Калі Холмс вярнуўся, ужо звечарэла. Ён быў адзін, бо Лестрад спыніўся ў горадзе.
– Паказанні барометра ўсё яшчэ высокія, – зазначыў ён і прысеў. – Важна, каб не было ніякага дажджу, пакуль мы не трапім на месца. З іншага боку, злачынца вельмі добра і хітра зрабіў сваю справу, і я не хачу пачынаць расследаванне, не адпачыўшы пасля доўгай дарогі. Я бачыў маладога Макарці.
– І што вы ад яго даведаліся?
– Нічога.
– Праліў ён нейкае святло на справу?
– Ніякага. Я схіляўся да думкі, што ён ведае забойцу, але хавае яго ці яе імя, але цяпер мушу прызнаць, што ён здзіўлены не менш за астатніх. Юнак не вельмі кемлівы, хаця з выгляду прыстойны і, думаецца, несапсаваны.
– Але я не магу ўхваліць яго густ, – адзначыў я, – калі ён сапраўды не хоча ажаніцца з такой чароўнай лэдзі, як міс Тэрнэр.
– Ах, за ўсім гэтым хаваецца досыць непрыемная гісторыя. Хлопец шалёна, апантана яе кахае, але гады два таму, калі ён быў яшчэ зусім дзіцем і кепска ведаў міс Тэрнэр, якая пяць гадоў правяла ў пансіянаце, гэты ідыёт не прыдумаў нічога лепшага, як трапіць у лапы адной брыстальскай барменкі і зарэгістраваць з ёй шлюб. Пра гэта ніхто не ведае, але ўявіце, якая гэта шалёная пакута – чуць папрокі за адмову зрабіць тое, чаго ён усім сэрцам прагне, але разумее, што гэта немагчыма. Менавіта гэтая пакута, гэтае вар’яцтва прымусіла яго падняць руку і ледзь не ўдарыць бацьку падчас іх апошняй размовы, калі той падштурхоўваў яго зрабіць міс Тэрнэр прапанову. З іншага боку, у яго не было магчымасці абараніцца, і калі б бацька, пра якога ўсе гавораць як пра чалавека з цяжкім характарам, даведаўся праўду, то тут жа выкінуў бы яго з дому. Апошнія тры дні ён правёў акурат са сваёй жонкай у Брысталі, і бацька не ведаў, дзе сын. Добра запомніце гэты момант, ён вельмі важны. Але ліха без дабра не бывае, бо барменка, дазнаўшыся з газет пра сур’ёзныя праблемы хлопца і нават магчымае смяротнае пакаранне, тут жа яго кінула, напісаўшы, што на Бермудскай верфі ў яе ўжо ёсць муж, а таму іх з Макарці нічога не звязвае. Думаю, гэтая навіна ўзнагародзіла юнака за ўсе яго пакуты.
– Але калі ён невінаваты, хто мог гэта зрабіць?
– І праўда, хто? Я звярнуў бы вашую ўвагу на два істотныя моманты. Па-першае, забіты мусіў сустрэцца з кімсьці ля става, прычым не са сваім сынам, які тады адсутнічаў і бацька не ведаў, калі ён вернецца. Падругое, чулі, што забіты крычаў «Ахой!», яшчэ не ведаючы, што сын вярнуўся. Ад гэтых ключавых момантаў усё і залежыць. А цяпер, калі вы не супраць, пагаворым пра Джорджа Мерэдыта*, а драбнейшыя справы пакінем на заўтра.
Дажджу, як і прадказваў Холмс, не было: ранак выдаўся ясны і бясхмарны. У дзевяць Лестрад забраў нас экіпажам, і мы паехалі да фермы Хатэрлі і Боскамскага става.
– Сёння прыйшлі кепскія навіны, – сказаў Лестрад. – Кажуць, містэр Тэрнэр расхварэўся так, што надзеяў амаль не засталося.
– Ён, відаць, ужо ва ўзросце? – удакладніў Холмс.
– Каля шасцідзесяці, але ён падарваў здароўе за мяжой і хварэе ўжо досыць даўно. Нядаўні выпадак усё толькі пагоршыў. Ён даўні сябар Макарці і, магу дадаць, яго вялікі дабрадзей, бо я даведаўся, што ферма Хатэрлі здавалася бясплатна.