Выбрать главу

– Калі ласка, прасіце, – сказаў Холмс, зноў заплюшчваючы вочы.

– Карацей кажучы, рэч вось у чым: гадоў пяць таму падчас доўгага візіту ў Варшаву я пазнаёміўся з добра вядомай авантурысткай Ірэн Адлер. Імя гэтае, несумненна, вам вядомае.

– Прашу вас ласкава пашукаць яе ў маёй картатэцы, доктар, – ціха сказаў Холмс, не расплюшчваючы вачэй.

Шмат гадоў таму ён завёў сістэму рэгістрацыі ўсіх фактаў, датычных розных людзей і рэчаў, а таму цяпер складана было знайсці штосьці, пра што ён не змог бы адразу здабыць інфармацыю. Я адшукаў біяграфію, заціснутую паміж біяграфіямі габрэйскага рабіна і аднаго каменданта штабу, які напісаў працу пра глыбакаводных рыбаў.

– Так-так, паглядзім, – сказаў Холмс. – Хм… Нарадзілася ў Нью-Джэрсі ў 1858 годзе. Кантральта, хм… «Ла-Скала», хм… Жыве ў Лондане – усё правільна! Як я разумею, гэтая маладая асоба зацягнула вашую вялікасць у пастку, вы напісалі ёй некалькі лістоў, якія могуць вас скампраметаваць, і таму прагнеце вярнуць іх сабе?

– Усё менавіта так, але якім чынам…

– Вы прабраліся таемным шлюбам?

– Не.

– Ніякіх дакументаў ці сведчанняў?

– Ніякіх.

– Тады я вашую вялікасць не разумею. Калі гэтая маладая асоба наважыцца шантажаваць вас ці яшчэ што, як яна давядзе іх сапраўднасць?

– Мой почырк.

– Глупства! Фальшыўка.

– Мая прыватная папера.

– Скрадзеная.

– Мая пячатка.

– Падробленая.

– Мой фотаздымак.

– Куплены.

– Мы фатаграфаваліся разам.

– О, а вось гэта кепска. З боку вашай вялікасці гэта было неасцярожным учынкам.

– Я звар’яцеў, страціў розум!

– Вы сур’ёзна сябе скампраметавалі.

– Тады я быў толькі кронпрынцам. Я быў малады. Мне і цяпер усяго трыццаць.

– Фотаздымак трэба вярнуць.

– Мы спрабавалі – не атрымалася.

– Вашая вялікасць мусіць заплаціць. Купіце яго.

– Яна не хоча прадаваць.

– Тады трэба скрасці.

– Мы зрабілі пяць спробаў. Нанятыя мной узломшчыкі двойчы абшуквалі яе дом. Падчас яе падарожжа мы правяралі яе багаж. Двойчы ладзілі на яе пастку. Ніякіх вынікаў.

– Ніякіх слядоў здымка?

– Ніякіх.

Холмс засмяяўся:

– Нічога сабе задачка!

– Але для мяне гэта вельмі важна! – усклікнуў кароль з дакорам.

– Не сумняюся. Што яна плануе рабіць са здымкам?

– Знішчыць мяне.

– Якім жа чынам?

– Я збіраюся жаніцца…

– Я чуў пра гэта.

– …з Клатыльдай Лотман фон Саксэн-Менінген, другой дачкой скандынаўскага караля. Магчыма, вы чулі пра строгія прынцыпы яе сям’і. Дый Клатыльда – сама чысціня. Нават цень сумневу адносна майго мінулага можа прывесці да разрыву.

– А што Ірэн Адлер?

– Пагражае, што адправіць ім фотаздымак. І яна гэта зробіць! Зробіць, я ўпэўнены! Вы не ведаеце яе – у яе сталёвыя нервы. Самы прыгожы жаночы твар і самы разважлівы мужчынскі розум. Яна не спыніцца ні перад чым, каб не даць мне ажаніцца з іншай жанчынай. Ні перад чым!

– І вы ўпэўненыя, што здымак яшчэ не дасланы?

– Упэўнены.

– Чаму?

– Бо яна сказала, што вышле яго ў дзень афіцыйнага абвяшчэння заручынаў. У наступны панядзелак.

– Ага, значыць, у нас засталося тры дні, – сказаў Холмс пазяхаючы. – Гэта радуе, бо пакуль у мяне засталіся адна-дзве важныя справы, якія патрабуюць тэрміновага развязання. Вашая вялікасць, безумоўна, яшчэ застанецца ў Лондане?

– Канечне. Вы зможаце знайсці мяне ў гасцініцы «Лэнгхэм» пад імем графа фон Крама.

– Тады я перадам вам цыдулку – раскажу, як ідзе справа.

– Вельмі вас папрашу. Я буду нецярпліва чакаць.

– А што наконт грошай?

– Даю вам карт-бланш.

– Абсалютна?

– За гэты фотаздымак я гатовы аддаць любую з правінцыяў майго каралеўства!

– А на бягучыя выдаткі?

Кароль дастаў з-пад плашча цяжкі замшавы мяшэчак і паклаў яго на стол.

– Тут трыста фунтаў золатам і семсот асігнацыямі. Холмс чыркануў распіску на старонцы са свайго нататніка і перадаў яе каралю.

– Адрас мадэмуазэль? – спытаў ён.

– Браяні-Лодж, Серпентайн-авеню, Сэнт-Джонс-Вуд. Холмс запісаў адрас.

– І яшчэ адно пытанне. Фотаздымак кабінетнага фармату*?

– Так.

– Тады дабранач, вашая вялікасць, я спадзяюся, што хутка ў нас будуць для вас добрыя навіны. Дабранач, Ўотсан, – дадаў ён, калі грукат колаў каралеўскага экіпажа пачаў аддаляцца. – Калі вы зазірняце да мяне заўтра а трэцяй, я ахвотна абмяркую з вамі гэтую справу.

2

Роўна а трэцяй я быў на Бэйкер-стрыт, але Холмс яшчэ не вярнуўся. Гаспадыня кватэры паведаміла, што ён сышоў з дому адразу пасля васьмі раніцы. Тым не менш я прысеў ля каміна, збіраючыся чакаць яго да ўпору. Мяне вельмі зацікавіла расследаванне гэтай справы, і нягледзячы на тое, што яна была пазбаўленая вычварнай і злавеснай атмасферы, што атачала абодва злачынствы, апісаныя мной раней, сам яе характар і высокае становішча кліента надавала ёй пэўную незвычайнасць. Да таго ж, калі пакінуць убаку само расследаванне, якое мусіў правесці мой сябар, ужо тое майстэрства, з якім ён завалодваў сітуацыяй, яго востры і дасціпны розум прымушалі мяне з асалодай назіраць за яго працай і імклівымі і спрытнымі прыёмамі, што дапамагалі яму разблытаць самыя невытлумачальныя таямніцы. Я так прызвычаіўся да яго нязменных поспехаў, што мне і ў галаву не магла прыйсці думка пра магчымасць паразы.