Выбрать главу

– Гэта і мяне здзівіла.

– Але ж гэта відавочна. А вось калі я здзівіўся і зацікавіўся: паглядзеўшы ўніз, я ўбачыў, што яе боты, хоць і падобныя паміж сабой, але, тым не менш, не парныя – у аднаго мысок аздоблены, у другога не. Адзін бот зашпілены на два ніжнія гузікі з пяці, а другі – на першы, трэці і пяты. І калі бачыш лэдзі, у астатнім акуратна апранутую, якая выйшла з дому ў няпарным абутку, зашпіленым на палову гузікаў, выснова пра тое, што яна прыбегла сюды ў спешцы, не патрабуе вялікіх разумовых высілкаў.

– А яшчэ што? – спытаў я з гарачай цікаўнасцю, якую заўсёды выклікалі ў мяне вострыя развагі сябра.

– Я мімаходзь адзначыў самому сабе, што яна напісала нейкую цыдулку перад тым як выйсці з дому, але ўжо пасля таго, як цалкам апранулася. Вы заўважылі, што ўказальны палец на яе правай пальчатцы працёрты, але, мабыць, не ўбачылі плямаў фіялетавага атраманту на абедзвюх пальчатках. Яна пісала, вельмі спяшаючыся, і абмакнула ручку ў чарніліцу занадта глыбока. Гэта хутчэй за ўсё адбылося сёння раніцай, іначай пляма на пальцы не была б такой выразнай. Карацей, усё гэта забаўна, хоць і вельмі проста, Ўотсан, але варта вярнуцца да справы. Не маглі б вы зачытаць мне апісанне містэра Хосмера Энджэла, змешчанае ў абвестцы пра знікненне?

Я паднёс да святла вузкую палоску паперы.

«ЗГУБІЎСЯ, – гаварылася ў нататцы, – раніцай 14-га джэнтльмен на імя Хосмер Энджэл. Рост – прыкладна пяць футаў і сем цаляў, целасклад моцны, колер твару жаўтаваты, валасы чорныя, густыя, з невялікай пралысінай на макаўцы, чорныя вусы і бакенбарды. Цёмныя акуляры, лёгкая няправільнасць вымаўлення. Калі яго бачылі апошні раз, быў апрануты ў абшыты шоўкам чорны сурдут, чорную камізэльку з альбертаўскім ланцужком* і нагавіцы з харыскага цвіду* з карычневымі крагамі паўзверх «кангрэсаў»*. Вядома, што працаваў у канторы на Лідэнхал-стрыт. Калі хто-небудзь мае звесткі…»

– Дастаткова, – перапыніў мяне Холмс і, слізгаючы позіркам па лістах, дадаў: – А лісты вельмі банальныя, у іх няма нічога, што паведаміла б нам пра містэра Энджэла, апроч таго, што аднойчы ён працытаваў Бальзака. Зрэшты, ёсць адна асаблівасць, якая, несумненна, кінецца вам у вочы…

– Яны напісаныя на друкарцы, – адзначыў я.

– Не толькі самі лісты – нават подпіс надрукаваны. Паглядзіце на гэтае акуратнае «Хосмер Энджэл» унізе. Яшчэ тут дата, але ніякага адрасу, апроч Лідэнхал-стрыт, а гэта даволі цьмяна. І вось гэтая дэталь выклікае вельмі пэўныя здагадкі, я б нават назваў яе вырашальнай.

– У чым?

– Дружа, толькі не кажыце мне, што вы не бачыце, як цесна гэта звязана з разгадкаю.

– Не ўпэўнены… хіба што ён хацеў, каб у яго была магчымасць не прызнаць свой подпіс, калі будзе распачатая справа пра нявыкананыя абавязанні.

– Не, рэч не ў тым. Карацей, зараз я напішу два лісты, якія ўсё вырашаць: першы ў адну кантору ў Сіці, а другі – айчыму маладой лэдзі, містэру Віндыбэнку, з просьбай прыйсці да нас заўтра а шостай. Нам жа варта паразмаўляць са сваякамі-мужчынамі юнай лэдзі… А пакуль адказы не прыйдуць, нам з вамі, доктар, рабіць няма чаго, таму на пэўны час мы можам адкласці нашую маленькую справу ў шуфляду.

Я так часта бачыў тонкую праніклівасць майго сябра, калі трэба было разважаць, і яго надзвычайную энергію, калі надыходзіў час дзейнічаць, што вырашыў: у Холмса важкія падставы для такой легкаважнай упэўненасці ў дачыненні да дзіўнай таямніцы, якую яго папрасілі раскрыць. Толькі аднойчы ён пацярпеў паразу – у скандале з каралём Багеміі і фатаграфіяй Ірэн Адлер. Але ўспамінаючы таямнічыя падзеі «Знаку чатырох» і дзіўныя абставіны «Эцюду ў пунсовым», я разумею, што клубок таямніцаў павінен быць сапраўды надзвычайным, каб яго не змог разблытаць Холмс.

Ён усё яшчэ пыхкаў сваёй люлькай з чорнай гліны, калі я сыходзіў ад яго, упэўнены, што калі наступнага вечару прыйду зноў, у ягоных руках ужо будуць усе ніткі, якія прывядуць нас да асобы зніклага жаніха міс Мэры Сазэрлэнд.