– Ваш прыклад абвяргае вашыя довады, – сказаў Холмс, забіраючы ў мяне газету і зазіраючы ў яе. – Гэта справа пра развод Дандэса, а мне давялося высвятляць некаторыя падрабязнасці, з ім звязаныя. Дык вось, муж алкаголю ў рот не браў, у яго не было іншай жанчыны, а ўсе яго дзеянні, якія выклікалі скаргі, палягалі ў тым, што кожны раз пасля ежы ён даставаў сваю ўстаўную сківіцу і кідаў яе ў жонку. Пагадзіцеся, гэта выходзіць за межы таго, што можа прыйсці ў галаву пасрэднаму пісьменніку. Вазьміце табакі, доктар, і прызнайце, што лік на маю карысць.
Ён падаў мне табакерку колеру старога золата з вялікім аметыстам пасярэдзіне вечка. Гэтая раскоша настолькі не адпавядала ягоным простым і сціплым звычкам, што я не змог утрымацца ад заўвагі пра гэта.
– А, я забыўся, што мы з вамі некалькі тыдняў не бачыліся, – сказаў Холмс. – Гэта невялічкі падарунак караля Багеміі на знак падзякі за маю дапамогу з лістамі Ірэн Адлер.
– А пярсцёнак? – запытаўся я, паказваючы на неверагодны дыямент, што ззяў на ягоным пальцы.
– Ад галандскай каралеўскай сям’і, за тое, што я змог быць ім карысным у адной справе… але яна настолькі далікатная, што я не магу адкрыць яе дэталяў нават вам, нягледзячы на тое, што вы былі так ласкавыя апісаць некалькі маіх невялікіх справаў.
– А цяпер у вас ёсць якая-небудзь справа? – прагна спытаў я.
– Дзесяць ці дванаццаць, але ніводнай хоць крышку цікавай. Яны важныя, зразумела, але цікавасці не выклікаюць. Зрэшты, я даўно заўважыў, што толькі нязначныя справы даюць матэрыял для назірання і аналізу, што і складае чароўнасць расследавання. Буйнейшыя злачынствы звычайна прасцейшыя, бо ў іх, як правіла, больш відавочны матыў. У маіх цяперашніх справах, за выняткам аднаго даволі заблытанага выпадку, у сувязі з якім мне напісалі з Марсэля, няма нічога, што давала б пажытак для ўяўлення. Але, магчыма, літаральна праз некалькі хвілінаў у мяне будзе цікавая справа, бо сюды, калі не памыляюся, ідзе мая будучая кліентка.
Ён падняўся з фатэля і праз шчыліну ў шторах паглядзеў уніз, на цьмяную і пахмурную лонданскую вуліцу. Праз ягонае плячо я ўбачыў, што па супрацьлеглым ходніку крочыць мажная жанчына з пышнай гаржэткай вакол шыі і чырвонымі пер’ямі, што буйнымі завіткамі клаліся на шырокія палі капялюшыка, насунутага на адно вуха ў какетлівай манеры герцагіні Дэваншырскай*. З-пад усёй гэтай амуніцыі яна нервова і няўпэўнена пазірала на нашыя вокны, пагойдваючыся ў бакі і трывожна цярэбячы гузікі на пальчатках. І тут яна зрабіла рэзкі рух, нібы плывец, што адрываецца ад берага, і паспешліва пакрочыла праз дарогу. Праз імгненне да нас даляцеў рэзкі гук званка.
– Такія сімптомы я назіраў і раней, – прамовіў Холмс, кідаючы цыгарэту ў камін. – Ваганні на ходніку заўсёды азначаюць affaire de coeur.[4] Яна хацела б параіцца, але сумняецца, што справу настолькі далікатную можна камусьці даверыць. Але і тут бывае па-рознаму. Калі жанчыну сапраўды пакрыўдзілі, яна ўжо не вагаецца, і вынікам яе рашучасці звычайна стаецца сапсаваны званок на маіх дзвярах. Тут жа відавочная любоўная гісторыя, але паненка не так раззлаваная, як разгубленая альбо засмучаная. Зрэшты, зараз яна сама развее нашыя сумневы.
У гэты момант пачуўся лёгкі стук у дзверы, і хлопчык-пасыльны паведаміў пра прыход міс Мэры Сазэрлэнд. Сама лэдзі ў гэты час маячыла за ягонай тонкай чорнай фігуркай, нібыта вялізнае гандлёвае судна з напятымі ветразямі – за маленечкім лоцманскім катэрам. Шэрлак Холмс прывітаў яе з тою нязмушанай пачцівасцю, якой ён славіўся, зачыніў дзверы і, прапанаваўшы госці крэсла, некалькі імгненняў пільна вывучаў яе, выглядаючы пры гэтым абсалютна безуважным – у манеры, таксама вельмі яму ўласцівай.
– З вашай блізарукасцю не цяжка так шмат друкаваць на машынцы? – спытаў ён.
– Спачатку было цяжка, – адказала яна, – але цяпер я друкую не гледзячы, бо памятаю размяшчэнне літараў…
Тут, цалкам усвядоміўшы сэнс ягоных словаў, яна здрыганулася і ўскінула галаву, гледзячы на Холмса са здзіўленнем і страхам на шырокім дабрадушным твары.
– Вам расказвалі пра мяне, містэр Холмс! – усклікнула яна. – Як іначай вы пра гэта даведаліся?
– Не хвалюйцеся, – засмяяўся Холмс, – прыкмячаць такое – мая прафесія, і, магчыма, я навучыўся бачыць тое, чаго іншыя не заўважаюць. Іначай навошта вам было б да мяне звяртацца?