Трэцяга чэрвеня, то бок у мінулы панядзелак, Макарці каля трох гадзінаў дня пакінуў Хатэрлі і спусціўся да Боскамскага става – невялікага вадаёма, утворанага разлівам ручая, што цячэ праз Боскамскую даліну. Раніцай ён з’ездзіў у Рос разам са слугой, якому потым сказаў, што вельмі спяшаецца на важную сустрэчу, прызначаную на тры гадзіны. Жывым з гэтай сустрэчы ён не вярнуўся.
Ад фермерскага дома Хатэрлі да Боскамскага става чвэрць мілі, і два чалавекі бачылі, як Макарці ішоў да вадаёма, – старая жанчына, чыё імя не згадвалася, і Ўільям Краўдэр, ляснік містэра Тэрнэра. Абодва засведчылі, што Макарці быў адзін. Ляснік дадаў, што праз некалькі хвілінаў пасля містэра Макарці ён убачыў яго сына Джэймса, які ішоў у тым самым кірунку з ружжом. Наколькі ён помніць, бацька на той момант яшчэ не знік з поля зроку, і сын спрабаваў яго дагнаць. Пра гэтую сустрэчу ляснік амаль забыў, але тым самым вечарам пачуў пра трагедыю.
Пасля Ўільяма Краўдэра абодвух Макарці бачылі яшчэ раз. Боскамскі стаў аточаны густым лесам, а ўздоўж яго берага цягнецца вузкая палоска травы і чароту. Чатырнаццацігадовая Пэйшэнс Моран, дачка брамніка, што служыць у Боскамскім маёнтку, акурат збірала ў лесе кветкі. Яна сцвярджае, што на ўскрайку лесу, ля самай вады, бачыла містэра Макарці і яго сына, якія, як ёй здалося, моцна сварыліся. Яна чула, як Макарці-старэйшы на сына груба лаяўся, і заўважыла, як той замахнуўся на бацьку. Іх спрэчка так напалохала дзяўчынку, што яна пабегла дадому і з жахам расказала маці пра сустрэчу з двума Макарці, якія сварацца ля Боскамскага става і збіраюцца, відаць, пабіцца. Тут жа да іх прыбег малодшы Макарці, які сказаў, што знайшоў бацьку ў лесе мёртвым, і папрасіў у брамніка дапамогі. Хлопец быў вельмі ўзрушаны, без ружжа і капелюша, а правае рукаво яго кашулі было заплямленае свежай крывёй. Брамнік пайшоў за ім і ўбачыў на траве ля става мёртвае цела. Памерламу размазджэрылі чэрап некалькімі ўдарамі цяжкай тупой прылады. Характар ранаў указваў на тое, што іх маглі нанесці прыкладам ружжа, якое належала сыну і валялася цяпер за два-тры крокі ад трупа. Зразумела, юнака тут жа арыштавалі, у аўторак следства вынесла папярэдні вердыкт «наўмыснае забойства», а ў сераду яго выклікалі ў паліцэйскі суд Роса, які адправіў справу на разгляд суда прысяжных. Вось асноўныя факты, вядомыя коранеру і паліцэйскаму суду.
– Агіднейшую справу і ўявіць цяжка, – адзначыў я. – Не помню іншага злачынства, дзе ўскосныя доказы так дакладна паказвалі б на забойцу.
– Але ўскосныя доказы – рэч вельмі ненадзейная, – задуменна прамовіў Холмс. – Спачатку здаецца, што яны дакладна сведчаць пра адно, але варта трохі змяніць пункт гледжання – і яны гэтак жа бясспрэчна будуць сведчыць пра нешта іншае. Аднак мушу прызнацца, што ўсё сур’ёзна гаворыць супраць юнака, і цалкам магчыма, што забойца – ён. Тым не менш многія суседзі, і тым ліку міс Тэрнэр, дачка мясцовага землеўласніка, вераць у яго невінаватасць і нават запрасілі расследаваць злачынства Лестрада – помніце, мы сустракаліся з ім у справе, апісанай вамі як «Эцюд у пунсовым»? Лестрад, зусім заблытаўшыся, перадаў расследаванне мне – і вось два джэнтльмены сярэдніх гадоў імчаць на захад з хуткасцю пяцьдзясят міляў у гадзіну, замест таго каб мірна спажываць дома сняданак.
– Але баюся, – сказаў я, – што факты настолькі відавочныя, што вы наўрад ці чаго даб’яцеся.
– Няма нічога больш падманлівага за відавочныя факты, – са смехам адказаў Холмс. – Да таго ж у нас ёсць шанец натрапіць на нейкія відавочныя факты, якія падаліся містэру Лестраду не такімі ўжо відавочнымі. Вы ведаеце мяне занадта добра, каб лічыць пахвальбой жаданне пацвердзіць альбо абвергнуць яго тэорыю такімі сродкамі, якія ён не здольны не тое што выкарыстаць, але і проста зразумець. Возьмем першы прыклад, які прыйшоў мне ў галаву: я магу з упэўненасцю сказаць, што акно ў вашым ванным пакоі размешчанае справа, але сумняюся, ці заўважыў бы містэр Лестрад нават такую відавочную рэч.