Выбрать главу

– Я ўзброены.

– Гэта добра. Заўтра я вазьмуся за вашую справу.

– Мне чакаць вас у Хоршэме?

– Не, разгадка вашай таямніцы хаваецца ў Лондане. Тут я і буду яе шукаць.

– Тады я зазірну да вас праз дзень ці два, раскажу пра куфэрак і паперы. Я буду дакладна трымацца вашай парады.

Ён паціснуў нам рукі і выйшаў. На дварэ ўсё гэтак жа скавытаў вецер, а ў вокны барабаніў дождж. Здавалася, што гэтую дзіўную і страшную гісторыю прынеслі нам неўтаймоўныя стыхіі, кінулі яе, як кідае бура абрывак марское водарасці, і цяпер забралі назад.

Пэўны час Шэрлак Холмс сядзеў моўчкі, апусціўшы галаву і ўтаропіўшыся ў чырвонае полымя каміна. Потым закурыў сваю люльку і, адкінуўшыся на спінку фатэля, пачаў назіраць за сінімі колцамі дыму, якія падымаліся да столі, даганяючы адно адно.

– Думаю, Ўотсан, – урэшце заўважыў ён, – што сярод усіх нашых справаў не было больш фантастычнай, чым гэтая.

– За выняткам гісторыі пра Знак чатырох.

– Ну, хіба што… Так, вы маеце рацыю… І ўсё ж я думаю, што небяспека, якая пагражае Джону Апэншоў, яшчэ большая, чым тая, што вісела над братамі Шолта.

– Але ці маеце вы, – спытаў я, – нейкае ўяўленне пра гэтую небяспеку?

– Сумневаў адносна яе характару і быць не можа, – адказаў Холмс.

– Тады ў чым яна палягае? Хто хаваецца за ініцыяламі ККК і чаму ён пераследуе няшчасную сям’ю?

Шэрлак Холмс заплюшчыў вочы і, абапёршыся на падлокніцы, звёў кончыкі пальцаў.

– Калі сапраўдны мысляр, – пачаў ён, – убачыць хаця б адзін факт ва ўсёй яго паўнаце, ён зможа не толькі прасачыць ланцуг падзеяў, якія сталі яго прычынай, але і прадказаць, да якіх вынікаў ён прывядзе. Як Кюўе* мог беспамылкова апісаць усю жывёлу, разгледзеўшы адну толькі яе костку, так і назіральнік, які дэталёва вывучыў адно звяно ў ланцугу падзеяў, здольны дакладна ўзнавіць усе астатнія, папярэднія і наступныя. Пакуль мы яшчэ не дайшлі да высноваў, якія можа зрабіць толькі розум. Каб развязаць любую праблему, трэба яе даследаваць, на што не здольныя тыя, хто шукае рашэнне з дапамогай пачуццяў. Але каб у найвышэйшай ступені авалодаць гэтым майстэрствам, мысляру неабходна ўмець выкарыстоўваць усе вядомыя яму факты, а гэта значыць, як вы лёгка заўважыце, што ён мусіць ведаць усё, – а гэта рэдкая з’ява нават у нашыя дні даступнай адукацыі і энцыклапедыяў. Больш імаверна, аднак, што чалавек авалодае ўсімі ведамі, які могуць прыдацца яму ў працы, што я і паспрабаваў зрабіць. Калі я нічога не блытаю, аднойчы, яшчэ ў пачатку нашага сяброўства, вы дакладна акрэслілі межы маіх ведаў.

– Усё правільна, – адказаў я смеючыся, – гэта быў дзівосны дакумент. Веды па філасофіі, астраноміі і палітыцы былі, помніцца, пазначаныя як нулявыя. Веды па батаніцы – сярэднія, па геалогіі – глыбокія, калі справа датычыць плямаў бруду з любога раёну ў межах пяцідзесяці міляў ад горада, па хіміі – спецыфічныя, па анатоміі – урыўкавыя, веданне крымінальнай літаратуры і ўсяго звязанага з гэтай тэмай – унікальнае, скрыпач, баксёр, валодае рапірай, ведае законы, труціць сябе какаінам і тытунём. Гэта самыя асноўныя пункты майго даследавання.

На апошніх словах Холмс ухмыльнуўся.

– Што ж, – сказаў ён, – скажу цяпер тое самае, што і тады: на сціплым гарышчы свайго мозгу чалавеку варта трымаць толькі тое, чым ён плануе карыстацца, а астатняе хай захоўвае ў бібліятэцы, дзе ў любы момант можна ўсё знайсці. Але каб разабрацца са справай, прапанаванай нам сёння вечарам, мы мусім мабілізаваць усе нашыя рэсурсы. А таму прашу ласкава перадаць мне том на літару «К» з Амерыканскай энцыклапедыі, якая стаіць на паліцы за вашай спінай. Дзякую. Цяпер давайце абмяркуем сітуацыю і паглядзім, якія высновы можна тут зрабіць. Па-першае, пачнем з важнага для нас дапушчэння, што ў палкоўніка Апэншоў былі вельмі сур’ёзныя прычыны пакінуць Амерыку. Людзі ў яго ўзросце не схільныя змяняць свае звычкі і добраахвотна адмаўляцца ад прыемнага фларыдскага клімату дзеля самотнага існавання ў ангельскай правінцыі. Яго надзвычайная цяга да адзіноты ў Англіі падказвае нам, што ён кагосьці ці чагосьці баяўся, а таму ў якасці працоўнай гіпотэзы прымем тое, што менавіта гэты страх прымусіў яго з’ехаць з Амерыкі. Што да прычынаў гэтага страху, то тут мы можам меркаваць, што ён неяк звязаны са злавеснымі літарамі, атрыманымі ім і яго спадкаемцамі ў лістах. Вы заўважылі, якія там былі маркі?

– Першая была з Пандычэры, другая – з Дандзі, а трэцяя – з Лондана.

– З усходняга Лондана. Якія высновы вы можаце адсюль зрабіць?

– Усё гэта марскія парты. А значыць, лісты пісаліся на караблі.

– Цудоўна. Вось мы і маем адзін ключ. Імаверна, вельмі імаверна, што лісты пісаліся на борце карабля. Цяпер зірнем з іншага боку. Калі ліст прыйшоў з Пандычэры, паміж пагрозай і яе выкананнем мінула сем тыдняў, у выпадку з Дандзі – усяго тры ці чатыры дні. Пра што гэта сведчыць?