Выбрать главу

– Але як вы зразумелі, у чым матыў?

– Калі б у доме жыла жанчына, я западозрыў бы банальную інтрыжку. Але гэтая версія адпадала. Абарот у ламбарда невялікі, у доме няма нічога, што запатрабавала б такой грандыёзнай падрыхтоўкі і такіх выдаткаў. Тады гэта штосьці па-за домам. І што ж? Я падумаў пра захапленне памочніка фатаграфіяй і яго наведванні склепа. Склеп! Вось і канец гэтай заблытанай вяровачкі. Я правёў маленькае расследаванне што да асобы гэтага загадкавага памочніка і вось што высветліў: мы маем справу з адным з самых разумных і дзёрзкіх крымінальнікаў Лондана. Ён чымсьці займаўся ў склепе, чымсьці, што збірала ў яго шмат гадзін на дзень да канца месяца. І зноў пытанне: чым менавіта? Мне не прыйшло ў галаву нічога іншага, як падкоп у суседні будынак.

Я хацеў спраўдзіць гэтую думку, калі мы з вамі прыйшлі на месца падзей. Вы здзівіліся, калі я пагрукаў кіем па ходніку. Мне трэба было высветліць, спераду ці ззаду дома знаходзіцца склеп. Спераду яго не было. Тады я пазваніў у дом. Як я і спадзяваўся, адчыніў памочнік. Мы мелі некалькі завочных сутычак, але адзін аднаго не бачылі. Мяне і не цікавіла, як ён выглядае. Я жадаў зірнуць на яго калені. Вы, мусіць, заўважылі, якія выцертыя, памятыя і брудныя былі ў яго штаны на каленях. Усё паказвала на тое, што ён прабавіў гадзіны за капаннем. Заставалася толькі высветліць, куды вядзе падземны ход. Я прайшоў да рога вуліцы і зазірнуў за яго. Убачыўшы Гарадскі і прыгарадны банк, які суседнічае з ламбардам нашага сябра, я адразу ж зразумеў, што развязаў загадку. Калі пасля канцэрта вы паехалі дахаты, я наведаўся ў Скотланд-Ярд і да старшыні рады дырэктараў з вядомым вам вынікам.

– А як вы здагадаліся, што сваю вылазку яны плануюць на сёння?

– Калі кантору Саюза зачынілі, значыць, прысутнасць містэра Явіса Ўілсана ім болей не перашкаджала, іншымі словамі, падкоп завершаны. Для іх важна было скарыстацца падземным ходам як мага хутчэй, пакуль яго не знайшлі і пакуль золата не перавезлі ў іншае месца. Субота пасавала ім найбольш, бо тады яны б мелі два дні на ўцёкі. Таму я чакаў іх менавіта сёння.

– Вашая логіка проста бліскучая, – усклікнуў я са шчырым захапленнем. – Ланцужок разважанняў вельмі доўгі, але вы не схібілі ні ў адным пункце.

– Мяне гэта ратуе ад нуды, – адказаў Холмс пазяхаючы. – Але як шкада! Адчуваю, што яна зноў на мяне находзіць. Маё жыццё – суцэльныя ўцёкі ад шэрасці існавання. Гэтыя маленькія загадкі дапамагаюць мне.

– А вы дапамагаеце чалавецтву змагацца са злом. Ён паціснуў плячыма:

– Мабыць, ёсць з усяго гэтага нейкі плён. «L’homme c’est rien – l’oeuvre c’est tout»,[3] як напісаў у лісце да Жорж Санд Гюстаў Флабэр.

Пераклала Алена Казлова

Высвятленне асобы

– Ведаеце, дарагі мой сябра, – сказаў аднойчы Шэрлак Холмс, калі мы сядзелі па баках ад каміна ў ягонай кватэры на Бэйкер-стрыт, – у жыцці непараўнальна больш дзівосаў, чым здольны вымысліць чалавечы розум. Мы не можам уявіць нават банальных для светабудовы з’яваў. Калі б мы, узяўшыся за рукі, маглі вылецець з акна і лунаць над гэтым вялікім горадам, асцярожна ссоўваючы дахі і зазіраючы ўсярэдзіну, нам адкрыліся б дзівоты, што там адбываюцца, неверагодныя супадзенні, сутыкненні намераў і супярэчнасці, надзвычайная чарада падзеяў, што працінае жыцці пакаленняў і прыводзіць да экстраардынарных вынікаў; і тады ўсе гэтыя раманы з іх умоўнасцямі і прадказальнай інтрыгай падаліся б зусім звычайнымі, не здольнымі выклікаць хоць якую цікавасць.

– Не магу пагадзіцца, – адказаў я. – Справы, пра якія мы чытаем у газетах, як правіла, досыць грубыя і трывіяльныя. У паліцэйскіх справаздачах рэалізм даведзены да скрайнасці, але варта прызнаць, што гэта не надае ім ні прывабнасці, ні мастацкасці.

– Для рэалістычнага эфекту, – зазначыў Холмс, – патрэбны асцярожны і старанны адбор, якога не стае ў паліцэйскіх справаздачах, дзе больш увагі надаецца пошламу маралізатарству, чым дэталям, якія для ўважлівага назіральніка складаюць саму сутнасць справы. Менавіта таму няма нічога больш незвычайнага за банальнасць.

Усміхнуўшыся, я пахітаў галавой:

– Ну, зразумела, чаму вы так думаеце. Безумоўна, вы, неафіцыйны кансультант і памочнік любога чалавека на трох кантынентах, які не можа даць рады заблытанай справе, у сваёй працы сутыкаліся з усімі магчымымі незвычайнасцямі і дзіўнотамі. Але давайце правядзем практычны дослед, – я падабраў з падлогі ранішнюю газету, – на першым загалоўку, які трапіцца. Вось: «Жорсткае абыходжанне мужа з жонкай». Тэкст на палову калонкі, але я і не чытаючы скажу вам, пра што гаворка, бо такое мы бачылі не раз. Нам раскажуць, без сумневаў, пра іншую жанчыну, п’янства, кухталі, сінякі, спагадлівую сястру альбо домаўладальніцу. І апошні пісака не прыдумаў бы нічога грубейшага.

вернуться

3

Холмс дае памылковую цытату. Насамрэч яна гучыць наступным чынам: “L’homme n’est rien – l’oeuvre c’est tout” і перакладаецца як «Чалавек – нішто, справа – усё» (фр.).