Тут малады чалавек дастаў з кішэні свайго плашча скамечаны канверт і, вярнуўшыся да стала, вытрас з яго пяць высахлых апельсінавых зярнятак.
– Вось і канверт, – сказаў ён. – Паштовая марка лонданская – усходні раён. А ўсярэдзіне – такое самае пасланне, якое атрымаў мой бацька перад смерцю: тры літары К і далей – «Пакладзіце паперы на сонечны гадзіннік».
– І што вы зрабілі? – спытаў Холмс.
– Нічога.
– Нічога?
– Я, шчыра кажучы, адчуваю сябе зусім бездапаможным, – сказаў ён, закрыўшы твар тонкімі бледнымі рукамі, – я быццам той трусік, якога ўсё мацней сціскае ў сваіх абдоймах змяя. Мне здаецца, што я трапіў у палон да непераадольнага і няўмольнага зла, якое нельга прадбачыць і ад якога нельга абараніцца.
– Ну-ну! – усклікнуў Шэрлак Холмс. – Вам трэба дзейнічаць, дружа, іначай вы прапалі. Вас могуць уратаваць толькі рашучыя дзеянні. Няма часу адчайвацца.
– Я звяртаўся ў паліцыю.
– І што?
– Яны выслухалі маю гісторыю з усмешкай. Інспектар, я ўпэўнены, вырашыў, нібыта ўсе гэтыя лісты – не больш чым жарт, а смерці маіх блізкіх і праўда былі няшчаснымі выпадкамі, зусім не звязанымі з пагрозлівымі лістамі, як і пастанавілі прысяжныя.
Холмс патрос у паветры сціснутымі кулакамі і ўскрыкнуў:
– Нечуваная абмежаванасць!
– Аднак яны камандзіравалі да мяне аднаго паліцэйскага, які будзе дзяжурыць у маім доме.
– Ён прыехаў з вамі ў Лондан?
– Не. Яму загадалі заставацца ў маёнтку. Холмс зноў замахаў кулакамі:
– І навошта вы сюды прыйшлі? – крычаў ён. – І самае галоўнае – чаму вы адразу да мяне не звярнуліся?
– Але я не ведаў… Я толькі сёння расказаў пра свае праблемы маёру Прэндэргасту, і ён параіў звярнуцца да вас.
– Прайшло ўжо два дні, як вы атрымалі ліст. Брацца за справу трэба было раней. Мяркую, што іншых фактаў, апроч толькі што прыведзеных, у вас няма? Можа, якія падрабязнасці, што маглі б нам дапамагчы?..
– Ёсць яшчэ адно, – сказаў Джон Апэншоў. Ён пашнарыў па кішэнях, выцягнуў адтуль кавалак выцвілай сіняй паперы і паклаў яго на стол. – Мне прыгадваецца, што ў дзень, калі дзядзька паліў паперы, маленькія абрыўкі, якія засталіся ў попеле, былі менавіта такога колеру. Гэты аркуш ляжаў на падлозе ў дзядзькавым пакоі, і я схільны лічыць, што ён вываліўся з агульнага стосу і такім чынам пазбегнуў агню. Але апроч таго, што ў ім згаданыя зярняткі, я не бачу ад яго вялікае карысці. Думаю, гэта проста старонка з дзённіка. Почырк, несумненна, дзядзькаў.
Холмс падсунуў лямпу, і мы разам схіліліся над аркушам, які, мяркуючы па няроўным краі, быў вырваны з кнігі. Зверху быў надпіс: «Сакавік 1869», а пад ім – наступныя загадкавыя нататкі:
4га. З’явіўся Гудзон. Платформа ранейшая. 7га. Зярняткі дасланыя МакКоўлі, Парамору і Джону Свэйну з СэнтАўгустына. 9га. МакКоўлі прыбраўся.
10га. Джон Свэйн прыбраўся.
12га. Наведалі Парамора. Усё ў парадку.
– Дзякую, – сказаў Холмс, складваючы паперу і вяртаючы яе нашаму госцю. – Цяпер вам нельга губляць ні хвіліны. Мы не можам марнаваць час нават на абмеркаванне таго, што вы мне расказалі. Вы мусіце тут жа ехаць дадому і дзейнічаць.
– Што я павінен рабіць?
– Толькі адно, але неадкладна. Пакладзіце гэты аркуш у згаданы вамі масянжовы куфэрак. Далучыце да яго цыдулку, дзе пазначце, што ваш дзядзька спаліў усе астатнія паперы і што больш нічога не захавалася. Напішыце гэта так, каб яны вам паверылі. Пасля адразу ж нясіце куфэрак да сонечнага гадзінніка, як пазначана ў лісце. Вы зразумелі?
– Усё зразумеў.
– Пакуль што не думайце ні пра якую помсту ці яшчэ штосьці. Мяркую, мы зробім гэта законнымі сродкамі – бо нам трэба яшчэ сплесці нашую сетку, а іх сетка даўно ўжо гатовая. Найперш трэба вызваліць вас з сур’ёзнай небяспекі, якая вам пагражае. Наступная мэта – раскрыць таямніцу і пакараць вінаватых.
– Вялікі вам дзякуй, – сказаў малады чалавек, устаючы і надзяваючы плашч. – Вы вярнулі мне жыццё і надзею. Безумоўна, я зраблю так, як вы сказалі.
– Не губляйце ні хвіліны. І самае галоўнае – беражыце сябе, бо я нават не сумняюся, што вам пагражае сапраўдная небяспека, якая насоўваецца ўсё бліжэй. Як вы паедзеце назад?
– Цягніком з вакзала Ватэрлоа.
– Яшчэ няма дзевяці. На вуліцах будзе тлумна, і вас гэта, спадзяюся, абароніць. Але ў любым выпадку асцярожнасць не будзе лішняй.