Знікнуць ён мог толькі праз акно, бо іншых выхадаў не было, і злавесныя плямы крыві на падаконні не пакідалі асаблівых спадзеваў на тое, што ён мог уратавацца па вадзе, бо прыліў на момант трагедыі дасягнуў найвышэйшага пункту.
Цяпер пра ліхадзеяў, якія, падобна, непасрэдна звязаныя са злачынствам. Гаспадар прытона вядомы як чалавек з найжахлівейшым мінулым, але, паводле словаў місіс Сэнт-Клэр, ён праз вельмі кароткі час пасля з’яўлення яе мужа ў акне прыйшоў уніз да лесвіцы, а таму мог быць хіба што памагатым злачынца. Сам гаспадар сцвярджаў, што ён нічога не ведае і нават не ўяўляе, чым займаўся яго пастаялец Х’ю Бун, а таму не можа адказваць за тое, што вопратка зніклага джэнтльмена знайшлася ў таго ў пакоі.
Вось і ўсё пра гаспадара прытона. Цяпер пра падазронага калеку, які жыве на другім паверсе опіумнага прытона і дакладна быў апошнім, хто бачыў містэра Нэвіла Сэнт-Клэра. Яго завуць Х’ю Бун, і ягонае страшнае аблічча ведае кожны, хто часта бывае ў Сіці. Ён прафесійны жабрак, але, каб пазбегнуць праблем з паліцыяй, робіць выгляд, што гандлюе васковымі запалкамі. Калі крыху спусціцца па Трэднідл-стрыт, злева вы ўбачыце невялікі паварот. Вось там каля сцяны гэтая істота звычайна па-турэцку і сядзіць, расклаўшы пачкі запалак на каленях. Выглядае ён жаласна, а таму невялікі струмень ахвяраванняў няспынна падае ў яго замусолены скураны капялюх, што ляжыць перад ім на ходніку. Я неаднойчы звяртаў увагу на гэтага хлопца, яшчэ да таго як давялося з ім пазнаёміцца ў сувязі з гэтай справай, і дзівіўся таму ўраджаю, які ён збірае за кароткі час. Разумееце, аблічча ў яго такое адметнае, што мала хто праходзіць міма, не спыніўшыся, каб разгледзець. Купа рудога валосся, бледны твар, скалечаны выродлівым шнарам, які, зажыўшы, сцягнуў уверх і выкруціў яго верхнюю губу, бульдожае падбароддзе і пранізлівыя цёмныя вочы, якія рэзка кантрастуюць з колерам валасоў, – усё робіць яго заўважным сярод іншых жабракоў, да таго ж ён дасціпны і заўжды знаходзіць слоўца, каб адказаць на любыя кпіны. Вось такі чалавек аказаўся пастаяльцам опіумнага прытона і апошнім, хто бачыў джэнтльмена, якога мы шукаем.
– Але ж ён калека! – сказаў я. – Што б ён мог зрабіць адзін супраць чалавека ў поўным росквіце гадоў?
– Ён калека толькі тым ў сэнсе, што ходзіць кульгаючы. Агулам гэта моцны і добра складзены чалавек. Безумоўна, ваш медыцынскі досвед падкажа вам, Ўотсан, што слабасць адной канцавіны кампенсуецца выключнай развітасцю іншых.
– Кажыце ж, што было далей.
– Калі місіс Сэнт-Клэр убачыла на акне кроў, ёй зрабілася кепска, і паліцыя адправіла яе дадому ў кэбе, бо для расследавання яе прысутнасць больш не патрабавалася. Інспектар Бартан, які ўзяўся за гэтую справу, тэрмінова арганізаваў у ваколіцах пошукі, але яго людзі не знайшлі нічога, што магло б праліць хоць нейкае святло на таямніцу знікнення. Яны зрабілі толькі адну памылку – не арыштавалі Буна адразу, і ён меў час перамовіцца са сваім сябруком, гаспадаром прытона. Але гэты недагляд хутка выправілі: жабрака схапілі і абшукалі, хаця доказаў яго віны не знайшлі. На правым рукаве яго кашулі, праўда, былі плямы крыві, але ён паказаў на свой безыменны палец з парэзам каля пазногця і патлумачыў, што кроў адтуль, дадаўшы, што ён падыходзіў да акна, і таму тыя плямы, несумненна, таго ж паходжання. Ён адмаўляў, што ведае містэра Нэвіла Сэнт-Клэра, і бажыўся, што вопратка ў пакоі здзівіла яго не менш, чым паліцыю. Што да сцверджання місіс Сэнт-Клэр, якая нібыта бачыла ў акне мужа, то ён казаў, што яна трызніць або ёй падалося. Калі яго забіралі ў паліцэйскі ўчастак, ён гучна пратэставаў. Інспектар тым часам застаўся паблізу будынка, спадзеючыся, што адліў падорыць які-небудзь свежы доказ.
Так яно і здарылася, хоць у глеі яны не знайшлі таго, чаго баяліся. Калі вада сышла, адшукаўся палітон Нэвіла Сэнт-Клэра, але не сам Нэвіл Сэнт-Клэр. І што б вы думалі, яны знайшлі ў кішэнях?
– Не ўяўляю.
– Думаю, вы б ніколі не здагадаліся. Кішэні былі паўнюткія манет – пенсавікаў і паўпенсавікаў. Чатырыста дваццаць адзін пенс і дзвесце семдзесят паўпенсаў. Нядзіўна, што палітон не знесла адлівам. Але з чалавечым целам усё інакш. Паміж карабельнай майстэрняй і домам утвараецца даволі моцны вір. Імаверна, палітон з грузам застаўся на месцы, а распранутае цела знесла ракой.
– Як я зразумеў, усю астатнюю вопратку знайшлі ў пакоі. Хіба магло цела быць толькі ў палітоне?
– Не, сэр, але пэўная карціна тут вымалёўваецца. Уявіце, што гэты Бун без сведак выкідае Нэвіла Сэнт-Клэра з акна. Якія яго наступныя крокі? Вядома ж, ён неадкладна хоча пазбавіцца вопраткі, якая выкрывае яго датычнасць да злачынства. Ён хапае палітон і, несучы яго да акна, разумее, што ён паплыве, а не патоне. Часу мала, ён чуе тузаніну на першым паверсе, бо жонка забітага спрабуе прарвацца наверх, а магчыма, яго памагаты, гаспадар прытона, папярэджвае, што вуліцай у іх бок ідуць паліцэйскія. Нельга губляць ні імгнення. Ён кідаецца да сваёй схованкі з прыбыткамі ад жабравання, рассоўвае манеты па кішэнях, каб палітон надзейна патануў, і выкідае яго. Астатнія рэчы ён таксама выкінуў бы, калі б не пачуў крокі на лесвіцы. Адзінае, што ён паспявае, – гэта зачыніць акно да прыходу паліцыі.