– Я… не з-зрабіў нічога незаконнага, – заікаючыся, сказаў ён.
– Так, вельмі баюся, што гэта праўда. Але паміж намі, містэр Віндыбэнк, гэта быў самы жорсткі, эгаістычны і бяздушны фокус – безумоўна, у вашай вагавой катэгорыі, – які я калі-небудзь бачыў. Дазвольце мне прабегчыся па падзеях і папраўце, калі я раптам памылюся.
Віндыбэнк скурчыўся на крэсле, апусціўшы галаву на грудзі, відавочна, цалкам знішчаны. Холмс паклаў ногі на камінную дошку і, адкінуўшыся назад і засунуўшы рукі ў кішэні, пачаў расказваць – здавалася, больш сабе, чым нам:
– Мужчына ажаніўся з жанчынай, нашмат старэйшай за яго, каб займець яе грошы. Таксама ён з задавальненнем карыстаецца даходам сваёй падчаркі, бо яна жыве з імі. Для людзей іхнага класу гэта значная сума, і яе страта адчувальна ўдарыць па іх становішчы. Варта пастарацца, каб гэтага не здарылася, праўда? Падчарка ставіцца да такога стану рэчаў добра і прыязна, але яна па-свойму сентыментальная і чуллівая, таму відавочна, што пры яе прывабных якасцях і наяўнасці невялікага даходу яна нядоўга будзе адна, а яе замуства азначае страту сотні фунтаў у год. Як яе айчым можа гэтага пазбегнуць? Самае лёгкае – трымаць яе дома і забараніць знаёміцца з людзьмі яе ўзросту. Але ён хутка разумее, што гэта працягнецца нядоўга. Дзяўчына пачынае ўпарціцца, настойваць на сваіх правах і ўрэшце паведамляе, што збіраецца пайсці на нейкі там баль. І што ж робіць яе кемлівы айчым? Ён прыдумляе план, які робіць гонар яго розуму, але не сэрцу. З ведама і з дапамогай жонкі ён мяняе выгляд: хавае праніклівыя вочы за цёмнымі акулярамі, наклейвае на твар вусы і пышныя бакенбарды, глушыць свой звонкі голас да мяккага шэпту і, абаронены ад выкрыцця яшчэ і блізарукасцю падчаркі, паўстае перад ёю як містэр Хосмер Энджэл, каб не падпускаць да яе іншых кавалераў, зрабіўшыся такім самому.
– Спачатку гэта быў проста жарт, – амаль прастагнаў наш госць. – Мы і падумаць не маглі, што яна захопіцца да такой ступені.
– Можа, і не маглі. У любым выпадку, маладая лэдзі захапілася моцна, а ўпэўненасць, што айчым цяпер у Францыі, перашкодзіла хаця б на хвіліну западозрыць яго ў падмане. Яна была вельмі ўсцешаная ўвагай джэнтльмена, а гучнае захапленне маці падагрэла яе сімпатыю. Містэр Энджэл пачынае званіць, бо цудоўна разумее, што справа выгарыць, калі рухаць яе ў патрэбным кірунку. Пачынаюцца спатканні, а потым адбываюцца і заручыны, пакліканыя канчаткова адвярнуць дзяўчыну ад каго-кольвек. Але падман не мог цягнуцца вечна, гэтыя фальшывыя паездкі ў Францыю прыносілі шмат нязручнасці. Штука была ў тым, каб скончыць справу вельмі драматычна і зрабіць на маладую лэдзі такое глыбокае ўражанне, каб яна пэўны час і не думала глядзець на кагосьці яшчэ. Адсюль і клятвы вернасці на Бібліі, і намёкі на тое, што проста ў дзень вяселля можа раптоўна нешта здарыцца. Джэймс Віндыбэнк хацеў, каб міс Сазэрлэнд была прывязаная да Хосмера Энджэла і, не ведаючы нічога пра ягоны лёс, прынамсі гадоў дзесяць не звяртала ўвагі на іншых мужчынаў. Ён давёў яе да дзвярэй царквы, але далей ісці не мог, таму без асаблівых цяжкасцяў выпарыўся, выкарыстаўшы стары фокус: зайшоў праз адны дзверы экіпажа, а выйшаў праз іншыя. Думаю, я правільна ўзнавіў хаду падзеяў, містэр Віндыбэнк.
Наш госць тым часам крыху апамятаўся і ўстаў з крэсла з халоднай усмешкай на бледным твары.
– Можа, так, а можа, і не, містэр Холмс, – сказаў ён. – Але калі вы такі ўжо разумны, вы скеміце і тое, што закон тут парушаеце вы, а не я. Я нічога супрацьзаконнага не рабіў адпачатку, а вось вы, замкнуўшы дзверы, даяце падставы для пераследу за гвалт і прымус.
– Так, маеце рацыю, па законе вам нічога не зробіш, – сказаў Холмс, адмыкаючы і расчыняючы дзверы. – Але няма чалавека, які заслугоўваў бы пакарання больш, чым вы. Калі б у гэтай дзяўчыны быў бацька ці сябар, ён мусіў бы добра адхвастаць вас бізуном.
На твары Віндыбэнка праслізнула з’едлівая ўсмешка, і Холмс, убачыўшы яе, успыхнуў.
– Ах вось як, – сказаў ён. – Што ж, гэта не ўваходзіць у мае абавязкі, але паляўнічы бізун так блізка, што я, бадай, зраблю сабе прыемнасць…
Холмс зрабіў два крокі, але не паспеў ён узяць бізун, як цяжкія крокі пагрукалі па лесвіцы, гучна стукнулі ўваходныя дзверы, і мы ўбачылі ў акно, як містэр Віндыбэнк на мяжы сваёй хуткасці збягае ўніз па вуліцы.
– Вось жа бессардэчны нягоднік, – засмяяўся Холмс, зноў сядаючы ў фатэль. – Гэты малойчык будзе ўчыняць злачынства за злачынствам, пакуль не дакоціцца да шыбеніцы. А справа ў нечым не была пазбаўленая цікавасці, трэба прызнаць.
– Я змог прасачыць не ўсе вашыя развагі, – заўважыў я.
– Ну, тое, што ў містэра Энджэла былі прычыны для такіх дзіўных паводзінаў, было зразумела з самага пачатку. Гэтаксама было зразумела, што адзіны, каму ўсё гэта было выгадна, – айчым маладой лэдзі. А тое, што гэтыя двое мужчынаў ніколі не сустракаліся і адзін з’яўляўся толькі тады, калі другі адсутнічаў, кідалася ў вочы. Потым акуляры, дзіўны голас, кусцістыя бакенбарды – усё гэта падказвала думку пра пераапрананне. Падазрэнні пацвярджала ягоная дзіўная звычка друкаваць свой подпіс: гэта дазволіла зрабіць выснову, што почырк яго настолькі знаёмы міс Сазэрлэнд, што яна пазнае яго з першай літары. Як бачыце, усе гэтыя асобныя факты, разам з безліччу драбнейшых, вялі ў адным і тым жа кірунку.