Выбрать главу

Ранкам распагодзілася, і праз цьмяную завесу, якая накрыла наш вялікі горад, няўпэўнена прабіваліся сціплыя помні сонца. Калі я спусціўся, Холмс ужо снедаў.

– Выбачайце, што не пачакаў вас, – сказаў ён, – але я адчуваю, што мяне чакае шмат працы з расследаваннем справы маладога Апэншоў.

– Што вы плануеце рабіць? – спытаў я.

– Усё залежыць ад вынікаў маіх першых росшукаў. Магчыма, мне нават давядзецца ехаць у Хоршэм.

– Вы не збіраецеся з гэтага пачаць?

– Не, пачну я з Сіці. А вы пазваніце, служанка прынясе вам кавы.

Чакаючы сняданку, я ўзяў са стала яшчэ не разгорнутую газету і пачаў яе праглядаць. Вочы выхапілі загаловак, ад якога схаладзела сэрца.

– Холмс, – ускрыкнуў я, – вы спазніліся!

– Ох, – сказаў ён, ставячы кубак, – я баяўся, што так яно і будзе. Як гэта здарылася?

Гаварыў ён спакойна, але адчувалася, што ён моцна ўражаны.

– Мне кінулася ў вочы імя Апэншоў і назва: «Трагедыя ля моста Ватэрлоа». Вось што тут пішуць: «Паміж дзевяццю і дзесяццю гадзінамі мінулае ночы канстэбль Кук з акругі Н., які дзяжурыў ля моста Ватэрлоа, пачуў плёскат вады і крыкі аб паратунку. Аднак ноч была вельмі цёмная і непагодная, а таму, нягледзячы на дапамогу некалькіх мінакоў, уратаваць няшчаснага было немагчыма. Трывога тым не менш была паднятая, і рачная паліцыя ўрэшце здолела знайсці цела. Гэта быў малады джэнтльмен, імя якога, як сведчыць знойдзены ў яго кішэні канверт, Джон Апэншоў і які жыве пад Хоршэмам. Мяркуецца, што ён хацеў паспець на апошні цягнік з вакзала Ватэрлоа, праз спешку і поўную цемру збіўся з дарогі і пераступіў праз край адной з маленькіх прыстаняў для рачных параходаў. Слядоў гвалту на целе не знойдзена, а таму няма ніякіх сумневаў, што памерлы зрабіўся ахвярай няшчаснага выпадку, і гэта мусіць звярнуць увагу ўраду на стан рачных прыстаняў».

Некалькі хвілінаў мы праседзелі ў маўчанні. Я ніколі не бачыў Холмса такім прыгнечаным і ўсхваляваным.

– Гэта абражае мой гонар, Ўотсан, – сказаў ён урэшце. – Дробязнае пачуццё, нічога не скажаш, але тым не менш. Цяпер гэта робіцца маёй прыватнай справай, і калі Бог дасць мне здароўя, я накрыю ўсю гэтую хеўру. Ён прыйшоў да мяне прасіць дапамогі, а я адправіў яго на смерць!

Ён ускочыў з крэсла і з непрыхаваным хваляваннем пачаў мераць крокамі пакой, нервова сціскаючы і расціскаючы доўгія пальцы. На яго бледных шчоках гарэў румянец.

– Падступныя д’яблы! – урэшце выгукнуў ён. – Як яны яго туды завабілі? Набярэжная не ляжыць на дарозе да станцыі. А на мосце нават у такі час было, без сумневу, занадта шмат людзей. Што ж, Ўотсан, мы яшчэ паглядзім, хто каго. Ну, я пайшоў!

– У паліцыю?

– Я сам сабе паліцыя. Калі я спляту павуціну, хай тады паліцыя ловіць мух, але не раней.

Цэлы дзень я быў заняты сваёй медыцынскай практыкай, а таму вярнуўся на Бэйкер-стрыт толькі позна вечарам. Шэрлака Холмса яшчэ не было. Ён прыйшоў дзесьці каля дзесяці, бледны і стомлены, адразу ж скіраваўся да буфета, дзе адламаў кавалак хлеба і пачаў прагна яго знішчаць, запіваючы вялікімі глыткамі вады.

– Прагаладаліся? – заўважыў я.

– Паміраю з голаду. Я проста забыў пра абед і, апроч сняданку, нічога сёння не еў.

– Зусім нічога?

– Ні крышкі. Не было часу думаць пра ежу.

– І як вашыя поспехі?

– Няблага.

– Вы знайшлі ключ?

– Яны ў маіх руках. Хутка я адпомшчу за беднага Апэншоў. Думаю, Ўотсан, мы паставім на іх іхнае ж д’яблава таўро. Добрая ідэя, праўда?

– Што вы маеце на ўвазе?

Холмс дастаў з буфета апельсін і, парэзаўшы на кавалкі, выціснуў на стол некалькі зярнятак. Потым выбраў пяць штук і паклаў у канверт. На ўнутраным баку напісаў «ШХ за ДА» і адрасаваў яго «капітану Джэймсу Кэлхоўну, карабель «Самотная зорка», Савана, Джорджыя».

– А хто гэты капітан Кэлхоўн?

– Кіраўнік гэтае хеўры. Да астатніх я таксама дабяруся, але ён будзе першы.

– Як жа вы яго высачылі?

Ён дастаў з кішэні вялікі аркуш, увесь спісаны датамі і імёнамі.

– Увесь дзень я праседзеў над Рэгістрамі Лойда* і стосамі старых папераў, – адказаў ён, – прасочваючы далейшую дарогу ўсіх суднаў, якія заходзілі ў Пандычэры ў студзені і лютым 1883 году. За гэтыя месяцы там пабывала трыццаць шэсць караблёў вялікага танажу, і сярод іх – «Самотная зорка», якая, нягледзячы на тое, што месцам яе адпраўлення быў пазначаны Лондан, адразу ж забрала маю ўвагу, бо так называюць адзін з амерыканскіх штатаў.

– Тэхас, калі не памыляюся.