Слухаючы, з якой лёгкасцю ён патлумачыў свае высновы, я не мог утрымацца ад смеху.
– Калі я чую вашыя тлумачэнні, – сказаў я, – мне ўсё здаецца такім да смешнага простым, што я мог бы і сам лёгка здагадацца, хаця ў кожным наступным выпадку вашыя разважанні зноў ставяць мяне ў тупік, пакуль вы іх не патлумачыце. Аднак я думаю, што мой зрок не горшы за ваш.
– Так яно і ёсць, – пагадзіўся ён, запаліўшы цыгарэту і плюхнуўшыся ў фатэль. – Вы бачыце, але не заўважаеце, а гэта вялікая розніца. Вось, напрыклад, вы часта бачылі прыступкі, якія вядуць з вітальні ў гэты пакой?
– Часта.
– Як часта?
– Ну, разоў сто, не менш.
– І колькі іх там?
– Колькі? Адкуль мне ведаць?
– Вось яно! Вы не заўважаеце, хаця і бачыце. Гэтым мы з вамі і адрозніваемся. Я ведаю, што прыступак сямнаццаць, бо я не толькі глядзеў, але і звяртаў увагу. Дарэчы, калі ўжо вы цікавіцеся рознымі дробнымі праблемамі і нават ласкава апісалі маё сціплае расследаванне адной ці дзвюх з іх, то гэтая таксама можа вас зацікавіць, – і ён кінуў мне аркуш шчыльнай ружовай паштовай паперы, які ляжаў на стале. – Гэта прыйшло з нядаўняй поштай. Прачытайце ўголас.
На цыдулцы не было ні даты, ні подпісу, ні адрасу.
«Сёння вечарам, без чвэрці восем, – гаварылася ў ёй, – вас наведае джэнтльмен, якому неабходна кансультацыю па адной вельмі сур’ёзнай справе атрымаць. Паслуга, якую вы нядаўна зрабілі аднаму з уладных дамоў Еўропы, даводзіць, што вы акурат той чалавек, якому можна спакойна даверыць справу, чыю важнасць нельга пераацаніць. Такі водгук пра вас мы з розных бакоў атрымалі. Будзьце ў гэты час дома і не зразумейце няправільна, калі ваш госць будзе ў масцы».
– Гучыць і праўда вельмі загадкава, – заўважыў я. – Як вы думаеце, што ўсё гэта значыць?
– Пакуль у мяне няма інфармацыі. А тэарэтызаваць, нічога не ведаючы, – вялікая памылка. У такім выпадку пачынаеш незаўважна падганяць факты пад тэорыю, замест таго каб падганяць тэорыю пад факты. Але вернемся да цыдулкі. Якія высновы вы можаце зрабіць?
Я ўважліва агледзеў сам ліст і паперу, на якой ён быў напісаны.
– Аўтар паслання, імаверна, досыць заможны, – адзначыў я, спрабуючы пераняць прыёмы майго сябра. – Такая папера каштуе не танней чым паўкроны за пачак. Яна надзвычай шчыльная і моцная.
– Надзвычай – гэта вы правільна сказалі, – пагадзіўся Холмс. – Гэта ўвогуле не ангельская папера. Паглядзіце на яе супраць святла.
Я так і зрабіў і ўбачыў на паперы вялікую літару «Е» і маленькую «g», а далей – вялікія «Р» і «G» і маленькую «t», уплеценыя ў фактуру паперы.
– Якую выснову вы можаце зрабіць? – спытаў Холмс.
– Гэта, несумненна, імя вытворцы, а дакладней, яго манаграма.
– Вы памыляецеся. Вялікая «G» і маленькая «t» – гэта скарачэнне ад «Gesellschaft», што перакладаецца з нямецкай як «кампанія». Гэта звычайнае скарачэнне, якое адпавядае нашаму «К°». «Р», безумоўна, абазначае «Papier», то бок «папера». Цяпер «Eg». Давайце зірнем у наш «Геаграфічны даведнік Еўропы», – ён зняў з паліцы цяжкі карычневы фаліянт. – Элгаў, Элганіц*… А вось і тое, што трэба: Эгер*. Гэта ў нямецкамоўным раёне, Багеміі, непадалёк ад Карлавых Вараў. «Вядомы як месца смерці Валенштайна*, а таксама дзякуючы шматлікім гутам і папяровым фабрыкам». Ха-ха, мой хлопча, якія высновы можаце вы зрабіць? – яго вочы заблішчэлі, і ён пераможна выпусціў з цыгарэты вялікае блакітнае воблака.
– Папера зробленая ў Багеміі, – сказаў я.
– Менавіта. А аўтар цыдулкі – немец. Вы звярнулі ўвагу на незвычайную будову сказа «Такі водгук пра вас мы з розных бакоў атрымалі»? Француз ці рускі такога б не напісаў. Толькі немцы могуць абыходзіцца з дзеясловамі так непачціва. А таму нам засталося толькі даведацца, чаго гэты немец, які піша на багемскай паперы і лічыць за лепшае хаваць свой твар пад маскай, ад нас хоча. А вось, калі я не памыляюся, і ён сам. Ён і адкажа на ўсе нашыя пытанні.
На гэтых словах мы пачулі рэзкі стук конскіх капытоў і грукат колаў, што зачапілі ходнік, а потым – не менш рэзкі гук званка. Холмс прысвіснуў.