязе вашую вялікасць у паліцэйскі пастарунак!
– Так ужо лепей, – сцішана сказаў Джон Клэй.
Ён кіўнуў нам тром на развітанне і ціха выйшаў у суправаджэнні інспектара.
– Містэр Холмс, я не ведаю, як банк можа аддзячыць ці адплаціць вам, – сказаў містэр Мэрыўэзэр, калі мы выходзілі са сховішча за імі. – Без сумневаў, вы раскрылі і змаглі прадухіліць найбольш дзёрзкую на маёй памяці спробу абрабаваць банк.
– Мне і самому трэба было звесці такія-сякія рахункі з містэрам Джонам Клэем, – сказаў Холмс. – Спадзяюся, банк мне кампенсуе невялікія выдаткі ў гэтай справе, але што да ўсяго астатняга, я ўжо шчодра ўзнагароджаны самой магчымасцю атрымаць такі ўнікальны досвед – паслухаць цудоўную гісторыю пра Саюз рудых.
– Разумееце, Ўотсан, з самага пачатку было відавочна, што адзінай магчымай мэтай усяго гэтага фантастычнага пражэкта з Саюзам і перапісваннем энцыклапедыі было прыбраць з дарогі на некалькі гадзін кожны дзень нашага не надта кемлівага ўладальніка ламбарда, – патлумачыў мне Холмс ужо на світанку, калі мы сядзелі з ім за келіхам віскі з содавай на Бэйкер-стрыт. – Абставілі ўсё незвычайна, лепш і не прыдумаеш. Несумненна, ідэя прыйшла ў светлы розум Клэя дзякуючы колеру валасоў яго суўдзельніка. Чатыры фунты на тыдзень – прынада, якую яны скарысталі. Страта нязначная для тых, хто вядзе гульню на тысячы. Змясцілі абвестку, адзін з жулікаў зняў на сваё імя часовае памяшканне, а другі падштурхнуў уладальніка ламбарда адгукнуцца на яе. Такім чынам яны забяспечылі яго адсутнасць штораніцы. Як толькі я пачуў, што памочнік пагадзіўся працаваць за палову заробка, я зразумеў, што ён мае важкі матыў, каб заставацца ў доме.