Натуральна, выйсце тут магло быць толькі адно. Ці не мог бы я суправадзіць яе да гэтага месца? А калі разважыць, навошта ёй наогул туды хадзіць? Я кансультаваў Ісу Ўітні як доктар і меў на яго пэўны ўплыў. Адзін я справіўся б лепш. Я даў слова, што праз пару гадзін адпраўлю яго дадому ў кэбе, калі ён напраўду знаходзіцца па тым адрасе.
Праз дзесяць хвілін я пакінуў фатэль і прыемную гасцёўню, узяў экіпаж і паспяшаўся па сваім дзіўнаватым, як мне ўжо тады здавалася, заданні, хаця час пакажа, што насамрэч яно яшчэ дзіўнейшае.
Спачатку складанасцяў не было. Апер-Свондэм – гэта завулак з сумнеўнай рэпутацыяй, схаваны за высокімі будынкамі карабельных майстэрняў, што цягнуцца ўздоўж паўночнага берага ракі да ўсходняй часткі Лонданскага моста. Паміж піўной і крамай гатовай вопраткі я адшукаў прытон, стромкая лесвіца вяла да яго ўвахода, што глядзеўся чорным правалам, падобным да лаза ў пячору. Папрасіўшы кэб пачакаць, я спусціўся да яміны, выцертай няцвёрдай хадой пастаянных наведнікаў, пры мігценні каганца адшукаў дзвярную клямку і ўвайшоў у выцягнутае памяшканне з нізкай столлю, застаўленае ляжанкамі, як палуба эмігранцкага карабля. Праз карычневы опіумны дым тут амаль немагчыма было дыхаць.
У цемрадзі ледзь адгадваліся абрысы целаў у ненатуральных фантастычных позах – скурчаныя плечы, сагнутыя калені, адкінутыя назад галовы падбароддзямі дагары. З усіх бакоў я лавіў на сабе нядобрыя мутныя погляды. Пры чорных постацях разгараліся і бляклі колцы чырвонага святла ў рыльцах металічных люлек, дзе тлела атрута. Большасць курцоў ляжала моўчкі, але некаторыя штосьці мармыталі сабе пад нос ці перамаўляліся, дзіўна інтануючы, нізкімі манатоннымі галасамі. Яны то амаль захлыналіся словамі, то рэзка абрывалі гаворку, кожны засяроджаны на сваім бубненні і абыякавы да суразмоўцы. Ля дальняй сценкі стаяла жароўня з гарачым вуголлем, побач з якой на трохногай табурэтцы сядзеў высокі высахлы стары і глядзеў на жар, падпіраючы сківіцу кулакамі.
Калі я зайшоў, служка-малаец з зямлістым тварам паспяшаўся набіць для мяне люльку з порцыяй наркотыка і жэстам запрасіў заняць вольную ляжанку.
– Дзякуй, але я не па гэта прыйшоў, – сказаў я. – Тут недзе мусіць быць мой сябар, містэр Іса Ўітні, хачу пагаварыць з ім.
Справа ад мяне нехта заварушыўся і падаў голас. У цемры я разгледзеў бледнага, зняможанага і ўскудлачанага Ўітні, які ўтаропіўся ў мяне.
– О, божа, гэта ж Ўотсан, – вымавіў ён. Выгляд ён меў загнаны, нібы на мяжы нервовага зрыву. – Ўотсан, якая цяпер гадзіна?
– Амаль адзінаццатая.
– А якога дня?
– Сёння пятніца, дзевятнаццатага чэрвеня.
– Напрамілы Бог! А я думаў, што серада. Ды не, дакладна серада. Нашто вы мяне палохаеце?
Ён закрыў твар далонямі і зарумзаў – высока, амаль дыскантам.
– Кажу вам, прыяцель, ужо пятніца. І вас ужо два дні чакае жонка. Вам мусіць быць сорамна.
– Мне сорамна. Толькі вы ўсё блытаеце, Ўотсан, я тут некалькі гадзін, тры ці чатыры люлькі, не памятаю дакладна. Але я пайду з вамі. Не хачу палохаць Кейт, маю бедную маленькую Кейт. Дайце мне руку! У вас ёсць кэб?
– Чакае звонку.
– Тады я паеду. Але мне трэба заплаціць. Спытайце, колькі я вінен, Ўотсан. Я зусім расклеіўся, нічога не магу зрабіць сам.
Стрымліваючыся, каб не дыхаць брыдкімі выпарэннямі дурману, я пайшоў па вузкім праходзе паўз два шэрагі лежакоў шукаць распарадчыка. Калі я праходзіў міма высокага старога ля жароўні, нехта тузануў мяне за вопратку і шапнуў: «Прайдзіце далей, потым азірніцеся і паглядзіце на мяне». Я вельмі ясна пачуў кожнае слова. Паглядзеў уніз. Іх мог прамовіць толькі стары побач, але ён сядзеў, як і раней, заглыблены ў свае думкі, вельмі худы, вельмі зморшчаны, сагнуты ўзростам, опіумная люлька звісала, заціснутая між каленяў, быццам выпаўшы з яго стомленых пальцаў. Я прайшоў яшчэ два крокі наперад і азірнуўся. Мне спатрэбілася ўся мая вытрымка, каб з нечаканкі не ўскрыкнуць. Ён павярнуўся спінай да ўсіх астатніх так, што ніхто, апроч мяне, не мог яго разглядзець. Яго постаць неяк выпрасталася, зморшчыны разгладзіліся, у абыякавых раней вачах затанцавалі агеньчыкі – і вось, калі ласка, ля агню, бязмежна задаволены маім здзіўленнем, сядзіць не хто іншы, як Шэрлак Холмс. Ён незаўважна падаў мне знак наблізіцца і, паўабярнуўшыся да наведнікаў прытона, у імгненне зноў ператварыўся ў нямоглага старога з адвіслай губой.
– Холмс! – шапнуў я. – Што, чорт вазьмі, вы робіце ў прытоне?
– Цішэй, – пачуў я ў адказ. – У мяне выдатны слых. І калі вы зробіце ласку пазбавіцца ад свайго недалужнага сябрука, я з вялікай ахвотай пагавару з вамі.