– О не, сэр! Гэта было з яго боку так па-добраму і так прыстойна – пакінуць мяне такім чынам. Ён жа ўсю раніцу перад гэтым паўтараў мне: што б ні здарылася, будзь верная мне, нават калі штосьці нечаканае разлучыць нас, заўсёды памятай, што паклялася мне, а я рана ці позна запатрабую выканання гэтай клятвы. Дзіўная размова перад вяселлем, я згодная, але тое, што здарылася пасля, надае ёй сэнс.
– Бясспрэчна, так і ёсць. На вашую думку, з ім раптоўна адбылася бяда?
– Так, сэр. Я ўпэўненая, што ён прадчуваў небяспеку, іначай не гаварыў бы мне такога. І я думаю, што прадчуванне ягонае спраўдзілася.
– І вы не ўяўляеце, што з ім магло здарыцца?
– Зусім не ўяўляю.
– Яшчэ адно пытанне. Як гэта ўспрыняла вашая маці?
– Яна раззлавалася і загадала мне больш не ўспамінаць пра гэта.
– А ваш айчым? Вы яму сказалі?
– Сказала. І ён пагадзіўся са мной, што штосьці здарылася і што ён мусіць вярнуцца. Які сэнс прыводзіць дзяўчыну пад самыя дзверы царквы і тут жа кідаць – так ён сказаў. Калі б ён, напрыклад, пазычыў у мяне грошай альбо ажаніўся са мною, каб мае грошы прысабечыць, гэта мела б сэнс, але Хосмер вельмі далікатны што да грошай і ніколі нават шылінга ў мяне не браў. Тады што ж усё-ткі здарылася? Чаму ён не піша? Ох, я проста вар’яцею, пра гэта думаючы, а ўначы вачэй не магу заплюшчыць.
Міс Сазэрлэнд выцягнула з муфты маленькую насоўку і няўцешна ў яе зарыдала.
– Я вазьмуся за вашую справу, – сказаў Холмс падымаючыся, – і не сумняюся, што пэўнага выніку мы дасягнем. Даверцеся мне і не думайце больш пра гэта. І перш за ўсё пастарайцеся зрабіць так, каб містэр Хосмер Энджэл знік з вашай памяці, як ён знік з вашага жыцця.
– Значыць, вы думаеце, што я больш яго не ўбачу?
– Баюся, што не.
– Але што з ім здарылася?
– Дазвольце мне гэта высветліць. Мне спатрэбіцца дакладнае апісанне джэнтльмена і ўсе ягоныя лісты, якія вы зможаце мне даверыць.
– Я давала аб’яву пра яго ў суботняй «Кронікл», – сказала нашая кліентка. – Вось выразка, а вось чатыры лісты ад яго.
– Дзякую. А ваш адрас?..
– Лаян-плэйс, 31, Кэмбервэл.
– І, я так разумею, свайго адрасу містэр Энджэл вам не даваў? А дзе працуе ваш бацька?
– Ён прадае віно фірмы «Вэстхаўз і Мэрбэнк», буйнога імпарцёра вінаў з Фэнчэрч-стрыт.
– Дзякуй. Вы выклалі ўсё вельмі ясна. Пакіньце паперы тут і паслухайцеся парады, якую я вам даў. Няхай усё, што адбылося, застанецца для вас таямніцай. Не давайце гэтаму паўплываць на вашае жыццё.
– Вельмі міла з вашага боку, містэр Холмс, але я так не змагу. Я буду вернай Энджэлу. Ён не расчаруецца ўва мне па вяртанні.
Нягледзячы на недарэчны капялюшык і пуставаты твар, прастадушная вера нашай візіцёркі надавала ёй нейкай высакароднасці, якая міжволі выклікала павагу. Яна пакінула невялікі пачак лістоў на стале і сышла, паабяцаўшы вярнуцца, калі б яе ні паклікалі.
Колькі хвілінаў Шэрлак Холмс сядзеў моўчкі, звёўшы разам кончыкі пальцаў, выцягнуўшы ногі і гледзячы ў столь. Потым зняў з паліцы старую бліскучую люльку, свайго заўсёднага дарадцу, раскурыў яе і, ахутаны шчыльнымі колцамі блакітнаватага дыму, адкінуўся на спінку фатэля з выразам бясконцае стомы на твары.
– Вельмі цікавы экзэмпляр гэтая дзяўчына, – сказаў ён. – Яна нашмат цікавейшая, чым яе маленькая справа – даволі банальная, дарэчы. Вы знойдзеце аналагічныя выпадкі, калі зірняце ў мой каталог: Андовер, 1877 год, штосьці падобнае ў Гаазе летась… Ідэя старая, але тут адна-дзве дэталі былі для мяне нечаканымі. І ўсё адно дзяўчына выклікае больш думак.
– Відаць, вы ўбачылі ў ёй шмат таго, што прайшло міма мяне, – заўважыў я.
– Не прайшло, проста не ўсвядомілася, Ўотсан. Вы не ведаеце, куды глядзець, таму прапускаеце ўсё важнае. Мне ніяк не ўдаецца данесці да вас, як шмат могуць расказаць рукавы, пазногці вялікіх пальцаў і якія важныя сведчанні завязаныя на шнурках у абутку. Давайце падумаем, што можна зразумець, зірнуўшы на нашую кліентку. Апішыце яе.
– Ну, на ёй быў шыракаполы травяніста-зялёны саламяны капялюш з нейкім чырвоным пяром «пад цэглу». Чорны жакет, расшыты чорным бісерам і з устаўкамі з чорнага гагату. Карычневая сукенка, цямнейшая за кафейную, абшытая пурпуровым плісам на каўняры і рукавах. Шэрыя пальчаткі, указальны палец правай працёрты. Абутку не разгледзеў. Яна носіць маленькія залатыя завушніцы ў форме колцаў і ўвогуле ўвасабляе сабою дабрабыт ва ўсёй яго пошласці, міралюбнасці і бесклапотнасці.
Холмс мякка пляснуў у далоні і засмяяўся.
– Клянуся, Ўотсан, вы робіце немалыя поспехі, бо заўважылі вельмі шмат. Так, вы прапусцілі ўсё важнае, але злавілі прынцып. Да таго ж у вас учэпістае вока на колеры. Ніколі не давярайце агульнаму ўражанню, засяроджвайцеся на дэталях. У жанчын я заўсёды спярша гляджу на рукавы (пра мужчыну, магчыма, болей скажа стан нагавіцаў на каленях). Як вы і сказалі, у гэтай жанчыны рукавы абшытыя плісам, на якім лёгка застаюцца разнастайныя сляды. Двайная лінія над запясцем, у тым месцы, якім машыністкі звычайна абапіраюцца аб стол, пазнаецца адразу. Швейная машына ручнога тыпу пакідае падобныя сляды, але толькі на левым рукаве і ў месцы, самым далёкім ад вялікага пальца. У нашай жа кліенткі лінія ідзе па ўсім унутраным баку запясця. Ну і, заўважыўшы след ад пенснэ на яе носе, я насмеліўся выказаць здагадку пра блізарукасць і друкарку, што яе, здаецца, здзівіла.