Выбрать главу

– Паслухайце, – сказаў я, падымаючы вочы ад кнігі, – там хтосьці звоніць. Хто б гэта мог быць? Можа, нехта з вашых сяброў?

– У мяне няма сяброў, апроч вас, – адказаў Холмс. – Дый гаспадар я не надта гасцінны.

– Тады, можа, кліент?

– Калі так, то справа сур’ёзная. Ніякая іншая не прымусіла б чалавека выйсці з дому ў такі дзень і ў такую гадзіну. Але хутчэй за ўсё гэта проста нейкая прыяцелька нашае гаспадыні.

Аднак Шэрлак Холмс памыліўся, бо ў вітальні пачуліся крокі, і ў нашыя дзверы пагрукалі. Доўгай рукой ён пасунуў лямпу далей ад сябе і бліжэй да вольнага крэсла, на якое мусіў сесці новапрыбылы.

– Заходзьце! – сказаў ён.

Увайшоў элегантны малады чалавек гадоў дваццаці двух, не больш, добра апрануты, з нейкай вытанчанасцю і далікатнасцю ў манерах. Парасон, з якога сцякала вада, а таксама доўгі плашч, што блішчэў ад дажджу, сведчылі пра жахлівае надвор’е на дварэ. Госць трывожна азіраўся ў асляпляльным бляску лямпы, і я заўважыў, што твар яго бледны, а позірк змрочны, як у чалавека, прыгнечанага вялікімі турботамі.

– Я шчыра выбачаюся… – пачаў ён, падносячы да твару залатое пенснэ. – Спадзяюся, я не вельмі вас патурбаваў… Баюся, я прынёс у ваш утульны пакой пэўныя сляды буры…

– Давайце ваш плашч і парасон, – сказаў Холмс. – Хай павісяць тут, на круку, і хутка высахнуць. Вы, значыць, прыбылі з паўднёвага захаду.

– Так, з Хоршэма.

– Сумесь гліны і крэйды на вашых мысках вельмі характэрная.

– Я прыйшоў прасіць парады.

– Ну, даць яе нескладана.

– І дапамогі.

– А з гэтым можа быць не так проста.

– Я чуў пра вас, містэр Холмс. Ад маёра Прэндэргаста, якога вы ўратавалі падчас скандалу ў клубе «Тэнкервіл».

– Так-так, яго памылкова абвінавацілі ў картачным махлярстве.

– Ён сказаў, што вы можаце развязаць любую праблему.

– Ён перабольшыў.

– Што вы ніколі не ведалі паразы.

– Я цярпеў паразу чатыры разы – тры разы ад мужчынаў і адзін ад жанчыны.

– Але ці можна гэта параўнаць з колькасцю вашых перамогаў?

– Так, звычайна я дасягаю поспеху.

– Значыць, вы можаце дасягнуць поспеху і ў маёй справе.

– Тады прашу вас падсунуць крэсла бліжэй да агню і ласкава паведаміць мне падрабязнасці вашай справы.

– Яна не зусім звычайная.

– Звычайныя да мяне не трапляюць. Я – найвышэйшы апеляцыйны суд.

– І тым не менш, сэр, сумняюся, што пры ўсім вашым багатым досведзе вам хоць раз даводзілася чуць пра больш загадкавыя і невытлумачальныя падзеі, чым тыя, што адбыліся з маёй сям’ёй.

– Вы мяне зацікавілі, – сказаў Холмс. – Прашу вас для пачатку паведаміць самыя асноўныя факты, а потым я распытаю вас пра дэталі, якія пададуцца мне важнымі.

Малады чалавек падсунуў крэсла і выцягнуў мокрыя ногі да каміна.

– Мяне завуць Джон Апэншоў, – пачаў ён, – але, як я разумею, мае ўласныя справы маюць мала дачынення да гэтых пачварных падзеяў. Гэта пытанне спадчыны, але каб даць вам агульнае ўяўленне пра справу, я мушу вярнуцца да самага яе пачатку.

Трэба згадаць, што ў майго дзеда было два сыны – мой дзядзька Элаяс і мой бацька Джозэф. Бацьку належала маленькая фабрыка ў Ковентры, і калі вынайшлі ровар, ён яе пашырыў. Ён валодаў патэнтам на вельмі трывалыя шыны «Апэншоў», а таму фабрыка яго квітнела, і, прадаўшы яе, ён змог з салідным дастаткам пайсці на спачынак.

Дзядзька Элаяс яшчэ ў маладосці эміграваў у Амерыку і зрабіўся плантатарам у Фларыдзе – казалі, яго справы ідуць проста цудоўна. Падчас вайны* ён змагаўся ў войсках Джэксана, а пазней – пад кіраўніцтвам Худа і даслужыўся да палкоўніка. Калі генерал Лі склаў зброю, дзядзька вярнуўся на сваю плантацыю, дзе пражыў яшчэ тры ці чатыры гады. У 1869 ці 1870 годзе ён вярнуўся ў Еўропу і набыў невялікі маёнтак пад Хоршэмам у Сасэксе. У Штатах ён валодаў значнай маёмасцю і пакінуў яе з прычыны свае агіды да неграў і няўхвальнага стаўлення да рэспубліканскай палітыкі, якая прадугледжвала наданне ім права голасу. Ён быў дзіўным чалавекам, жорсткім і запальчывым, у гневе брыдка лаяўся – і ўвогуле цураўся людзей. Сумняюся, што за пражытыя пад Хоршэмам гады ён хоць раз выбраўся ў горад. Вакол яго дома ляжаў сад і два ці тры лугі, дзе ён мог шпацыраваць – хаця часта цэлымі тыднямі і носа з дому не паказваў. Ён піў шмат брэндзі і бесперастанку курыў, але пазбягаў людзей, нават уласнага брата, і не збіраўся заводзіць сяброў.

Але супраць мяне ён нічога не меў і нават адчуваў нейкую прыхільнасць, бо калі першы раз мяне ўбачыў, мне было ўсяго дванаццаць ці каля таго. Гэта здарылася ў 1878 годзе, калі ён пражыў у Англіі гадоў восем ці дзевяць. Ён угаварыў майго бацьку дазволіць мне пасяліцца з ім і ставіўся да мяне па-свойму добра. Калі ён быў цвярозы, то любіў гуляць у нарды і шашкі, апроч гэтага даверыў мне весці ўсе справы са слугамі і гандлярамі, і таму калі мне споўнілася шаснаццаць, я зрабіўся поўным гаспадаром у яго доме. Я захоўваў усе ключы, мог пайсці куды захачу і рабіць усё, што захачу, калі гэта не парушала яго самоты. Было толькі адно дзіўнае выключэнне: маленькі нязменна замкнуты пакойчык, нават камора: нікому – ні мне, ні камусьці іншаму – не дазвалялася туды заходзіць. З хлапечае цікаўнасці я зазіраў у яго праз замочную шчылінку, аднак ніколі не мог разгледзець нічога, апроч некалькіх старых куфраў і пакункаў, у такім памяшканні цалкам звычайных.