– На дварэ чакае кэб.
– То хутчэй саджайце яго туды і выпраўляйце дахаты. Ён ледзь рухаецца і наўрад ці трапіць у яшчэ адну кепскую гісторыю. Таксама я б параіў вам даслаць жонцы з кэбменам запіску, што вы сустрэлі мяне і будзеце няхутка. Калі пачакаеце на дварэ, праз пяць хвілін я да вас далучуся.
Было няпроста ў чымсьці адмовіць Шэрлаку Холмсу, бо яго надзвычай цвёрдыя просьбы гучалі як ветлівы загад. Але я адчуваў, што, пасадзіўшы Ўітні у кэб, сваю місію я практычна выканаю, да таго ж для мяне няма нічога лепшага, як разам з сябрам удзельнічаць у адной з неверагодных прыгодаў, з якіх складаецца яго звычайнае існаванне. За некалькі хвілін я напісаў запіску, заплаціў па рахунку Ўітні, праводзіў і пасадзіў яго ў кэб, які хутка знік у цемры. Неўзабаве з опіумнага прытона паказалася сагнутая постаць, і хутка мы з Шэрлакам Холмсам ужо крочылі вуліцай. Дзве вуліцы ён шорхаў, горбячы спіну і ледзь перастаўляючы ногі. Потым агледзеўся, выпрастаўся і шчыра разрагатаўся.
– Мяркую, Ўотсан, вам уявілася, што я дадаў курэнне опіуму да какаінавых ін’екцый і астатніх маленькіх слабасцяў, ад якіх вы як медык не ўпускаеце мажлівасці мяне засцерагчы, – сказаў ён.
– Натуральна, мне было дзіўна бачыць вас там.
– Але ж не болей, чым мне – вас.
– Я шукаў сябра.
– А я ворага.
– Ворага?
– Аднаго з маіх прыродных ворагаў, здабычу ў жывой прыродзе. Калі сцісла, Ўотсан, я спрабую разабрацца з вельмі цікавым выпадкам і спадзяваўся знайсці ключык да яго ў бязладным балбатанні гэтых няшчасных, як рабіў і раней. Калі б у прытоне мяне прызналі, за маё жыццё не варта было б даваць і пені. Аднойчы я ўжо скарыстаўся ведамі, здабытымі такім чынам, і індус, які раней служыў матросам, а цяпер валодае гэтым логавам, мае на мяне зуб. Ззаду будынка, на верфі святога Паўла побач з царквой, ёсць патаемныя дзверцы, якія маглі б расказаць не адну дзіўную гісторыю пра тое, што праз яе выносілі цёмнымі начамі.
– Вы што, сур’ёзна? Вы маеце на ўвазе целы?
– На жаль, так, Ўотсан, целы. Калі б за кожнага бедака, якога даканалі ў гэтым прытоне, нам давалі па тысячы фунтаў, мы былі б заможнікамі. Гэта найжахлівейшая смяротная пастка на ўсім узбярэжжы, і я баюся, што Нэвіл Сэнт-Клэр увайшоў сюды, каб болей не выйсці. Але мы зладзім тут засаду.
Ён заклаў два пальцы ў рот і каротка свіснуў. У адказ здалёк пачуўся такі самы свіст, потым грукатанне колаў і стук капытоў.
Цемру рассеклі два жоўтыя слупы святла ад бакавых ліхтароў высокага экіпажа, які рэзка спыніўся каля нас.
– Ну, што, Ўотсан, вы са мной? – спытаў Холмс.
– Калі змагу быць карысным.
– Надзейны кампаньён заўжды карысны, а хранікёр – тым больш. У маім пакоі ў Кедрах два ложкі.
– У Кедрах?
– Гэта дом містэра Сэнт-Клэра. Я пасяліўся там на час расследавання.
– А дзе гэта?
– Каля Лі, у Кенце. Адсюль сем міляў.
– Але ж я нічога не ведаю пра гэтую справу.
– Натуральна, не ведаеце. Але хутка даведаецеся. Хутчэй сядайце.
Холмс падаў фурману паўкроны.
– Дзякуй, Джон, вы нам больш не патрэбныя. Зазірніце да нас заўтра каля адзінаццатай. Давайце мне лейцы. Ну, бывайце!
Ён сцебануў каня пугай, і мы ірванулі па бясконцых змрочных і пустых вуліцах, што паступова рабіліся шырэйшымі. Нарэшце мы вылецелі на вялікі мост з балюстрадамі, пад якім плёскалася каламутная вада панурай ракі. Потым зноў пайшлі нецікавыя цагляныя забудовы, бязлюдную цішыню якіх парушалі толькі крокі паліцэйскага патруля ды песні і выкрыкі позніх гулякаў. Панылыя пасмы хмараў марудна валачыліся па небе, дзе-нідзе ў прасветах між імі цьмяна бліскала зорка-другая. Холмс кіраваў экіпажам моўчкі, схіліўшы галаву, як чалавек, заглыблены ў думкі, я ж сядзеў побач і, хоць мне не цярпелася даведацца пра падрабязнасці новай справы, якая так моцна захапіла яго, баяўся сваімі пытаннямі перашкодзіць яго роздумам. Так мы прамчалі сем міляў і ўжо даехалі да кальца прыгарадных віл, калі ён схамянуўся, сцепануў плячыма і раскурыў люльку з выглядам чалавека, які пераканаў сябе ў тым, што робіць усё правільна.
– Вы маеце найкаштоўнейшае ўменне захоўваць цішыню, Ўотсан, гэта робіць вас проста бясцэнным кампаньёнам, – сказаў ён. – Мяне цешыць, што я магу пагаварыць з вамі, бо мае ўласныя думкі не надта прыемныя. Не ведаю, што буду казаць гэтай мілай маладой спадарыні сёння, каля яна сустрэне мяне ў дзвярах.
– Вы забываеце, што я нічога не ведаю.
– Пакуль мы даедзем да Лі, я акурат паспею расказаць вам пра справу. Усё выглядае да непрыстойнага простым, тым не менш я дагэтуль не маю ніякіх зачэпак. Несумненна, нітачак хапае, але іх кончыкаў я не бачу. Зараз, Ўотсан, я сцісла і ясна паведамлю вам, у чым сутнасць, і, можа быць, для вас блісне знічка там, дзе для мяне пакуль усё цёмна.