Выбрать главу

– Але ж як…

– Дарагі мой сябра, я вельмі добра вас ведаю. Ведаю ўласцівую вам ваенную ахайнасць. Кожнага ранку вы голіцеся, прычым у гэтую пару года пры сонечным святле, але калі справа ваш твар вельмі чысты, то бліжэй да левай шчакі ўжо бачная нейкая неакуратнасць, а ўся левая сківіца паголеная зусім дрэнна. Няма сумневу, што ў вашым ванным пакоі левы бок асветлены нашмат горш, бо я не веру, каб чалавек з вашымі звычкамі, гледзячы на сябе пры роўным святле, задаволіўся б такім вынікам. Я прывёў гэта як найпрасцейшы прыклад назірання і ўмення рабіць высновы. У гэтым мой талент, і цалкам магчыма, што ў новым расследаванні ён зможа нам дапамагчы. Падчас дазнання выплыла некалькі вартых увагі дэталяў.

– Якіх?

– Выявілася, што хлопца арыштавалі не адразу, а толькі пасля яго вяртання ў Хатэрлі. Калі паліцэйскі інспектар паведаміў яму пра затрыманне, юнак адзначыў, што ён не здзіўлены, бо яго віна вартая такога пакарання. Натуральна, што пасля гэтай заўвагі ўсе сумневы, якія яшчэ заставаліся ў коранерскага суда, рассеяліся.

– Гэта ж прызнанне! – выгукнуў я.

– Не, бо пасля яго Макарці засведчыў сваю невінаватасць.

– Аднак у святле папярэдніх жахлівых падзеяў яго заўвага гучыць больш чым падазрона.

– Наадварот, – сказаў Холмс, – гэта найярчэйшы пробліск, які я бачу між хмараў. Нават калі ён зусім не вінаваты, ён не можа быць поўным ідыётам і не разумець, што ўсе акалічнасці супраць яго. Калі б арышт яго здзівіў альбо абурыў, такія паводзіны я палічыў бы надзвычай падазронымі, бо і здзіўленне, і абурэнне выглядалі б у гэтай сітуацыі ненатуральна і як найлепш выкрывалі б яго хітрыкі. Такое шчырае прыняцце сітуацыі сведчыць пра тое, што перад намі альбо невінаваты, альбо неверагодна вытрыманы і стойкі чалавек. Што да заўвагі пра віну, то яна падаецца мне натуральнай. Успомніце, яна прагучала ля мёртвага цела бацькі, якому сын, забыўшы пра свой абавязак, у той самы дзень нагаварыў гнеўных словаў і нават, калі верыць дзяўчынцы, чые сведчанні для нас вельмі важныя, падняў на яго руку. У словах юнака мне чуецца раскаянне і самакатаванне – прыкметы хутчэй здаровага, чым абцяжаранага віной розуму.

Я пахітаў галавой:

– Многіх вешалі на падставе менш пераканаўчых доказаў.

– Не спрачаюся. Больш за тое, многіх вешалі памылкова.

– А што расказвае сам юнак?

– Баюся, яго словы абаронцам надта не дапамогуць, хаця некалькі момантаў аповеду прымушаюць задумацца. Зрэшты, вось вам гэты аповед, прачытайце самі.

Ён выцягнуў са стоса нейкую мясцовую херэфардшырскую газету і, разгарнуўшы, паказаў на абзац, у якім няшчасны юнак расказвае пра сваё бачанне падзеяў. Я ўладкаваўся ў куце вагона і ўважліва прачытаў тэкст. Вось пра што там вялося: «Быў выкліканы містэр Джэймс Макарці, адзіны сын памерлага, які засведчыў наступнае: «Тры апошнія дні я быў у Брысталі і вярнуўся толькі ранкам мінулага панядзелка, трэцяга чэрвеня. Бацькі ў момант майго вяртання дома не было – служанка сказала, што ён разам з конюхам Джонам Кобам адправіўся ў Рос. Хутка пасля гэтага я пачуў рыпенне двухколкі і, зірнуўшы ў акно, убачыў, як бацька з яе выйшаў і паспешна рушыў з двара, аднак у якім кірунку, я не ведаў. Тады я ўзяў ружжо і пайшоў у бок Боскамскага става, збіраючыся наведаць трусіную паляну, што ляжыць побач. Па дарозе я сустрэў Ўільяма Краўдэра, лесніка, пра што ён згадаў у сваіх паказаннях, але памыліўся, думаючы, што я кіруюся ўслед за бацькам. Я і не здагадваўся, што ён ідзе наперадзе. Дзесьці за сто ярдаў ад става я пачуў крык «Ахой!» – так звычайна мы з бацькам клікалі адзін аднаго. Я паспяшаўся наперад і ўбачыў яго на беразе. Маё з’яўленне, аднак, вельмі яго здзівіла, і ён груба спытаў, што я тут раблю. У выніку мы перайшлі да ўзаемных абразаў і ледзь не пабіліся, бо нораў у бацькі вельмі гарачы. Зразумеўшы, што яго гнеў не ўтаймаваць, я вырашыў вярнуцца ў Хатэрлі. Не прайшоў я і ста пяцідзесяці ярдаў, як пачуў за спінай жахлівы крык і кінуўся назад. Выбегшы на бераг, я ўбачыў бацьку, які паміраў з вусцішнай ранай на галаве. Я адкінуў ружжо і прыпадняў яго за плечы, але ў гэты момант ён сканаў. Некалькі хвілінаў я кленчыў перад яго целам, а потым пабег да брамніка містэра Тэрнэра, бо ён жыў адтуль бліжэй за ўсіх, па дапамогу. Калі я падбег да бацькі, то не ўбачыў нікога побач, а таму не ўяўляю, хто нанёс яму смяротнае раненне. Ён не вадзіў шырокіх знаёмстваў, бо быў у пэўнай ступені чалавекам халодным і непрыемным у стасунках, але, наколькі мне вядома, відавочных ворагаў не меў. Больш пра гэтую справу я нічога не ведаю».