– Парны экіпаж, мяркуючы па гуках, – сказаў ён і, выглянуўшы з акна, працягнуў: – Так і ёсць. Багатая карэта і пара прыгажуноў, сто пяцьдзясят гінеяў за кожнага. На благі канец, Ўотсан, справа будзе прыбытковая.
– Думаю, Холмс, мне лепей сысці…
– Ні ў якім разе, доктар. Заставайцеся на сваім месцы. Куды я без майго Босуэла*? Да таго ж справа абяцае быць цікавай. Будзе шкада, калі вы яе прапусціце.
– Але ж ваш кліент…
– Нічога страшнага. Мне можа спатрэбіцца вашая дапамога, і яму таксама. А вось і ён. Сядайце ў гэты фатэль, доктар, і аддайце нам усю вашую ўвагу.
Цяжкія марудныя крокі, чутныя на лесвіцы і ў калідоры, спыніліся перад самымі нашымі дзвярыма. Потым пачуўся гучны і ўладны грук.
– Заходзьце! – сказаў Холмс.
Увайшоў чалавек геркулесаўскага целаскладу, ростам наўрад ці ніжэйшы за шэсць футаў і шэсць цаляў. Апрануты ён быў так багата, што ў Англіі багацце гэтае прыпісалі б кепскаму густу. Закаўрашы і адвароты яго двухбортнага паліто былі аблямаваныя цяжкім каракулем, а накінуты на плечы цёмна-сіні плашч гарэў ярка-чырвонай аксамітнай падкладкай і мацаваўся на шыі спражкай з прыўкраснага берылу. Халявы ботаў, якія даходзілі да сярэдзіны лытак, былі аздобленыя шыкоўным карычневым футрам, што дапаўняла ўражанне варварскае раскошы, якое стварала ўсё яго аблічча. У руках ён трымаў шыракаполы капялюш, а ўсю верхнюю частку твару да самага нізу скулаў хавала чорная маска, відавочна, толькі што надзетая, – бо калі ён увайшоў, рука яго ўсё яшчэ была паднятая. Ніжняя частка твару выдавала чалавека з моцным характарам, а тоўстая выпукленая губа і доўгае прамое падбароддзе сведчылі пра цвёрдасць, што межавала з упартасцю.
– Вы атрымалі маю цыдулку? – спытаў ён рэзкім і нізкім голасам з моцным нямецкім акцэнтам. – Я папярэдзіў, што наведаю вас, – ён пераводзіў позірк з мяне на Холмса, не ведаючы, да каго звяртацца.
– Сядайце, прашу вас, – сказаў Холмс. – Гэта мой сябра і кампаньён доктар Ўотсан, які час ад часу дапамагае мне ў расследаванні. З кім маю гонар размаўляць?
– Можаце называць мяне графам фон Крамам, багемскім арыстакратам. Я правільна разумею, што гэты джэнтльмен, ваш сябар, – чалавек гонару і разважнасці, і я магу давяраць яму ў гэтай надзвычай сур’ёзнай справе? Калі не, я палічыў бы за лепшае перагаварыць з вамі сам-насам.
Я падняўся, каб сысці, але Холмс схапіў мяне за руку і пхнуў назад у фатэль.
– Мы слухаем вас альбо разам, альбо ніяк, – сказаў ён. – У прысутнасці гэтага джэнтльмена вы можаце расказваць усё, што сказалі б мне сам-насам.
Граф паціснуў шырокімі плячыма.
– Тады я пачну з таго, – сказаў ён, – што вазьму з вас слова трымаць усё ў таямніцы два гады – пасля справа страціць сваё значэнне. Але я з поўнай упэўненасцю магу сказаць: цяпер яна такая сур’ёзная, што можа паўплываць на ўсю еўрапейскую гісторыю.
– Я даю слова, – сказаў Холмс.
– І я.
– Прабачце мне маю маску, – працягнуў дзіўны госць. – Найсвятлейшая асоба, што адправіла мяне да вас, пажадала, каб яе давераны застаўся невядомым, і мушу адразу ж прызнаць, што тытул, якім я назваўся, не зусім належыць мне.
– Я зразумеў, – суха зазначыў Холмс.
– Абставіны справы такія далікатныя, што не варта грэбаваць любымі мерамі, каб пазбегнуць страшэннага скандалу, які можа моцна скампраметаваць адну з уладных сем’яў Еўропы. Бо, шчыра кажучы, справа датычыць вялікага дому Армштайнаў, спадчынных каралёў Багеміі.
– Гэта я таксама зразумеў, – прамармытаў Холмс, выгодней уладкаваўшыся ў фатэлі і заплюшчыўшы вочы.
Госць з непрыхаваным здзіўленнем паглядзеў на марудлівага лянотнага чалавека, якога, без сумневу, адрэкамендавалі яму як самага праніклівага мысляра і самага энергічнага ў Еўропе дэтэктыва.
Холмс марудна расплюшчыў вочы і нецярпліва зірнуў на свайго волата-наведніка.
– Калі вашая вялікасць зробіць ласку і раскажа пра сваю праблему, – сказаў ён, – мне будзе нашмат прасцей нешта параіць.
Госць ускочыў з крэсла і пачаў мераць крокамі пакой, не могучы стрымаць хваляванне. Потым адчайным жэстам сарваў з твару маску і шпурнуў яе на падлогу.
– Вы маеце рацыю, – усклікнуў ён, – я кароль! Навошта было гэта хаваць?
– І праўда, навошта? – ціха прамовіў Холмс. – Вашая вялікасць не сказала яшчэ і слова, як я ўжо зразумеў, што перада мной Вільгельм Готсрайх Сігізмунд фон Армштайн, вялікі герцаг Касель-Фельштайнскі і спадчынны кароль Багеміі.
– Але вы ж разумееце, – сказаў наш дзіўны наведнік, зноў сеўшы і правёўшы рукой па высокім белым ілбе, – вы разумееце, што я не прывык сам займацца такім. Аднак справа такая далікатная, што я не магу даверыцца нікому, не рызыкуючы трапіць пад чужую ўладу. Я прыбыў з Прагі інкогніта, каб папрасіць у вас парады.