Коранер: Ці паведаміў вам бацька што-небудзь перад смерцю?
Сведка: Ён прамармытаў некалькі словаў, але я здолеў пачуць толькі нешта пра аратага.
Коранер: Як вы гэта разумееце?
Сведка: Не бачу тут ніякага сэнсу. Думаю, ён трызніў. Коранер: Пра што вы спрачаліся?
Сведка: Я не хацеў бы пра гэта гаварыць. Коранер: Баюся, што мушу настойваць.
Сведка: Я і праўда не магу сказаць. Магу вас упэўніць, што з трагедыяй гэта ніяк не звязана.
Коранер: Суд вырашыць сам. Няма патрэбы тлумачыць вам, што адмова адказваць на пытанне вельмі пагоршыць стаўленне да вас суда на наступных паседжаннях.
Сведка: І ўсё ж я мушу адмовіцца адказваць.
Коранер: Я правільна зразумеў, што вы з бацькам звычайна клікалі адзін аднаго клічам «Ахой»?
Сведка: Усё правільна.
Коранер: Як тады можа быць, што ён паклікаў вас, яшчэ не бачачы і нават не ведаючы, што вы вярнуліся з Брысталя?
Сведка (заўважна збянтэжаны): Не ведаю. Прысяжны: Ці заўважылі вы што-небудзь падазронае, калі, пачуўшы крык, вярнуліся і ўбачылі яго смяротныя раны?
Сведка: Нічога асаблівага. Коранер: Што вы маеце на ўвазе?
Сведка: Я выбег на адкрытую прастору вельмі ўстрывожаны і ўзрушаны, а таму не мог думаць ні пра што іншае, апроч бацькі. Аднак я цьмяна прыгадваю, што, калі выбег з лесу, справа ад мяне на зямлі нешта ляжала. Здаецца, гэта было нешта шэрае, плашч ці нешта такое, можа, плед. Падняўшыся, я паспрабаваў гэтую рэч знайсці, але яе не было.
Коранер: Вы хочаце сказаць, што яна знікла перад тым, як вы пабеглі па дапамогу?
Сведка: Так, яна знікла.
Коранер: Вы не ведаеце, што гэта было?
Сведка: Не, я проста адчуваў, што нешта ляжыць. Коранер: Як далёка ад цела?
Сведка: Ярдаў за дванаццаць. Коранер: А ад краю лесу? Сведка: Прыкладна гэтак жа.
Коранер: То бок калі гэтая рэч знікла, яна ляжала за тузін ярдаў ад вас?
Сведка: Так, але яна была за маёй спінай. На гэтым допыт сведкі скончыўся».
– Мне здаецца, – сказаў я, прагледзеўшы артыкул, – што апошнія пытанні коранера да маладога Макарці вельмі суровыя. Ён звяртае ўвагу, прычым небеспадстаўна, на тое, што бацька не мог яго паклікаць, не ўбачыўшы, а таксама на адмову расказаць пра спрэчку і на дзіўны аповед пра апошнія словы памерлага. Усё гэта, як адзначыў коранер, сведчыць супраць сына.
Холмс мякка рассмяяўся і расцягнуўся на ўтульным сядзенні.
– У вас з коранерам агульная праблема, – сказаў ён, – вы адкідваеце ўсе паказанні юнака, якія сведчаць на яго карысць. Хіба вы не бачыце, што прыпісваеце яму то занадта моцнае, то занадта слабае ўяўленне? Занадта слабае, калі ён не можа прыдумаць прычыну спрэчкі, якая схіліла б да яго прысяжных, а занадта моцнае – калі ён мог выдумаць неверагодныя згадкі памерлага пра аратага і гісторыю са зніклым плашчом. Не, я буду трымацца меркавання, што юнак кажа праўду, і паглядзім, куды гэтая гіпотэза нас выведзе. Я цяпер я займуся сваім кішэнным Петраркам і не скажу пра нашую справу ні слова, пакуль не ўбачу месца дзеяння. У Суіндане паабедаем – думаю, хвілін праз дваццаць мы ўжо там будзем.
Было каля чатырох, калі мы, мінуўшы прыгожую Страўдскую даліну* і шырокі бліскучы Сэверн, апынуліся ўрэшце ў мілым правінцыйным гарадку Рос. На платформе нас чакаў худы, падобны да тхара чалавек, скрытны і хітраваты на выгляд. Нягледзячы на тое, што з павагі да сельскай мясцовасці ён быў апрануты ў светла-карычневы пыльнік і скураныя гамашы, я лёгка пазнаў у ім Лестрада са Скотланд-Ярда. Разам з ім мы даехалі да гатэля «Герб Херэфарда», дзе для нас быў падрыхтаваны пакой.
– Я замовіў экіпаж, – сказаў Лестрад, калі мы сядзелі за кубкам гарбаты. – Ведаючы вашую няўрымслівую натуру, я ўпэўнены, што вы не супакоіцеся, пакуль не трапіце на месца злачынства.
– Вельмі ласкава і пахвальна з вашага боку, – адказаў Холмс. – Але ўсё залежыць ад паказанняў барометра.
– Я не зусім разумею… – разгублена пачаў Лестрад.
– Што нам паказвае барометр? Ага, дваццаць дзевяць. На небе ні воблачка, і ніякага ветру. У мяне тут цэлы пачак цыгарэтаў, які трэба выкурыць, да таго ж гэтая канапа нашмат лепшая за тую дрэнь, што звычайна стаіць у вясковых гатэлях. Не, не думаю, што сёння вечарам захачу скарыстацца вашым экіпажам.
Лестрад паблажліва засмяяўся.
– Вы, несумненна, ужо зрабілі нейкія высновы, прачытаўшы газеты, – прамовіў ён. – Справа простая як палка, і чым больш ёй займаешся, тым прасцейшай яна здаецца. Аднак адмаўляць лэдзі нельга, тым больш такой прыемнай. Яна чула пра вас і хоча ведаць вашае меркаванне, хаця я шмат разоў паўтараў ёй, што вы не зробіце нічога, чаго ўжо не зрабіў я. Божа мой! Ля дзвярэй яе экіпаж!