Ледзь ён вымавіў гэтыя словы, як у пакой зайшла адна з самых прывабных маладых жанчын, якіх я толькі бачыў. Яе бліскучыя фіялкавыя вочы, трошкі прыадкрытыя вусны і паружавелыя шчокі сведчылі, што праз неадольную трывогу і хваляванне яна страціла сваю натуральную стрыманасць.
– Містэр Холмс! – усклікнула яна, пераводзячы погляд з яго на мяне і ўрэшце з тонкай жаночай інтуіцыяй спыняючыся на маім сябру. – Я так радая, што вы прыехалі! Я імчала сюды, каб сказаць вам гэта. Я ўпэўненая, што Джэймс нікога не забіваў, і хачу, каб вы ўзяліся за маю справу, таксама гэта ведаючы. Не дазваляйце сабе сумнявацца ў ім. Мы знаёмыя з ранняга дзяцінства, і я ведаю ўсе яго недахопы як ніхто іншы. Ён такі мяккасардэчны, што не пакрыўдзіць і мухі. Усе яго добрыя знаёмыя лічаць абвінавачанне бязглуздым.
– Спадзяюся, міс Тэрнэр, мы дапаможам яго апраўдаць, – сказаў Шэрлак Холмс. – Будзьце ўпэўненыя, я зраблю ўсё, што змагу.
– Але справаздачы вы ўжо прачыталі? У вас ёсць ужо меркаванне пра падзеі? Можа, гэта нейкая памылка, непаразуменне? Няўжо вы не верыце, што ён невінаваты?
– Я думаю, што гэта цалкам магчыма.
– Вось бачыце! – усклікнула яна, ускідваючы галаву і з выклікам гледзячы на Лестрада. – Чуеце? Надзея ёсць!
Лестрад паціснуў плячыма.
– Баюся, мой калега робіць крыху паспешлівыя высновы, – сказаў ён.
– Але ён мае рацыю. Ох, я ведаю, што ён мае рацыю. Джэймс гэтага не рабіў. Што да яго спрэчкі з бацькам, то тут я ўпэўненая: ён нічога не сказаў коранеру, бо яна была звязаная са мной.
– Якім жа чынам? – удакладніў Холмс.
– Цяпер не час штосьці хаваць. Джэймс часта спрачаўся з бацькам наконт мяне. Містэр Макарці вельмі хацеў, каб мы ажаніліся. Мы з Джэймсам заўсёды любілі адно аднаго як брат і сястра, але ён, безумоўна, яшчэ занадта малады, не бачыў жыцця і… і… ну, нічога такога, натуральна, не планаваў. Пра гэта ён з бацькам і спрачаўся – думаю, перад смерцю містэра Макарці таксама.
– А што ваш бацька? – спытаў Холмс. – Ён ухваліў бы ваш саюз?
– Не, ён таксама быў супраць. Ніхто, апроч бацькі Джэймса, гэтага не хацеў.
Тут Холмс кінуў на яе адзін са сваіх праніклівых запытальных позіркаў, і дзяўчына пачырванела.
– Дзякуй за звесткі, – сказаў ён. – Магу я ўбачыцца з вашым бацькам, калі зазірну да вас заўтра?
– Баюся, доктар гэтага не дазволіць.
– Доктар?
– Хіба вы не чулі? У апошнія гады здароўем бацька пахваліцца не мог, а нядаўняя трагедыя зусім яго зламала. Ён злёг, і доктар Ўілсан кажа, што яго нервовая сістэма ў катастрафічным стане. Містэр Макарці быў адзіным чалавекам, які ведаў бацьку яшчэ з часоў яго жыцця ў Вікторыі*.
– Ага, у Вікторыі! Гэта важна.
– Так, на залатых капальнях.
– Несумненна. Там ваш бацька і зарабіў сваё багацце?
– Ну канечне.
– Дзякуй, міс Тэрнэр. Вы вельмі мне дапамаглі.
– Прашу вас, паведаміце заўтра, калі будуць нейкія навіны. Вы, відаць, наведаеце Джэймса ў турме? Калі так, містэр Холмс, скажыце яму, калі ласка, што я веру ў яго невінаватасць!
