– АРАТ, – прачытаў я.
– А цяпер? – ён прыбраў руку.
– БАЛАРАТ.
– Вось, менавіта гэта і вымавіў перад смерцю Макарці, але сын пачуў толькі апошнія гукі, а астатняе дадумаў. Забіты спрабаваў паведаміць імя злачынцы. Такім чынам, ён з Баларата*.
– Гэта неверагодна! – усклікнуў я.
– Гэта відавочна. А цяпер, як бачыце, я істотна звузіў кола пошукаў. Калі сын гаворыць праўду, значыць, забойца мусіць мець шэры плашч. Цяпер не засталося ніякай няпэўнасці – мы маем справу з аўстралійцам з Баларата з шэрым плашчом.
– Безумоўна.
– Да таго ж тут ён свой чалавек, бо трапіць да става можна толькі мінуўшы ферму ці маёнтак, дзе чужынцы наўрад ці будуць бадзяцца.
– Несумненна.
– І потым нашая сённяшняя выправа. Даследаваўшы зямлю, я даведаўся пра некаторыя дробныя прыкметы злачынцы, якія і прапанаваў гэтаму ідыёту Лестраду.
– Але адкуль вы іх узялі?
– Вы мой метад ведаеце. Ён заснаваны на аналізе дробязяў.
– Як я разумею, пра прыкладны рост злачынцы сведчыць даўжыня яго крокаў, а апісаць чаравікі можна на падставе слядоў.
– Так, абутак у яго вельмі спецыфічны.
– Але як наконт кульгавасці?
– У мяне склалася ўражанне, што левы адбітак увесь час выразнейшы за правы. Значыць, на правую нагу пераносіцца меншы цяжар. А чаму? Бо злачынца кульгае.
– А як наконт таго, што ён ляўша?
– Вас жа таксама здзівіў характар пашкоджанняў, апісаны на дазнанні хірургам. Удар відавочна нанесены ззаду, але ў той жа час трохі збоку. Хто, апроч ляўшы, можа нанесці такі ўдар? Падчас размовы бацькі з сынам забойца стаяў за дрэвам. Ён паспеў нават закурыць. Я знайшоў попел і дзякуючы сваім адмысловым ведам пра розныя гатункі тытуню вылічыў, што курыў ён індыйскую цыгару. Вы ж ведаеце, гэтай тэме я прысвяціў нямала ўвагі і нават напісаў невялікае даследаванне пра сто сорак гатункаў цыгарнага, цыгарэтнага і люлькавага тытуню. Убачыўшы попел, я агледзеўся і знайшоў у імху недакурак. Гэта была індыйская цыгара з тых, якія робяць у Ратэрдаме.
– А муштук?
– Я ўбачыў, што ён не браў яе ў рот. Значыць, выкарыстоўваў муштук. Кончык цыгары быў абрэзаны, а не адкушаны, але зрэз неакуратны – значыць, карыстаўся тупым сцізорыкам.
– Холмс, – сказаў я, – вы раскінулі вакол гэтага чалавека такія сеткі, што ён нізашто з іх не выберацца! Вы ўратавалі жыццё невінаватага, вы нібыта перарэзалі вяроўку, на якой ён вісеў! Я бачу, да чаго ўсё гэта вядзе… Ва ўсім вінаваты…
– Містэр Джон Тэрнэр, – абвясціў гатэльны афіцыянт, адчыняючы дзверы нашага пакоя і ўпускаючы госця.
У наведніка была дзіўная фігура, якая моцна нас уразіла. Марудная кульгавая хада і сутулыя плечы вельмі яго старылі, але жорсткі і грубы твар з рэзкімі рысамі і вялізныя ногі і рукі сведчылі пра надзвычайную сілу цела і характару. Яго зблытаная барада, пасівелыя валасы і нізкія насупленыя бровы надавалі абліччу годны і ўладны выгляд. Аднак твар быў попельна-белы, а вусны і вугалкі ноздраў мелі лёгкае сіняватае адценне. З першага ж погляду я зразумеў, што госця ўзяла ў ціскі нейкая хранічная смяротная хвароба.
– Прашу вас, прысядзьце на канапу, – мякка запрасіў Холмс. – Вы атрымалі маю цыдулку?
– Мне прынёс яе брамнік. Вы паведамілі, што хочаце сустрэцца тут, каб пазбегнуць скандалу.
– Я падумаў, што калі я з’яўлюся ў вашым доме, пойдуць размовы.
– Навошта вы хацелі мяне бачыць? – ён зірнуў на майго кампаньёна, і ў яго стомленых вачах чытаўся адчай, нібыта адказ на пытанне ўжо прагучаў.
– Усё правільна, – адказаў Холмс не на пытанне, а на позірк. – Усё менавіта так. Я ведаю пра Макарці.
Стары закрыў далонямі твар.
– Хай дапаможа мне Бог! – ускрыкнуў ён. – Але я б не дазволіў гэтаму юнаку загінуць. Даю вам слова, што калі б справа дайшла да выязной сесіі суда прысяжных, я расказаў бы праўду.
– Рады гэта чуць, – сур’ёзна сказаў Холмс.
– Я расказаў бы праўду ўжо цяпер, калі б не мая дарагая дзяўчынка. Гэта разаб’е ёй сэрца, абавязкова разаб’е, калі яна даведаецца пра мой арышт.
– Да гэтага можа не дайсці, – сказаў Холмс.
– Як?
– Я асоба неафіцыйная. Маёй прысутнасці тут патрабавала вашая дачка, а таму я дзейнічаю згодна з яе інтарэсамі. Аднак маладога Макарці трэба вызваліць.
– Хутка я памру, – сказаў стары Тэрнэр. – Ужо шмат гадоў я пакутую на дыябет. Доктар кажа, што мне засталося не больш за месяц. І ўсё ж мне хацелася б памерці пад сваім дахам, а не ў турме.
Холмс падняўся, перасеў за стол, узяў пяро і паклаў перад сабой паперу.
– Проста раскажыце мне праўду, – сказаў ён. – Я занатую факты, вы падпішаце, а Ўотсан засведчыць ваш подпіс. Я абнародую вашае прызнанне ў крайнім выпадку, калі давядзецца ратаваць маладога Макарці. Абяцаю без тэрміновай патрэбы вашыя сведчанні не выкарыстоўваць.