– Я не быў у гэтым упэўнены ні тады, ні цяпер, але рэч у тым, што карабель мусіў мець амерыканскае паходжанне.
– І што далей?
– Я прагледзеў запісы, якія датычылі Дандзі, і калі ўбачыў, што судна «Самотная зорка» стаяла там у студзені 1885-га, мае падазрэнні перараслі ва ўпэўненасць. Тады я праверыў, якія караблі знаходзяцца цяпер у лонданскім порце.
– І?..
– І выявілася, што «Самотная зорка» прыбыла сюды на мінулым тыдні. Я скіраваўся ў докі Альберта* і там даведаўся, што сёння з ранішнім прылівам яна сышла ўніз па рацэ, кіруючыся ў Савану. Я тэлеграфаваў у Грэйвсэнд і даведаўся, што нядаўна яна прайшла міма яго. Дзьме ўсходні вецер, а таму я ўпэўнены, што яна акурат мінула Гудвінс і знаходзіцца непадалёк ад вострава Ўайт.
– І што вы будзеце рабіць?
– О, цяпер ён у маіх руках. Ён і два яго хаўруснікі, адзіныя, як я высветліў, карэнныя амерыканцы на борце. Усе астатнія – фіны ці немцы. Таксама я даведаўся, што ўсе трое правялі ўчорашнюю ноч не на караблі. Пра гэта мне паведаміў стывідор*, які займаўся пагрузкай «Самотнай зоркі». Пакуль яны даплывуць да Саваны, паштовы параход даставіць мой ліст, а тэлеграма папярэдзіць паліцыю Джорджыі, што гэтых трох джэнтльменаў вельмі чакаюць тут у сувязі з забойствамі.
Але нават у найлепшых чалавечых планах заўсёды прысутнічае нейкі пралік, і забойцы Джона Апэншоў так ніколі і не атрымалі апельсінавых зярнятак, якія засведчылі б, што хтосьці, не менш падступны і рашучы, чым яны самі, ідзе іхным следам. У тым годзе буры раўнадзення былі надта доўгія і суворыя. Мы доўга чакалі навінаў з Саваны пра «Самотную зорку», але так і не дачакаліся. Паводле апошніх атрыманых намі звестак, дзесьці далёка ў Атлантыцы быў заўважаны на хвалях разбіты ахтэрштэвень* карабля з выразанымі на ім літарамі «С» і «З». І гэта адзінае, што мы даведаліся пра лёс «Самотнай зоркі».
Чалавек з выкручанай губой
Іса Ўітні, брат спачылага Элаяса Ўітні, доктара багаслоўя, рэктара духоўнай калегіі Святога Георгія, быў скончаны апіяман. Наркатычная залежнасць пачалася нібыта з дураслівай прыхамаці, калі яшчэ студэнтам ён, начытаўшыся пра відзежы і адчуванні ў Дэ Куінсі, паспрабаваў курыць тытунь, насычаны настойкай опію, каб дамагчыся таго ж эфекту. Як і многія іншыя, ён высветліў, што займець гэтую звычку лягчэй, чым пазбавіцца яе, і доўгія гады пакутаваў на наркаманію. Сябры і сваякі адначасова жахаліся і шкадавалі яго. Я і цяпер лёгка ўяўляю ягоны жоўты азызлы твар, навіслыя павекі, звужаныя зрэнкі і скурчанае ў крэсле цела. Нягледзячы на высокае паходжанне, ён загубіў сваё жыццё.
Неяк вечарам у чэрвені 1889-га нехта пазваніў нам у дзверы акурат той часінай, калі пачынаеш пазяхаць і кідаць позірк на гадзіннік. Я выпрастаўся ў крэсле, а жонка з лёгкім здзіўленнем паклала сваё вышыванне на калені.
– Пацыент! – сказала яна. – Табе зноў давядзецца ісці. Я прастагнаў, бо толькі вярнуўся дахаты пасля цяжкага дня.
Мы пачулі бразгат замка, потым некалькі паспешлівых словаў і хуткія крокі па лінолеуме. Дзверы адчыніліся, і ў наш пакой зайшла лэдзі, убраная ў цёмнае і з чорным вэлюмам на твары.
– Даруйце, што я ў такі позні час, – пачала яна, але раптам страціла вытрымку і, кінуўшыся на шыю маёй жонцы, зарыдала ў яе на плячы.
– О, здарылася бяда! – плакала яна. – Дапамажы мне, калі ласка.
– Божа, – сказала мая жонка, прыўзняўшы вэлюм госці. – Гэта Кейт Ўітні. Як жа ты напалохала мяне, Кейт! Я зусім цябе не пазнала.
– Я не ведала, што рабіць, таму прыйшла да цябе. Справа звычайная. Людзі, якія трапілі ў нягоду, цягнуліся да маёй жонкі, як птушкі да маяка.
– Вельмі добра, што ты прыйшла, мілая. Выпі крыху віна з вадой, супакойся і раскажы нам усё па парадку. Ці мне адправіць Джэймса* спаць?
– О, не-не! Парада і дапамога доктара мне таксама патрэбныя. Гэта наконт Ісы. Яго няма дома ўжо два дні, і я так хвалююся!
Не ўпершыню яна прыйшла да нас праз свайго недарэку мужа – да мяне як да доктара і да маёй жонкі як да старой школьнай сяброўкі. І мы спрабавалі суцешыць і супакоіць яе як маглі. Пыталіся, ці ведае яна, дзе можа быць яе муж, і ці маглі б мы неяк вярнуць ёй яго.
Падобна, што маглі. Яна ведала напэўна, што апошнім часам ён цягаўся ў опіумны прытон у аддаленым усходнім канцы Сіці. Дагэтуль ягоныя оргіі абмяжоўваліся адным днём, і ён вяртаўся дамоў увечары зняможаны, ледзь жывы. Але гэтым разам насланнё доўжылася сорак восем гадзін, і ён дакладна ляжыць там сярод рознай партовай навалачы, нюхаючы атруту альбо адсыпаючыся. Там ён, вядома, і знойдзецца, у «Злітку золата» на Апер-Свондэм-лэйн. Але што скажаце рабіць ёй? Як магла яна, маладая і нясмелая пані, выправіцца ў такое месца і вырваць мужа з лапаў шыбенікаў?