Холмс бегаў туды-сюды, часам губляючы, часам зноў знаходзячы след, пакуль усе мы не апынуліся ля самага ўскрайку лесу ў цені вялікага бука, самага высокага дрэва ў ваколіцы. Мой сябар знайшоў сляды за яго камлём і з пераможным крыкам зноў паваліўся на зямлю. Так ён праляжаў доўгі час, разграбаючы лісце і высахлыя галінкі, збіраючы ў канверт штосьці, на маю думку, вельмі падобнае да пылу і вывучаючы праз лупу не толькі зямлю, але і кару дрэва, да якой ён змог дабрацца. Сярод імху ляжаў вышчарблены камень, які Холмс таксама ўважліва агледзеў і ўзяў з сабой. Потым сцяжынкай, што вяла праз лес, ён выйшаў на гасцінец, дзе ўсе сляды згубіліся.
– Неймаверна цікавы выпадак, – зазначыў ён, вярнуўшыся да свайго звычайнага стану. – Гэты шэры дом справа належыць, відаць, брамніку. Думаю, я зазірну туды, перагавару з гаспадаром і, можа, напішу маленькую цыдулку. Пасля гэтага паедзем у гатэль на абед. Ідзіце да кэба, а я хутка да вас далучуся.
Калі праз дзесяць хвілінаў мы вярталіся кэбам у Рос, Холмс усё яшчэ трымаў камень, падняты ў лесе.
– Вас гэта можа зацікавіць, Лестрад, – сказаў ён, падаючы інспектару камень. – Ім учыненае забойства.
– Я не бачу ніякіх слядоў.
– Іх і няма.
– Адкуль тады вы ведаеце?
– Пад ім расла трава. Значыць, ён ляжаў там усяго некалькі дзён. Нідзе не было бачна месца, адкуль яго ўзялі. Ён адпавядае характару раненняў. Няма і знаку іншай зброі.
– Як наконт забойцы?
– Гэта высокі мужчына, ляўша, кульгае на правую нагу, носіць паляўнічыя боты на тоўстай падэшве і шэры плашч, курыць індыйскія цыгары*, выкарыстоўвае муштук, у яго кішэні ляжыць тупы сцізорык. Ёсць і некалькі іншых прыкметаў, але гэтых нам для пошукаў больш чым дастаткова.
Лестрад засмяяўся.
– Баюся, я ўсё яшчэ застаюся скептыкам, – сказаў ён. – Тэорыі і ўсё такое – гэта добра, але мы маем справу з практычным брытанскім судом.
– Nous verrons,[5] – спакойна сказаў Холмс. – У вас свае метады, у мяне – свае. Сёння ўдзень я буду заняты і, відаць, вярнуся ў Лондан вечаровым цягніком.
– І пакінеце справу нераскрытай?
– Чаму ж, раскрытай.
– Але таямніца…
– Яна разгаданая.
– І хто тады забойца?
– Апісаны мной джэнтльмен.
– Але хто ён?
– Думаю, гэта лёгка высветліць. Мясцовасць тут не надта шматлюдная.
Лестрад паціснуў плячыма.
– Я чалавек практычны, – сказаў ён, – а таму не збіраюся хадзіць па вёсках і шукаць джэнтльмена-ляўшу са скалечанай нагой. Скотланд-Ярд мяне засмяе!
– Ну і ладна, – ціха сказаў Холмс. – Я даў вам шанец. Вось і ваш гатэль. Да сустрэчы. Перад ад’ездам чыркану вам некалькі словаў.
Пакінуўшы Лестрада ля яго жытла, мы пайшлі ў свой гатэль, дзе на стале нас чакаў абед. Холмс занурыўся ў думкі і са змрочным тварам маўчаў, нібы чалавек, які трапіў у складаную сітуацыю.
– Глядзіце сюды, Ўотсан, – сказаў ён, калі са стала прыбралі. – Сядайце на гэтае крэсла і дазвольце мне трошкі павяшчаць. Я не ведаю, што рабіць далей, і буду ўдзячны, калі вы нешта параіце. Запаліце цыгару – і я пачну.
– Калі ласка.
– Ну вось, калі мы вывучалі матэрыялы справы, у гісторыі Макарці нас абодвух адразу ж здзівілі два моманты, прычым я ўспрыняў іх на карысць юнака, а вы палічылі доказамі яго віны. Па-першае, паводле яго словаў, бацька закрычаў «Ахой», яшчэ не ўбачыўшы сына. Па-другое, бацька, паміраючы, згадаў пра нейкага аратага. Разумееце, ён прамармытаў некалькі словаў, але сын разабраў толькі гэтае. Значыць, калі мы дапускаем, што хлопец сказаў чыстую праўду, нашае расследаванне мусіць пачацца з двух гэтых момантаў.
– А што такое «Ахой»?
– Відавочна, што кліч прызначаўся не сыну – бацька ж думаў, што ён у Брысталі. Макарці-малодшы апынуўся побач выпадкова. Але «Ахой» – кліч выразна аўстралійскі, выкарыстоўваюць яго толькі аўстралійцы, а таму хутчэй за ўсё Макарці чакаў ля Боскамскага става таго, хто бываў у Аўстраліі.
– А як наконт аратага?
Шэрлак Холмс дастаў з кішэні складзены аркуш і расклаў на стале.
– Гэта карта калоніі Вікторыя, – сказаў ён. – Я замовіў яе ўчора вечарам з Брысталя тэлеграфам, – ён накрыў частку карты далонню. – Прачытайце.