Выбрать главу

Аднойчы ў сакавіку 1883 году на стале перад сняданкам палкоўніка апынуўся ліст з замежнай маркай. Лісты ў дзядзькавым доме былі рэдкасцю, бо рахункі ён заўсёды аплачваў гатоўкай і не меў ніякіх сяброў ці прыяцеляў.

«Гэта з Індыі! – сказаў ён, беручы ліст. – Марка горада Пандычэры! Што б гэта магло быць?» Ён паспешліва ўскрыў канверт, і адтуль вывалілася пяць маленькіх высахлых апельсінавых зярнятак, якія рассыпаліся па талерцы. Я засмяяўся, але смех застыў на маіх вуснах, калі я ўбачыў выраз яго твару. Губа яго адвісла, вочы вырачыліся, скура набыла жаўтавата-шэрае адценне, а сам ён пільна ўзіраўся ў канверт, які ўсё яшчэ трымаў у дрыготкай руцэ.

– ККК! – усклікнуў ён. – Божа мой! Божа мой! Прыйшла адплата за мае грахі!

– Дзядзька, што гэта? – спытаў я.

– Смерць, – адказаў ён, падняўся з-за стала і пайшоў у свой пакой, пакінуўшы мяне ў трымценні і жаху. Я падняў канверт і ўбачыў з адваротнага боку, проста над клеем, накрэмзаныя чырвоным атрамантам тры літары К. І больш нічога – апроч пяці высахлых зярнятак. У чым жа тады прычына яго ўсёпаглынальнага жаху? Я выйшаў з-за стала і, падымаючыся па лесвіцы, сустрэў яго са старым іржавым ключом, хутчэй за ўсё ад замка той каморы, у адной руцэ і маленькім масянжовым куфэркам – у такіх часта захоўваюць грошы – у другой.

– Хай сабе яны робяць што ім хочацца, а я ўсё ж парушу іх планы, – сказаў ён і вылаяўся. – Скажы Мэры, каб затапіла ў мяне камін і адпраў па Фордхэма, хоршэмскага юрыста.

Я зрабіў усё як ён сказаў, і калі прыехаў юрыст, мяне запрасілі падняцца ў дзядзькаў пакой. У каміне ярка палаў агонь, на рашотцы ляжаў тоўсты слой чорнага і дробнага, нібы ад спаленай паперы, попелу, а побач стаяў пусты адчынены масянжовы куфэрак. Зірнуўшы на яго, я скалануўся, бо заўважыў на вечку такія самыя тры літары К, як і на ранішнім канверце.

– Я хацеў бы, Джон, – сказаў дзядзька, – каб ты засведчыў мой тэстамент. Сваю маёмасць з усімі яе выгодамі і нязручнасцямі я пакідаю брату, твайму бацьку, ад якога яна, без сумневу, пяройдзе да цябе. Калі ты зможаш мірна карыстацца ёй, тым лепей. Калі ж не атрымаецца, мой хлопчык, прымі маю параду і пакінь яе свайму смяротнаму ворагу. Шкада, што даводзіцца перадаваць табе палку з двума канцамі, але хто ведае, які з іх воляю лёсу табе трапіцца. Будзь так ласкавы, падпішы паперу там, дзе пакажа містэр Фордхэм.

Я падпісаў паперу згодна з указаннем юрыста, і той забраў яе з сабой. Як вы можаце здагадацца, гэты незвычайны выпадак моцна мяне ўразіў, я доўга над ім думаў, спрабуючы разгледзець сітуацыю з розных бакоў, але так і не здолеў нічога патлумачыць. Тым не менш я не мог пазбавіцца няўлоўнага адчування, што адбылося нешта вусцішнае, хаця адчуванне гэтае цягам наступных тыдняў, калі нічога не трывожыла звычайны ход нашага жыцця, рабілася ўсё слабейшым. Праўда, я заўважыў, што дзядзька змяніўся. Ён запіў яшчэ мацней, чым у ранейшыя часы, і яшчэ менш хацеў бачыць кагосьці побач. Ён замыкаўся ў сваім пакоі і амаль не выходзіў, але часам у нейкім п’яным шаленстве выскокваў з дому, насіўся па садзе з рэвальверам і крычаў, што нікога не баіцца і што ні чалавеку, ні чорту не дазволіць замкнуць сябе ў доме, як авечку ў загарадзі. Аднак калі гэтыя прыпадкі праходзілі, ён з трывогай імчаў дадому і зачыняўся на замок, а потым яшчэ і на засаўку, як чалавек, што больш не можа змагацца з жахам у глыбіні душы. У такія хвіліны я нават у халодны дзень заўважаў, што твар яго мокры, нібыта дзядзька толькі што вылез з вады.

Каб скончыць урэшце гэтую гісторыю і больш не злоўжываць вашым цярпеннем, містэр Холмс, скажу толькі, што аднаго вечару ў яго зноў пачаўся п’яны прыпадак, аднак дадому ён ужо не вярнуўся. Мы выправіліся на пошукі – і знайшлі: ён ляжаў галавой у зарослым цінай стаўку на ўскрайку саду. На яго целе не было слядоў гвалту, глыбіня стаўка не перавышала двух футаў, а таму прысяжныя, памятаючы пра яго добра вядомую эксцэнтрычнасць, прызналі яго самазабойцам. Але я ведаў, як скаланаўся ён ад самой думкі пра смерць, і ніяк не мог упэўніць сябе, што ён расстаўся з жыццём такім вось спосабам. Аднак справа была закрытая, і мой бацька атрымаў ва ўладанне маёмасць дзядзькі, штосьці каля чатырнаццаці тысячаў фунтаў, якія ляжалі на яго банкаўскім рахунку.