Выбрать главу

– Добра, – пагадзіўся стары. – Пытанне, ці дажыву я да выязной сесіі, а таму гэта мяне хвалюе мала, але я хацеў бы абараніць Эліс ад такога ўдару. А цяпер я ўсё вам патлумачу. Справа цягнулася доўга, але расказ шмат часу не патрабуе.

Вы памерлага Макарці не ведалі. Гэта быў сапраўдны д’ябал, вось што я вам скажу. Хай бароніць вас Бог трапіць такому чалавеку ў лапы. Усе гэтыя дваццаць гадоў ён трымаў мяне ў цісках і зруйнаваў маё жыццё. Спачатку я раскажу вам, як трапіў пад яго ўладу.

Усё пачалося ў пачатку шасцідзясятых на залатых капальнях. Я быў тады маладым хлопцам, гарачым і безразважным, гатовым узяцца за любую справу, але трапіў у кепскую кампанію і прыахвоціўся да выпіўкі. З участкам мне не пашанцавала, золата там не было, а таму я падаўся ў бадзягі і зрабіўся тым, каго вы цяпер называеце рабаўнікамі з вялікай дарогі. Нас было шасцёра, і мы вялі дзікае вольнае жыццё, час ад часу рабуючы станцыю ці спыняючы на дарозе да капальні фургоны. Мне далі імя Чорны Джэк з Баларата, і ў калоніі нас дагэтуль помняць як баларацкую хеўру.

Аднаго дня з Баларата ў Мельбурн пад аховай адправілі золата. Мы зрабілі засаду і напалі на канвой. Сілы былі роўныя – шасцёра супраць шасцярых, – а таму бойка была сур’ёзная. Чатырох іх вершнікаў мы паклалі першым жа залпам, аднак пакуль дабраліся да здабычы, траіх нашых хлопцаў забілі. Я прыставіў свой пісталет да галавы фурмана – гэта і быў стары Макарці. Божа, чаму я тады яго не застрэліў?! Але я злітаваўся, хаця і заўважыў, як маленькія злосныя вочы ўтаропіліся ў мой твар, нібыта запамінаючы кожную рысу. Мы забралі золата, разбагацелі і, нікім не западозраныя, адправіліся ў Еўропу. Там я пакінуў старых таварышаў і вырашыў пачаць ціхае прыстойнае жыццё. Набыў гэты маёнтак, які акурат выставілі на продаж, і пастанавіў прынесці з дапамогай грошай хоць нейкую карысць, каб выкупіць спосаб, якім яны былі здабытыя. Пасля ажаніўся, і хаця мая жонка памерла маладой, яна пакінула мне маю дарагую Эліс. Яшчэ калі яна была дзіцем, яе маленечкія ручкі як нішто іншае ўтрымлівалі мяне на правільным шляху. Карацей кажучы, а адгарнуў новую старонку жыцця і рабіў усё, каб расквітацца з мінулым. І ўсё было добра, пакуль я не трапіў у лапы Макарці.

Неяк я выправіўся ў горад па грашовых справах і сустрэў яго на Рыджэнт-стрыт, ледзь апранутага і ледзь абутага.

– Вось дык сустрэча, Джэк! – сказаў ён, кранаючы маю руку. – Цяпер мы з вамі будзем адна сям’я! Нас тут двое – я і мой сын, – і вы пра нас паклапоціцеся. А калі не… Англія – цудоўная законапаслухмяная краіна, і на кожным кроку тут паліцэйскія.

Так яны пасяліліся ў заходняй частцы майго маёнтка і бясплатна жылі на маёй найлепшай зямлі. Пазбавіцца ад іх я не мог. З таго часу мне не было ні спакою, ні адпачынку, ні забыцця, бо куды б я ні пайшоў, я заўсёды натыкаўся на яго хітрую здзеклівую пысу. Калі Эліс вырасла, зрабілася яшчэ горш, бо ён хутка зразумеў: калі дачка дазнаецца пра маё мінулае, для мяне гэта будзе горш, чым калі пра яго будзе ведаць паліцыя. Ён без пытанняў атрымліваў усё, што хацеў, чым бы гэта ні было, – зямлю, грошы, будынкі, пакуль урэшце не захацеў таго, чаго я не мог яму даць. Ён захацеў Эліс. У яго, бач ты, падрос сын, у мяне – дачка, здароўе маё, як усе ведаюць, зусім кепскае… Чаму б тады не дазволіць хлопцу завалодаць усёй маёмасцю? Але тут я стаяў на сваім. Я не мог дазволіць яго праклятаму роду злучыцца з маім. Не тое каб мне не падабаўся яго сын, але ў яго жылах цякла кроў Макарці, і гэтага было дастаткова. Я стаяў на сваім. Макарці пагражаў. Я кінуў яму выклік: рабі што хочаш. Мы мусілі сустрэцца ля става на сярэдзіне дарогі паміж нашымі дамамі і пагаварыць.

Спусціўшыся да става, я ўбачыў, што ён размаўляе з сынам, закурыў цыгару і пачакаў за дрэвам, пакуль хлопец сыдзе. Але пакуль я слухаў іх размову, ува мне распаліліся самыя чорныя і горкія пачуцці. Ён прымушаў сына ажаніцца з маёй дачкой з такой пагардай да яе думак і жаданняў, нібыта яна звычайная вулічная дзеўка. Гэта давяло мяне да шаленства. Няўжо ўсё, што я люблю, залежыць ад такога нікчэмнага чалавека? Хіба не магу я разарваць гэтыя путы? Я даведзены да адчаю і хутка памру. Хай мой розум яшчэ ясны, а цела захавала сваю моц, я ведаў, што жыццё маё скончылася.

Але маё добрае імя і мая дачка!.. Калі Макарці перастане мянціць брудным языком, усё яшчэ можна ўратаваць. І я забіў яго, містэр Холмс. І забіў бы зноў. Я шмат грашыў, і поўнае пакутаў жыццё мусіць выкупіць мае грахі. Аднак думкі пра тое, што дачка будзе ўцягнутая ў такую ж пастку, я вытрымаць не мог. Я нанёс удар, шкадуючы Макарці не больш, чым якую дурную атрутную жывёліну. На яго крык прыбег сын, але я схаваўся ў лесе, хаця пасля быў вымушаны вярнуцца і забраць плашч, які, уцякаючы, згубіў. Вось, джэнтльмены, і ўся праўда пра тое, што адбылося.