– Пра большую адлегласць, якую трэба было пераадолець.
– Але большую адлегласць мусіў пераадолець і ліст.
– Тады я не ведаю, у чым рэч.
– Ну, як найменш мы можам дапусціць, што судна, на якім знаходзіцца гэты чалавек ці гэтыя людзі, – паруснае. Усё гаворыць пра тое, што кожны раз яны дасылалі гэтыя дзіўныя папярэджанні ці ўказанні перад тым як адправіцца выконваць свой намер. Вы бачыце, як хутка прыйшла смерць пасля ліста з Дандзі. Калі б яны плылі з Пандычэры параходам, то прыбылі б у Англію амаль адразу пасля ліста. Але тут прайшло сем тыдняў. І я думаю, што гэтыя сем тыдняў ёсць розніцай паміж хуткасцю паштовага парахода, з якім прыйшоў ліст, і паруснага карабля, на якім прыплыў яго аўтар.
– Цалкам магчыма.
– Гэта больш чым магчыма. Гэта праўдападобна. Цяпер вы бачыце, як неабходна спяшацца ў нашым выпадку; вось чаму я настойваў, каб малады Апэншоў быў асцярожным. Удар заўсёды абрынаўся на адрасата ў канцы тэрміну, патрэбнага аўтару ліста, каб пераадолець адлегласць. Але апошні ліст прыйшоў з Лондана, таму мы не можам разлічваць на адтэрміноўку.
– Божа мой! – ускрыкнуў я. – Што можа значыць гэты бязлітасны пераслед?
– Відавочна, што паперы, якія захоўваў Апэншоў, жыццёва патрэбныя чалавеку ці людзям з карабля. Я ўпэўнены, што ў справе ўдзельнічае больш чым адзін чалавек. Адзін чалавек не змог бы ўчыніць два забойствы так, каб збіць з панталыку коранерскі суд. Іх мусіць быць некалькі, вынаходлівых і рашучых. Яны вырашылі здабыць свае паперы, у чыіх бы руках яны ні знаходзіліся. У такім выпадку нельга разглядаць літары ККК як ініцыялы – гэта знак пэўнай суполкі.
– Але якой?
– А вы хіба ніколі, – схіліўшыся ўперад і сцішыўшы голас, спытаў Шэрлак Холмс, – зусім ніколі не чулі пра ку-клукс-клан?
– Ніколі.
Холмс перагарнуў старонкі кнігі, што ляжала ў яго на каленях.
– Вось яно, – сказаў ён праз хвіліну. – «Ку-клуксклан. Назва паходзіць ад спалучэння гукаў, якія нагадваюць гук узвядзення затвора вінтоўкі. Гэтая жахлівая таемная суполка была арганізаваная ў паўднёвых штатах былымі салдатамі Канфедэрацыі пасля Грамадзянскай вайны і хутка займела мясцовыя аддзяленні ў розных раёнах краіны, найбольш у штатах Тэнэсі, Луізіяна, абедзвюх Каралінах, Джорджыі і Фларыдзе. Суполка выкарыстоўвала свае сілы для дасягнення палітычных мэтаў, пераважна запалохвання негрыцянскіх выбаршчыкаў, а таксама забойства ці высялення з краіны тых, хто змагаўся супраць поглядаў яе ўдзельнікаў. Іх гвалтоўнаму ўмяшанню зазвычай папярэднічалі пагрозы, якія дасылаліся непажаданай асобе ў вычварнай, але часцей за ўсё пазнавальнай форме: дубовая галінка ў адных мясцовасцях, дынныя семечкі ці зярняткі апельсіна – у іншых. Атрымаўшы такое папярэджанне, ахвяра мусіла альбо адкрыта адхрысціцца ад сваіх ранейшых поглядаў, альбо пакінуць краіну. Калі яна кідала сваім пераследнікам выклік, яе нязменна спасцігала смерць, звычайна вельмі дзіўная і непрадказальная. Арганізацыя суполкі была такой прадуманай, а яе метады – такімі адпрацаванымі, што наўрад ці вядомы хоць адзін выпадак, калі ахвяра змагла беспакарана пагрэбаваць папярэджаннем ці калі выканаўцы злачынства былі знойдзеныя і схопленыя. Нягледзячы на ўсе захады ўраду Злучаных Штатаў і найлепшых прадстаўнікоў Поўдня, некалькі гадоў арганізацыя квітнела. Урэшце ў 1869 годзе рух нечакана спыніў існаванне, хаця адзінкавыя ўспышкі злачынстваў такога кшталту адбываліся і пазней».
– Як вы можаце заўважыць, – працягнуў Холмс, адкладаючы том, – нечаканае спыненне дзейнасці суполкі супала з ад’ездам палкоўніка Апэншоў з Амерыкі разам з паперамі. Цалкам магчыма, што мы маем і прычыну, і вынік. Няма нічога дзіўнага ў тым, што па слядах палкоўніка і яго сям’і ідуць бязлітасныя пераследнікі. Вы ж разумееце, што ў гэтых дзённіках і рэестрах могуць згадвацца найвядомейшыя асобы Поўдня, і многія з іх не змогуць спакойна спаць, пакуль не вернуць паперы.
– Значыць, старонка, якую мы бачылі…
– Гэта акурат тое, чаго і варта было чакаць. Калі я правільна помню, там было напісана: «Зярняткі дасланыя А, B і C», – значыць, суполка даслала ім папярэджанні. Наступныя запісы паведамлялі, што А і В прыбраліся, то бок пакінулі краіну, а С наведалі, і гэта, баюся, не прынесла С нічога добрага. Што ж, доктар, думаю, мы можам праліць святло на гэтую цёмную справу. А тым часам адзінае ратаванне для маладога Апэншоў – выканаць тое, што я яму сказаў. Сёння мы не можам больш нічога ні сказаць, ні зрабіць, а таму перадайце мне, калі ласка, маю скрыпку і давайце паспрабуем хаця б на паўгадзінкі забыць пра паскуднае надвор’е і пра яшчэ больш паскудныя ўчынкі нашых бліжніх.