– Праўда? Гэта цікава, – сказаў Холмс.
– Канечне, праўда! І дапамагаў яму сотняй іншых спосабаў. Усе тут гавораць пра дабрыню містэра Тэрнэра да свайго сябра.
– Вось як! І вас зусім не дзівіць, што гэты Макарці, у якога, як выявілася, за душой амаль нічога не было і які ўсім абавязаны Тэрнэру, казаў нешта пра жаніцьбу свайго сына з яго дачкой – несумненна, адзінай спадчынніцай маёнтка, – прычым казаў так упэўнена, нібыта варта толькі зрабіць прапанову – і ўсё адразу ж вырашыцца? А яшчэ цікавейшае тое, што Тэрнэр, як мы ведаем, гэтага шлюбу не хацеў. Так сказала яго дачка. Якія тут можна зрабіць высновы?
– Мы захраслі ў высновах і разборах, – сказаў Лестрад, падміргваючы мне. – Думаю, Холмс, такое паглыбленне ў факты немагчымае без прыцягнення пустых тэорыяў і фантазіяў.
– Маеце рацыю, – стрымана сказаў Холмс, – такое паглыбленне ў факты для вас і праўда немагчымае.
– У любым разе я разумею адну рэч, якую вам зразумець складана, – трохі запальчыва сказаў Лестрад.
– Якую гэта?
– А тую, што старэйшы Макарці загінуў ад рукі Макарці-малодшага і што ўсе іншыя тэорыі – не больш як падманнае месяцавае святло.
– Ну, месяцавае святло ярчэйшае за туман, – засмяяўся Холмс. – Але магу паспрачацца, што злева ад нас – ферма Хатэрлі!
– Яна самая.
Гэта быў шырока разлеглы, двухпавярховы, з выгляду ўтульны будынак, пакрыты шыферам, з дзвюма вялікімі плямамі жоўтага лішайніку на сценах. Аднак апушчаныя шторы і коміны, з якіх не ішоў дым, надавалі дому нешта хваравітае, нібыта на ім дагэтуль ляжаў цяжар нядаўняга жаху. Мы пазванілі, і на просьбу Холмса служанка паказала нам боты, у якіх памёр яе гаспадар, а таксама чаравікі сына, хаця і не тую пару, якая тады была на ім. Памераўшы абутак у сямі ці васьмі розных месцах, Холмс папрасіў правесці яго ва ўнутраны двор, адкуль мы звілістай сцяжынкай рушылі да Боскамскага става.
Калі Холмс браў гарачы след, ён увесь змяняўся. Яго наўрад ці пазнаў бы той, хто ведаў яго толькі як ціхага логіка і мысляра з Бэйкер-стрыт. Твар яго пакрываўся румянцам і цямнеў. Бровы выпростваліся ў дзве жорсткія лініі, а ў вачах з’яўляўся стальны бляск. Галава апускалася, плечы сутуліліся, вусны шчыльна сціскаліся, а на доўгай жылістай шыі рубцамі выступалі вены. Здавалася, што ад чыста жывёльнай прагі пераследу яго ноздры расшыраліся, а розум так засяроджваўся на пастаўленай перад ім задачы, што ўсе пытанні альбо прапускаліся міма вушэй, альбо выклікалі ў адказ толькі хуткі і нецярплівы рык. Холмс маўкліва і хутка рухаўся ўздоўж сцяжыны, што праз лугі і лясы бегла да Боскамскага става. Вільготную і балоцістую, як і ва ўсёй акрузе, зямлю ўсейвалі адбіткі многіх ног – мы бачылі іх і на сцежцы, і сярод нізкай травы, што з абодвух бакоў падступала да дарогі. Часам Холмс прыспешваў крок, часам застываў як слуп, а аднойчы нават зрабіў невялікае кола ў лугах. Мы з абыякавым і пагардлівым Лестрадам ішлі ззаду, і я з цікавасцю сачыў за сябрам, упэўнены, што кожнае яго дзеянне мае дакладную мэту.
Боскамскі стаў, невялікі парослы чаротам вадаём каля пяцідзесяці ярдаў у дыяметры, ляжаў на самай мяжы паміж фермай Хатэрлі і паркам багатага містэра Тэрнэра. Над лясамі, якія падыходзілі да яго дальняга берага, былі добра відаць высокія чырвоныя вежы, якія сведчылі пра блізкасць жытла заможнага землеўласніка. З боку Хатэрлі лес вельмі густы, і ад чароту, які атачае стаў, яго аддзяляе толькі вузкі пас вільготнай травы шырынёй крокаў на дваццаць. Лестрад паказаў месца, дзе знайшлі цела. Зямля была такой вогкай, што я яскрава ўбачыў сляды падзення параненага чалавека. Прагны твар і напружаны позірк Холмса сведчылі пра тое, што ў змятай траве ён збіраецца прачытаць нашмат больш. Ён пашнырыў па беразе, як сабака, што ловіць след, а потым звярнуўся да нашага спадарожніка.
– Што вы рабілі з гэтым ставам?
– Я прачэсваў яго граблямі. Думаў, там можа знайсціся нейкая зброя ці што іншае. Але як, дзеля ўсяго святога…
– Ну ўсё, усё, няма часу! Тут паўсюль адбіткі вашай трохі вывернутай усярэдзіну левай падэшвы. Вас высачыць нават крот. А ў чароце след губляецца. О, як усё было б проста, апыніся я тут да нашэсця статка буйвалаў, якія ўсё вытапталі! Вось тут засталіся сляды тых, што прыйшлі з дому брамніка і пасля шэсць ці нават восем разоў абышлі вакол цела, усё вакол затаптаўшы. А вось тры асобныя ланцужкі адных і тых жа адбіткаў, – тут ён дастаў лупу і лёг на свой воданепранікальны плашч, каб лепш іх разгледзець, размаўляючы пры гэтым хутчэй з самім сабой, чым з кімсьці яшчэ. – Гэта сляды маладога Макарці. Ён двойчы тут праходзіў і адзін раз бег так хутка, што наскі яго чаравікаў адбіліся вельмі выразна, а абцасы – ледзь заўважна. Гэта пацвярджае яго гісторыю. Ён пабег, калі ўбачыў, што бацька ляжыць на зямлі. Далей сляды бацькі, які прагульваўся туды-сюды. А што ў нас тут? След прыклада, калі сын стаяў і слухаў. А гэта? Ха-ха-ха. Што гэта ў нас? Дыбачкі! Хтосьці ішоў на дыбачках! Зусім квадратныя, вельмі незвычайныя чаравікі! Хтосьці прыйшоў, сышоў, потым вярнуўся зноў – безумоўна, забраць плашч. Так, адкуль яны вядуць?