– Не мог?
– Ну, ведаеце, містэр Віндыбэнк вельмі такога не любіць. Ён бы ўвогуле нікога не прымаў у сваім доме, калі б мог, ён пастаянна кажа, што жанчына мусіць знаходзіць шчасце ў сямейным коле. Але ж потым, як я кажу маме, жанчына хоча і ўласнае кола завесці, а ў мяне свайго пакуль няма.
– Дык а што з містэрам Энджэлам? Ён больш не спрабаваў убачыцца з вамі?
– Ну, праз тыдзень айчым зноў збіраўся ў Францыю, і Хосмер напісаў мне, што нам бяспечней не бачыцца, пакуль ён не з’едзе, і што ў гэты час мы можам ліставацца. І ён мне пісаў штодня, містэр Холмс. Лісты штораніцы забірала я, таму айчыму можна было нічога не казаць.
– Вы заручыліся з гэтым джэнтльменам?
– Так, містэр Холмс, мы заручыліся яшчэ падчас нашай першай прагулкі. Хосмер… то бок містэр Энджэл… ён працаваў касірам у нейкай канторы на Лідэнхал-стрыт і…
– У якой канторы?
– Гэта самае кепскае, містэр Холмс: я не ведаю.
– Хм… а дзе ён жыве?
– У яго пакойчык пры канторы.
– Значыць, і адрасу яго вы не ведаеце…
– Не, апроч таго, што гэта Лідэнхал-стрыт.
– А куды вы тады дасылалі свае лісты?
– На пошту на Лідэнхал-стрыт, да запатрабавання. Ён казаў, што калі я буду дасылаць іх проста ў кантору, усе клеркі будуць кпіць з яго – маўляў, лістамі з паненкай абменьваецца. Я прапанавала пісаць яму на друкарцы, як і ён мне, але ён не пагадзіўся і сказаў, што калі я пішу яму, ён адчувае мяне ў гэтых лістах, а калі пачну друкаваць, яму будзе здавацца, што друкарка нас раздзяляе. Уяўляеце, як ён мяне кахаў, містэр Холмс, калі хваляваўся нават пра такія дробязі!
– Гэта шмат пра што сведчыць, – прамовіў Холмс. – Для мяне ўжо даўно аксіёма тое, што менавіта дробязі непараўнальна важнейшыя за ўсё астатняе. Вы не маглі б прыгадаць яшчэ якія-небудзь дробязі пра містэра Хосмера Энджэла?
– Ён вельмі сарамлівы чалавек, містэр Холмс. Ён нашмат ахвотней прагульваўся са мною ўвечары, чым удзень, кажучы, што цярпець не можа, калі на яго вочы ўтаропліваюць. Ён вельмі сціплы і шляхетны быў, містэр Холмс. У яго нават голас быў мяккі, ціхі. Ён мне расказваў, што праз востры танзіліт у яго ў дзяцінстве апухалі гланды, і з таго часу ў яго слабае горла, таму гаворыць ён перарывіста, амаль шэптам. Ён заўсёды добра апрануты, вельмі ахайна і проста, але ў яго, як і ў мяне, кепскі зрок, і ён носіць зацемненыя акуляры – ад яркага святла.
– Добра, і што адбылося, калі ваш айчым містэр Віндыбэнк зноў паехаў у Францыю?
– Тады містэр Энджэл зноў зазірнуў да нас і прапанаваў мне ажаніцца, пакуль ён не вярнуўся. Ён так горача прасіў мяне, нават прымусіў паклясціся на Бібліі, што я заўжды буду яму вернай, што б ні здарылася. Мама сказала, што ён правільна зрабіў, прымусіўшы мяне паклясціся: маўляў, гэта яскрава сведчыць пра ягоную жарсць. Мама адпачатку была да яго надзвычай прыхільная і захаплялася ім нават больш, чым я. Калі яны ўжо планавалі нашае вяселле проста на гэты тыдзень, я спыталася, як быць з бацькам. Але яны абодва загадалі мне гэтым не пераймацца, а проста расказаць яму пасля, а мама паабяцала сама ўсё залагодзіць. Мне гэта не вельмі спадабалася, містэр Холмс. Канечне, смешна, што я пытаюся ягонага дазволу, каб адлучыцца з дому, – ён жа ўсяго на некалькі гадоў за мяне старэйшы, але я не хачу хлусіць пра што б там ні было. Таму я напісала яму ў Бардо, дзе ў іхнай кампаніі французскае аддзяленне, але ліст вярнуўся назад акурат у раніцу майго вяселля.
– Ліст не заспеў яго, так?
– Правільна, сэр. Ён выехаў у Англію перад самым прыходам ліста.
– Вось дык не пашанцавала. Значыць, вашае вяселле было прызначанае на пятніцу. Вянчанне ў царкве планавалася?
– Так, сэр, але даволі сціплае, у царкве Хрыста Збаўцы, побач з Кінгс-Крос. А пасля мы мелі паснедаць у гатэлі Сэнт-Панкрас. Хосмер прыехаў па нас у кэбе, у які селі мы з мамай, а мой жаніх паехаў следам у рамізніцкім экіпажы – адзіным, які апынуўся тады на вуліцы. Спачатку нам трэба было ў царкву, і калі рамізнік пад’ехаў, мы пачакалі Хосмера, каб ён падаў нам руку, але з экіпажа ніхто не выйшаў. Кэбмен спусціўся і зазірнуў усярэдзіну, але там было пуста! Кэбмен сказаў, што не можа ўявіць, куды падзеўся Хосмер, бо на ўласныя вочы бачыў, як той сядаў у экіпаж. Гэта адбылося ў мінулую пятніцу, містэр Холмс, і з таго часу я не пачула і не даведалася нічога, што магло б праліць святло на ягонае знікненне.
– Вас, відавочна, абурыў такі скандал, – заўважыў Холмс.