Выбрать главу

– А як вы іх праверылі?

– Калі ўжо заўважыў, мой дарагі сябра, пацверджанні знайсці няцяжка. Мне знаёмая кантора, дзе працуе гэты джэнтльмен. З апісання зніклага, змешчанага ў газеце, я прыбраў усё, што магло быць вынікам пераапранання – бакенбарды, акуляры, ціхі голас, – і даслаў яго ў кантору, папрасіўшы паведаміць мне, ці адпавядае гэтаму апісанню хто-небудзь з іх супрацоўнікаў. Таксама я заўважыў асаблівасці друкаркі і даслаў ліст у кантору самому Віндыбэнку з просьбай прыйсці сюды. Як я і разлічваў, адказ ён надрукаваў, што дазволіла пабачыць усе гэтыя дробныя, але характэрныя дэфекты. Той самай поштай я атрымаў ліст з «Вэстхаўз і Мэрбэнк» на Фэнчэрч-стрыт аб тым, што маё апісанне да драбніцаў падыходзіць іх супрацоўніку Джэймсу Віндыбэнку. Вось і ўсё.

– А міс Сазэрлэнд?

– Калі б я ёй расказаў, яна б не паверыла. Можа, вы памятаеце старое персідскае выслоўе: «Небяспека чакае таго, хто забярэ ад тыгрыцы яе дзіцяня, роўна як і таго, хто пазбавіць жанчыну ілюзій». У Хафіза не менш здаровага сэнсу, чым у Гарацыя, і гэтак жа шмат ведання жыцця.

Пераклала Кацярына Маціеўская

Таямніца Боскамскай даліны

Аднаго ранку, калі мы з жонкай снедалі, служанка прынесла тэлеграму ад Шэрлака Холмса. Вось што ў ёй было:

«Можаце вызваліцца на два дні? Мяне толькі што выклікалі на захад Англіі ў сувязі з трагедыяй у Боскамскай даліне. Буду рады, калі далучыцеся. Паветра і пейзаж цудоўныя. Ад’езд з Падынгтана ў 11:15».

– Што ты на гэта скажаш, мілы? – спытала жонка, зірнуўшы мне проста ў твар. – Паедзеш?

– Нават не ведаю. У мяне даволі шмат пацыентаў.

– Ох, Анструтэр ахвотна іх прыме. Апошнім часам ты неяк пабляднеў. Думаю, перамены пойдуць табе на карысць, да таго ж ты заўсёды цікавіўся расследаваннямі містэра Холмса.

– Было б няветліва імі не цікавіцца, асабліва ўлічваючы, што падарыла мне адно з іх, – адказаў я. – Але калі я паеду, то трэба зараз жа збірацца – засталося ўсяго паўгадзіны.

Мой досвед лагернага жыцця ў Афганістане меў прынамсі адну перавагу – ён зрабіў мяне лёгкім па пад’ём і заўсёды гатовым да падарожжаў. Патрэбаў у мяне няшмат, усе яны простыя, а таму я пагрузіў сакваяж у кэб і прыехаў на вакзал Падынгтан нават раней, чым збіраўся. Шэрлак Холмс ужо мераў крокамі платформу, а яго высокая хударлявая фігура ў доўгім шэрым дарожным плашчы і шчыльным кепі здавалася яшчэ худзейшай і вышэйшай.

– Як цудоўна, што вы прыйшлі, Ўотсан, – сказаў ён. – Зусім іншая рэч, калі побач ёсць чалавек, якому можна цалкам давяраць. Мясцовыя звычайна альбо нічога не робяць, альбо ставяцца да справы перадузята. Займіце два бакавыя месцы, а я пайду па білеты.

У вагоне было зусім пуста, калі не лічыць неверагодныя стосы прынесеных Холмсам газет. Сярод усяго гэтага хламу сядзеў сам Холмс і чытаў, час ад часу перарываючыся, каб нешта занатаваць альбо абдумаць. Калі мы міналі Рэдынг, ён раптам змяў газеты ў вялікі ком і закінуў у багажную сетку.

– Вы чулі што-небудзь пра нашую справу? – спытаў ён.

– Ні слова. Я некалькі дзён не чытаў газет.

– Лонданская прэса вялікіх артыкулаў пра яе не змяшчала. Я толькі што прагледзеў усе нядаўнія газеты, каб даведацца пра падрабязнасці, і зразумеў, што гэта адна з тых простых справаў, якія выяўляюцца надзвычай складанымі.

– Гучыць парадаксальна.

– Але па сутнасці гэта чыстая праўда. У самой незвычайнасці справы часцей за ўсё схаваны ключ. Чым больш невыразнае і банальнае злачынства, тым цяжэй у ім разабрацца. У любым разе ў нашай справе супраць сына забітага высунутае сур’ёзнае абвінавачанне.

– Значыць, забойства?

– Ну, гіпатэтычна яно і ёсць. Але пакуль я не ўбачу ўсё на ўласныя вочы, нічога сцвярджаць не буду. Зараз я ў некалькіх словах паспрабую абмаляваць вам сваё бачанне.

Боскамская даліна – гэта вясковая мясцовасць непадалёк ад Роса ў Херэфардшыры*. Найбуйнейшыя зямельныя ўладанні ў гэтым рэгіёне мае містэр Джон Тэрнэр, які зарабіў багацце ў Аўстраліі і колькі гадоў таму вярнуўся на радзіму. Адну з яго фермаў, а менавіта Хатэрлі, арандаваў містэр Чарлз Макарці, які таксама прыехаў з Аўстраліі. Яны пазнаёміліся ў калоніях, а таму нядзіўна, што, пераехаўшы сюды, пасяліліся як мага бліжэй адзін да аднаго. Тэрнэр быў, відаць, багацейшы, а таму Макарці зрабіўся яго арандатарам, аднак гэта, здаецца, не перашкодзіла ім па-ранейшаму сябраваць і часта сустракацца. У Макарці ёсць сын, васемнаццацігадовы хлопец, а ў Тэрнэра – адзіная дачка таго ж узросту, жонкі ж у абодвух памерлі. Яны, здавалася, пазбягалі суседніх ангельскіх сем’яў і вялі самотнае жыццё, хаця абодва Макарці любілі спорт і часта наведвалі скачкі. Макарці трымалі двух слуг – мужчыну і жанчыну. У Тэрнэра гаспадарка большая, не менш за паўтузіна прыслугі. Вось і ўсё, што я даведаўся пра дзве сям’і. Пяройдзем да фактаў.