– Я прыйшла сюды, сэр, бо чула пра вас ад місіс Этэрэдж – вы так лёгка адшукалі яе мужа, калі і паліцыя, і ўсе астатнія аддалі яго на волю лёсу, адмовіўшыся ад надзеі знайсці. О, містэр Холмс, я так хацела б спадзявацца, што вы і мне дапаможаце! Я небагатая, але мне належыць сто фунтаў штогод, не лічачы той дробязі, што я зарабляю машынапісам, і я аддам іх усе, толькі б даведацца, што сталася з містэрам Хосмерам Энджэлам.
– А чаму вы так спяшаліся прыйсці да мяне? – спытаў Шэрлак Холмс, склаўшы разам кончыкі пальцаў і гледзячы ў столь.
І зноў палахлівае здзіўленне прабегла па праставатым твары міс Мэры Сазэрлэнд.
– Так, я выбегла з дому ў спешцы, – сказала яна, – бо мяне вельмі раззлавала лёгкасць, з якой містэр Віндыбэнк (гэта мой бацька) успрымае ўсю гэтую гісторыю. Ён не хоча звяртацца ў паліцыю, і да вас таксама, карацей, ён не хоча рабіць нічога і працягвае настойваць, што ніякай бяды не здарылася. Гэта шалёна злуе мяне, таму я хуценька сабралася і пайшла проста да вас.
– Ваш бацька? – перапытаў Холмс. – Мабыць, айчым, раз прозвішчы розныя.
– Так, айчым. Я называю яго бацькам, хоць гэта і гучыць недарэчна, бо ён усяго на пяць гадоў і два месяцы старэйшы за мяне.
– А вашая маці жывая?
– О так, жывая і ў добрым здароўі. Мяне не надта ўзрадавала, калі яна зноў выйшла замуж так хутка пасля смерці майго бацькі і да таго ж за чалавека, амаль на пятнаццаць гадоў маладзейшага. У майго бацькі была паяльная майстэрня на Тотнэм-Корт-роўд, справы яго ішлі добра, а пасля ягонай смерці мая маці кіравала там разам з містэрам Хардзі, старшым майстрам. Містэр Віндыбэнк настаяў, каб яна прадала справу, маўляў, яму гэта не да твару, ён жа коміваяжор, віно прадае. За нематэрыяльныя актывы і працэнты на капітал яны агулам атрымалі чатыры тысячы семсот фунтаў, што нават блізка не стаяла з той сумай, якую мой бацька змог бы выручыць, калі б быў жывы.
Мне здавалася, Шэрлака Холмса мусіць раздражніць гэты блытаны і недарэчны маналог, аднак, на маё здзіўленне, ён слухаў вельмі ўважліва і засяроджана.
– А ваш невялікі прыбытак – з капіталу вашага бацькі? – спытаў ён.
– Не, сэр, гэта цалкам мае грошы, якія мне пакінуў мой дзядзька Нэд з Оклэнда. Капітал у новазеландскіх паперах, пад чатыры з паловай працэнты гадавых. Там дзве з паловай тысячы фунтаў, але я распараджаюся толькі працэнтамі.
– Мая ўвага таксама ў вашым распараджэнні, – сказаў Холмс. – Без сумневаў, атрымліваючы сто фунтаў штогод і зарабляючы звыш таго, вы можаце крыху падарожнічаць і ўсяляк сябе радаваць. Мяркую, адзінокая лэдзі можа цудоўна пражыць на шэсцьдзесят фунтаў у год.
– Мне хапіла б і меншага, містэр Холмс, але ж вы разумееце, што мне не хочацца абцяжарваць бацькоў, і пакуль я жыву дома, я аддаю грошы ім, яны іх трацяць. Безумоўна, гэта толькі часова. Містэр Віндынбэнк здымае мае працэнты штоквартал і аддае маёй маці. Мне ж дастаткова і таго, што я зарабляю машынапісам. Плацяць мне два пенсы за аркуш, а за дзень я паспяваю надрукаваць ад пятнаццаці да дваццаці аркушаў.
– Вы вельмі ясна абмалявалі сітуацыю, – сказаў Холмс. – Пазнаёмцеся з маім сябрам доктарам Ўотсанам, пры ім вы можаце гаварыць гэтак жа свабодна, як са мной адным. Прашу вас, раскажыце нам цяпер пра вашыя стасункі з містэрам Хосмерам Энджэлам.
На твары міс Сазэрлэнд з’явіўся румянец, а пальцы пачалі нервова перабіраць крысо жакета.
– Мы пазнаёміліся на балі газаправодчыкаў, – пачала яна. – Яны дасылалі запрашэнні бацьку, калі ён быў жывы, а пасля яго смерці не забылі нас і пачалі дасылаць маме. Містэр Віндыбэнк не хацеў, каб мы туды хадзілі. Ён не жадае, каб мы ўвогуле хадзілі куды-небудзь. Ён бы шалёна раззлаваўся, калі б я захацела аж на пікнік нядзельнай школы, падумайце толькі. Але тады я цвёрда вырашыла пайсці і пайшла. Па якім праве ён бы мне забараніў? Ён сказаў, што нам не да твару вадзіць знаёмствы з нізамі, тым часам як там збіраліся ўсе татавы сябры. Яшчэ ён сказаў, што мне няма чаго надзець, хаця ў мяне ёсць чырвоная плісавая сукенка, якая ўвогуле нічога, апроч камоды, не бачыла. Не дабіўшыся свайго, ён узяў і з’ехаў у Францыю па справах фірмы, а мы з мамай і містэрам Хардзі, нашым былым старшым майстрам, пайшлі на баль. І там я пазнаёмілася з містэрам Хосмерам Энджэлам.
– Мабыць, містэр Віндыбэнк, вярнуўшыся з Францыі, быў вельмі раззлаваны тым, што вы ўсё ж пайшлі на баль.
– О не, ён адрэагаваў вельмі міла. Помню, засмяяўся, паціснуў плячыма і сказаў, што калі жанчына штосьці вырашыла, разупэўніць яе немагчыма.
– Зразумела. Значыць, на балі газаправодчыкаў вы пазнаёміліся з джэнтльменам на імя Хосмер Энджэл.
– Правільна, сэр. У той вечар мы пазнаёміліся, назаўтра ён зазірнуў, каб упэўніцца, што мы шчасліва дабраліся дадому, і мы з ім прагуляліся. Трэба сказаць, містэр Холмс, што мы з ім сустракаліся двойчы, гулялі, але пасля вярнуўся айчым, і містэр Энджэл больш не мог да нас заходзіць.