– Абавязкова, міс Тэрнэр.
– Цяпер я мушу вяртацца, бо бацька хварэе, і яму без мяне кепска. Да сустрэчы, і хай вам у расследаванні дапаможа Бог!
Яна выйшла з пакоя гэтак жа паспешна, як і ўвайшла, і хутка мы пачулі рыпенне колаў яе экіпажа, які ад’язджаў прэч.
– Мне сорамна за вас, Холмс, – напышліва сказаў Лестрад пасля некалькіх хвілінаў маўчання. – Навошта вы далі ёй надзею, якую не зможаце апраўдаць? Я не магу назваць сябе чуллівым, але вашыя паводзіны лічу жорсткімі.
– Думаю, я ведаю, як апраўдаць Джэймса Макарці, – сказаў Холмс. – У вас ёсць ордар на наведванне турмы?
– Безумоўна, але толькі для нас з вамі.
– Я перагледзеў сваё рашэнне не выходзіць з дому. Мы яшчэ паспеем сесці на цягнік да Херэфарда* і сустрэцца з хлопцам?
– Безумоўна.
– Тады так і зробім. Баюся, Ўотсан, вы тут засумуеце, але гадзіны праз дзве я вярнуся.
Я прайшоўся з імі да станцыі, потым пабадзяўся па вуліцах гарадка і ўрэшце вярнуўся з гатэль, дзе заваліўся на канапу, паспрабаваўшы заняць сябе нейкім бульварным раманчыкам. Але яго банальны сюжэт настолькі прайграваў жахлівай трагедыі, у якой мы спрабавалі разабрацца, што мае думкі ўвесь час пераскоквалі з рамана на рэальныя падзеі, пакуль я ўрэшце не закінуў кнігу ў кут і не аддаўся развагам пра сённяшні дзень. Калі лічыць, што няшчасны юнак гаворыць праўду, тады якая чартаўшчына, якая неверагодная і непрадбачаная бяда магла адбыцца ў той прамежак часу, калі ён пакінуў бацьку, а потым пачуў яго крыкі і прыбег на паляну? Гэта было нешта жахлівае, смертаноснае. Але што? Магчыма, характар пашкоджанняў падкіне мне як медыку якую-небудзь ідэю. Я пазваніў і папрасіў прынесці ўсе мясцовыя газеты за апошні тыдзень, у якіх матэрыялы дазнання змяшчаліся даслоўна. У паказаннях хірурга я прачытаў, што цяжкі ўдар тупой зброі раструшчыў трэцюю заднюю цемянную костку і левую частку патылічнай косткі. Я намацаў гэтае месца на сваёй галаве. Відавочна, такі ўдар маглі нанесці толькі ззаду. У пэўным сэнсе гэта сведчыла на карысць абвінавачанага: бачылі, што падчас спрэчкі ён стаіць да бацькі тварам. Тым не менш гэта давала няшмат, бо стары мог павярнуцца да яго спінай і атрымаць удар. Але ў любым разе на гэта варта звярнуць увагу Холмса. Потым гэтая дзіўная згадка смяротна параненага пра аратага. Што яна значыць? Гэта дакладна не трызненне. Чалавек, які памірае ад раптоўнага ўдару, звычайна не трызніць. Не, Макарці, відаць, паспрабаваў патлумачыць, як яго напаткала смерць. Але што ён хацеў сказаць? Я ламаў галаву, спрабуючы знайсці тут хоць які сэнс. А яшчэ гэтая заўважаная маладым Макарці шэрая адзежына. Калі ён сказаў праўду, забойца не толькі згубіў, уцякаючы, нешта са свайго ўбрання – хутчэй за ўсё плашч, – але і меў дастаткова нахабства, каб вярнуцца і сцягнуць яго пад самым носам у сына, які менш чым за дзесяць крокаў кленчыў ля цела бацькі. Як спляліся ў гэтай гісторыі таямніцы і неверагоднасці! Мяне не дзівіла меркаванне Лестрада, аднак я верыў у праніклівасць Шэрлака Холмса і не траціў надзеі, тым больш што новыя факты ўзмацнялі, здавалася, яго ўпэўненасць у невінаватасці маладога Макарці.