– Што ж, не мне вас судзіць, – сказаў Холмс, калі стары падпісаў прызнанне. – Спадзяюся, мы ніколі не будзем стаяць перад такім выбарам.
– І я спадзяюся, сэр. Што вы збіраецеся рабіць?
– Улічваючы ваш стан – нічога. Вы самі разумееце, што хутка будзеце даваць адказ за свае ўчынкі суду, вышэйшаму за суд прысяжных. Вашае прызнанне я захаваю, і калі Макарці асудзяць, буду вымушаны пусціць яго ў ход. Калі не – ніводзін чалавек яго не прачытае, і вашая таямніца, будзеце вы жывы ці мёртвы, застанецца пры вас.
– Тады бывайце! – урачыста сказаў стары. – Калі надыдзе вашая апошняя гадзіна, вам будзе лягчэй ад думкі, які мір падарылі вы маёй душы.
Кульгаючы і ўсім целам дрыжучы, ён марудна выйшаў з нашага пакоя.
– Хай дапаможа нам Бог! – пасля доўгага маўчання сказаў Холмс. – Чаму лёс так жорстка жартуе з бедных бездапаможных чарвякоў? Кожны раз чуючы такую гісторыю, я не магу не ўспомніць словы Бакстэра і не сказаць: «Калі б не Божая ласка, гэта мог бы быць Шэрлак Холмс»*.
На выязной сесіі суда прысяжных Джэймса Макарці пад уплывам сабраных Холмсам і прадстаўленых адвакатам доказаў апраўдалі. Пасля нашай размовы стары Тэрнэр пражыў яшчэ сем месяцаў. Цяпер ён нябожчык, і ёсць усе нагоды спадзявацца, што маладыя людзі будуць жыць разам доўга і шчасліва, так нічога не і даведаўшыся пра чорныя хмары, якія вісяць над іх мінулым.
Пяць апельсінавых зярнятак
Калі я праглядаю свае нататкі пра расследаванні Шэрлака Холмса паміж 1882 і 1890 гадамі, то знаходжу столькі ўсяго дзіўнага і цікавага, што пачынаю вагацца, якія з іх выбраць, на якіх спыніцца. Некаторыя справы ўжо вядомыя шырокай публіцы з газетаў, іншыя ж не выяўляюць належным чынам тых асаблівых здольнасцяў, якімі ў найвышэйшай ступені валодае мой сябар і якія акурат і робяцца добрым матэрыялам для прэсы. Некаторыя справы завялі ў тупік нават яго аналітычны розум – яны маглі б зрабіцца апавяданнямі з пачаткам, але без канца, – іншыя былі расследаваныя толькі часткова, і іх разгадкі грунтуюцца хутчэй на гіпотэзах і падазрэннях, чым на такіх дарагіх яго сэрцу лагічных доказах. Гэтая справа адносіцца акурат да апошніх, аднак падрабязнасці яе такія дзівосныя, а вынікі такія неверагодныя, што я насмеліўся апісаць яе нягледзячы на тое, што ў сувязі з ёй засталося некалькі пытанняў, у якіх ніколі нельга было – а мабыць, і нельга будзе ў далейшым – разабрацца да канца.
1887 год забяспечыў нас доўгім шэрагам больш ці менш цікавых справаў, апісаных у маіх нататках. Пераглядаючы запісы гэтага перыяду, я знайшоў апавяданне пра «Парадол-Чэмбер», пра Суполку жабракоў-аматараў, якая мела шыкоўны клуб у сутарэннях мэблевай крамы, знайшоў і занатаваныя факты, звязаныя з крушэннем карабля «Сафі Андэрсан», і апісанне выбітных прыгодаў Грайса Патэрсана на востраве Юфа*, а таксама гісторыю пра атручэнне ў Кембервэле*. Варта згадаць, што ў апошняй Шэрлак Холмс, агледзеўшы гадзіннік памерлага, здолеў давесці, што той заводзілі дзве гадзіны таму, – адпаведна, памерлы пайшоў у ложак не раней за гэты час. Такая выснова мела вырашальнае значэнне для расследавання. Пра ўсё гэта я, можа, і раскажу калі-небудзь пазней, але ніводная з гэтых гісторыяў не ўражвала сваёй незвычайнасцю так, як дзіўныя падзеі, якія я збіраюся апісаць.
Быў канец верасня, і буры раўнадзення* лютавалі з нечуваным шаленствам. Кожны дзень скуголілі вятры, у вокны барабаніў дождж, і нават тут, у самым сэрцы вялікага, створанага чалавечымі рукамі Лондана надвор’е на імгненне адрывала нас ад паўсядзённых справаў, прымушаючы згадаць пра існаванне магутных прыродных стыхіяў, што, нібы дзікія звяры ў клетцы, рвуцца да чалавека праз усе перашкоды, пастаўленыя для іх цывілізацыяй. З надыходам вечара бура зрабілася яшчэ мацнейшай і дзічэйшай, а вецер у коміне выў і падзіцячаму румзаў. Шэрлак Холмс змрочна сядзеў з аднаго боку каміна, складаючы картатэку сваіх запісаў пра злачынствы, я ж, уладкаваўшыся з другога боку, з галавой занурыўся ў адно з цудоўных марскіх апавяданняў Кларка Расэла*, так што скавытанне навальніцы за акном у маім уяўленні спляталася з чытаным творам, а шум дажджу ператвараўся ў працяглы рокат марскіх хваляў. Мая жонка гасцявала ў сваякоў, і я на некалькі дзён зноў перабраўся ў сваё старое жытло на Бэйкер-стрыт.