Уласныя справы на час адцягнулі маю ўвагу, таму цэлы наступны дзень я прабавіў ля ложка цяжка хворага пацыента. Было ўжо амаль шэсць, калі я ўрэшце вызваліўся, ускочыў у двухколку і паехаў на Бэйкер-стрыт, крыху пабойваючыся, што спазніўся і не папрысутнічаю пры развязцы гэтай маленькай таямніцы. Але я заспеў Шэрлака Холмса ў адзіноце і напаўсоннага – яго доўгае худое цела скурчылася ў глыбокім фатэлі. Грозны шыхт колбаў і шклянак і яскравы востры пах салянай кіслаты сведчыў пра тое, што ён цэлы дзень займаўся хімічнымі доследамі, якія так любіў.
– Ну што, атрымалася? – спытаў я, ледзь увайшоўшы.
– Так. Гэта быў бісульфат едкага барыту.
– Ды не, я пра загадку! – усклікнуў я.
– Ах, гэта! А я думаў пра соль, з якой цяпер працую. Ды не было ніякай загадкі ў гэтай справе, проста, як я вам учора казаў, пэўныя моманты мяне зацікавілі. Вось толькі няма, на жаль, такога закону, які мог бы пакараць нягодніка.
– Дык хто ён такі і навошта збег ад міс Сазэрлэнд?
Не паспеў Холмс адказаць, як з перадпакоя пачуліся цяжкія крокі, і ў дзверы пастукалі.
– Гэта айчым маладой лэдзі, містэр Джэймс Віндыбэнк, – сказаў Холмс. – Ён напісаў мне, што будзе а шостай. Прашу!
У пакой зайшоў моцна складзены, сярэдняга росту мужчына гадоў трыццаці, з чыста паголеным жаўтаватым тварам. Манеры яго былі мяккія і прыемныя, а шэрыя вочы глядзелі востра і пранікліва. Ён па чарзе запытальна паглядзеў на нас з Холмсам, паклаў свой бліскучы цыліндр на буфет і, злёгку пакланіўшыся, падышоў да найбліжэйшага крэсла.
– Добры вечар, містэр Віндыбэнк, – прамовіў Холмс. – Думаю, гэты друкаваны ліст з прызначэннем сустрэчы на шостую гадзіну прыйшоў мне ад вас?
– Так, сэр. Баюся, я трохі спазніўся, але вы ж разумееце, я не заўсёды належу сабе. Мне вельмі шкада, што міс Сазэрлэнд патурбавала вас гэтай недарэчнай справай: я ўпэўнены, што не варта сваё смецце на чужы сметнік выносіць. Я быў катэгарычна супраць таго, каб яна звярталася да вас, але, як вы, мабыць, паспелі заўважыць, яна вельмі імпульсіўная і нервовая дзяўчына, і яе цяжка ўтрымаць, калі яна на штосьці наважылася. Безумоўна, супраць вас я нямоцна пярэчыў, бо вы не звязаныя з афіцыйнай паліцыяй, але не вельмі прыемна, калі такое сямейнае гора робіцца вядомым усім. Да таго ж гэта марнаванне грошай, бо, думаю, вы не зможаце адшукаць гэтага Хосмера Энджэла.
– Наадварот, – спакойна адказаў Холмс. – У мяне ёсць усе падставы думаць, што ў гэтым я дасягну поспеху.
Містэр Віндыбэнк моцна здрыгануўся і выпусціў пальчаткі з рук.
– Рады гэта чуць, – сказаў ён.
– Цікавая штука, – заўважыў Холмс. – Шрыфт друкаркі настолькі ж індывідуальны, як чалавечы почырк. Калі выключыць выпадак, што машынкі цалкам новыя, вы не знойдзеце дзвюх, якія друкавалі б аднолькава. Адны літары зношваюцца болей за астатнія, другія – толькі з аднаго боку. У вашым лісце, містэр Віндыбэнк, усе літары «е» расплываюцца, а ў літараў «р» кепска фарбуецца ніжняя частка. Ёсць яшчэ чатырнаццаць іншых прыкметаў, але гэтыя дзве найбольш відавочныя.
– У нашай канторы на гэтай друкарцы пішуцца ўсе лісты, безумоўна, яна крыху знасілася, – адказаў наш госць, уважліва гледзячы на Холмса вузкімі светлымі вачыма.
– А цяпер, містэр Віндыбэнк, – казаў Холмс далей, – я пакажу вам нешта сапраўды цікавае. Я збіраюся напісаць невялічкую манаграфію пра тое, як друкаркі дапамагаюць здзяйсняць злачынствы. Звярніце, калі ласка, увагу… У мяне тут чатыры лісты, дасланыя, як заяўлена, зніклым містэрам Энджэлам. Усе яны напісаныя на друкарцы. І што мы тут бачым? Не толькі расплывістыя «е», не толькі непрафарбаваныя «р». Калі вы скарыстаецеся маёй лупаю, то ўбачыце, што тут прысутнічаюць і астатнія чатырнаццаць прыкметаў, пра якія я згадваў.
Містэр Віндыбэнк ускочыў з крэсла і схапіў цыліндр.
– Я не магу марнаваць час на такія дзіўныя размовы, містэр Холмс, – сказаў ён. – Калі вы можаце злавіць таго чалавека, то злавіце і, калі ласка, паведаміце мне, калі гэта адбудзецца.
– Абавязкова, – адказаў Холмс, робячы крок да дзвярэй і замыкаючы іх на ключ. – Паведамляю: я яго злавіў!
– Што? Як?! – ускрыкнуў містэр Віндыбэнк, збялеўшы як палатно і спалохана азіраючыся, нібыта звер, загнаны ў пастку.
– О, не трэба так, праўда не трэба, – ветліва прамовіў Холмс. – У вас не атрымаецца выкруціцца, містэр Віндыбэнк. Усё, што адбылося, больш чым празрыста, і вы зрабілі мне вельмі кепскі камплімент, сказаўшы, што я не змагу вырашыць такую простую праблему. Вось такія справы. Сядайце і давайце ўсё гэта абмяркуем.
Госць паваліўся на крэсла, смяротна бледны, з кропелькамі поту на ілбе.