– Калі ласка.
– Некалькі гадоў таму, а дакладней, у траўні 1884-га, у Лі прыехаў джэнтльмен на імя Нэвіл Сэнт-Клэр, у якога, як выявілася, вадзіліся немалыя грошы. Ён зняў вялікую вілу, вельмі добра ўпарадкаваў маёнтак: выглядала на тое, што жыве ён прыстойна. З часам ён раззнаёміўся з суседзямі і ў 1887-м ажаніўся з дачкой мясцовага броваршчыка. Цяпер у іх двое дзяцей. Працы ў яго няма, але ён мае інтарэс у некалькіх кампаніях і таму ездзіць у горад, як правіла, раніцай. Штовечар вяртаецца назад цягніком на пяць чатырнаццаць з Кэнанстрыт. Містэру Сэнт-Клэру трыццаць сем, ён чалавек памяркоўны, добры муж, вельмі любіць дзяцей, усе, хто яго ведае, ставяцца да яго з прыязнасцю і ўхвалай. Магу яшчэ дадаць, што ўсе ягоныя пазычанасці на сённяшні дзень, як мы высветлілі, складаюць 88 фунтаў, тым часам як на рахунку ў банку «Кэпітал і Каўнціс» ён мае ў крэдытным астатку 220 фунтаў. Такім чынам нельга падумаць, што грашовыя пытанні яго турбуюць.
У мінулы панядзелак містэр Нэвіл Сэнт-Клэр выправіўся ў горад значна раней, чым звычайна, сказаўшы перад ад’ездам, што яму трэба вырашыць некалькі важных справаў і што сыну ён прывязе скрынку з кубікамі. Акурат у той жа панядзелак адразу пасля яго ад’езду яго жонка атрымала тэлеграму, што ў канторы Абердынскай параходнай кампаніі яе чакае каштоўная пасылка. Калі вы добра ведаеце Лондан, то адразу ж згадаеце, што кантора кампаніі знаходзіцца на Фрэсна-стрыт, якая злучаецца з Апер-Свондэм-лэйн, дзе вы мяне сёння знайшлі. Місіс Сэнт-Клэр выправілася ў Сіці пасля абеду, прайшлася па крамах, дайшла да пошты, забрала пасылку і ў чатыры трыццаць пяць ужо ішла паўз Апер-Свондэм да чыгуначнай станцыі. Пакуль усё зразумела?
– Абсалютна.
– Як вы памятаеце, панядзелак выдаўся надзвычай спякотны, і місіс Сэнт-Клэр ішла марудна, разглядаючыся і спадзеючыся злавіць кэб, бо ёй не падабаўся раён, у якім яна апынулася. І вось, ідучы так, яна раптам пачула нейкі выкрык ці стогн і ажно схаладнела, калі ўбачыла, што з другога паверха будынка, каля якога яна праходзіла, на яе глядзіць муж і, як ёй тады падалося, кліча яе. Акно было адчыненае, таму яна ясна разгледзела ягоны твар, апісаўшы мне яго пасля як жахліва ўсхваляваны. Ён рэзка махнуў рукамі, а потым знік так нечакана, быццам яго адцягнула нейкая непераадольная сіла. Але яна паспела заўважыць, што на ім быў цёмны палітон, у якім ён паехаў у горад, аднак і манішка, і гальштук зніклі.
Перакананая, што муж у небяспецы, яна пабегла па прыступках уніз, бо дом быў акурат тым самым прытонам, дзе вы мяне сёння сустрэлі. Мінуўшы пакой на першым паверсе, яна хацела была трапіць на другі, але каля лесвіцы яе груба спыніў гаспадар прытона, пра якога я вам ужо расказваў. Ён адштурхнуў яе і з дапамогай нейкага Дэйна, які там за памочніка, вывалак яе на двор. Пакутуючы ад найгоршых падазрэнняў і страху, яна пайшла па вуліцы і – рэдкая ўдача – на Фрэсна-стрыт сустрэла патруль з некалькіх канстэбляў і інспектара. Паліцэйскія прайшлі з ёй і, нягледзячы на ўпартыя пярэчанні трымальніка прытона, падняліся ў пакой, дзе яна бачыла містэра Сэнт-Клэра, але таго там ужо не было. Ніякіх прыкметаў яго прысутнасці ў пакоі не знайшлі. На тым паверсе не было зусім нікога, апроч няшчаснага калекі жахлівага выгляду, які, здаецца, там жыў. І ён, і гаспадар прытона горача кляліся, што ўдзень нікога ў гэтым пакоі не было. Яны так упарта гэта адмаўлялі, што інспектар засумняваўся і ўжо пачаў быў думаць, што місіс Сэнт-Клэр усё прымроілася, калі, ускрыкнуўшы, яна схапіла скрынку са стала і адарвала яе верх. Адтуль выпалі дзіцячыя кубікі – такія, як яе муж абяцаў прывезці сыну.
Гэтая знаходка і відавочная разгубленасць калекі пераканалі інспектара, што справа сур’ёзная. Пільны вобшук памяшканняў пацвердзіў, што тут здарылася жахлівае злачынства. Першы пакой быў абстаўлены як гасцёўня і вёў у цесную спальню, якая выходзіла вокнамі на заднюю сцяну адной з карабельных майстэрняў. Паміж ёй і вокнамі спальні – невялікі праход, у адліў там суха, але падчас прыліву вада падымаецца да чатырох з паловай футаў. Акно спальні шырокае і адчыняецца знізу. На ім знайшлі сляды крыві, яшчэ некалькі асобных кропель засталося на драўлянай падлозе спальні. За шторай у пярэднім пакоі знайшлі ўсю вопратку містэра Сэнт-Клэра, апроч палітона. Таксама там былі яго туфлі, шкарпэткі, капялюш і гадзіннік. Рэчы не былі пашкоджаныя – ніякіх прыкметаў барацьбы, – але і іншых слядоў містэра Нэвіла Сэнт-Клэра таксама не знайшлі.