Выбрать главу

– Гучыць абсалютна праўдападобна.

– Пакуль няма лепшай гіпотэзы, будзем трымацца гэтай. Як я вам ужо казаў, Буна арыштавалі і завезлі ва ўчастак, але выявілася, што ён не мае ніякага крымінальнага мінулага. Доўгі час ён прафесійна жабраваў, але жыў ціхмяна і благога не рабіў. На гэтым расследаванне пакуль спынілася, і мы шукаем адказы на наступныя пытанні: што Нэвіл Сэнт-Клэр рабіў у опіумным прытоне, што з ім там здарылася, дзе ён цяпер і як Х’ю Бун звязаны з гэтым знікненнем. Пакуль мы далёкія ад разгадак. Шчыра кажучы, у маёй практыцы яшчэ не было справы, якая на першы погляд здавалася б такой простай, а аказвалася б такой складанай.

Пакуль Шэрлак Холмс расказваў мне гэтую дзіўную гісторыю, мы пятлялі па ўскраінах сталіцы, але нарэшце прамінулі апошнія будынкі і памчалі загараднай дарогай, з абодвух бакоў аточанай жываплотам. Калі Холмс скончыў расказ, мы паспелі праехаць дзве вёскі паабапал дарогі, дзе у вокнах там-сям усё яшчэ цьмяна гарэла святло.

– Цяпер мы на ўскраінах Лі, – сказаў мой кампаньён. – За нашую кароткую паездку мы пабывалі ў трох графствах: пачалі з Мідлсэкса, зачапілі Сурэй і прыехалі ў Кент. Бачыце вунь тое святло між дрэваў? Гэта Кедры, а пры лямпе сядзіць жанчына, чый прагны слых ужо, я ўпэўнены, пачуў тупат нашага каня.

– Але чаму вы не ведзяце расследаванне на Бэйкерстрыт? – спытаўся я.

– Таму што шмат за чым трэба паназіраць на месцы. Місіс Сэнт-Клэр ласкава прапанавала мне два пакоі. Не сумнявайцеся, яна будзе толькі радая, калі да мяне далучыцца мой сябар і калега. Мне так цяжка сустракацца з ёй, вяртаючыся без навінаў пра яе мужа, Ўотсан. Вось мы, дарэчы, і на месцы. Тпру, тпру!

Мы спыніліся перад вялікай вілай, якая стаяла сярод саду. Конюх узяў нашага каня за аброць, а я, саскочыўшы з экіпажа, скіраваўся за Холмсам пасыпанай жвірам сцяжынай, якая вяла да дома. Калі мы наблізіліся, дзверы расчыніліся: на ганку нас ужо чакала маладая светлавалосая жанчына ў лёгкай кісейнай сукні, аздобленай вакол шыі і запясцяў мяккім ружовым шыфонам. Яе фігуру акрэслівала святло, што лілося з пакояў, адна рука ляжала на дзвярной ручцы, другую яна прыўзняла ў запытальным жэсце, уся яе постаць, што падалася наперад, усхваляваны твар, прагныя вочы, прыадкрытыя вусны выяўлялі чаканне.

– Ну што? – выгукнула яна. – Што?

Убачыўшы, што мы ўдвох, яна са спадзевам усклікнула, але роспачна прастагнала, калі мой кампаньён пакруціў галавой і паціснуў плячыма.

– Ніякіх добрых навін?

– Ніякіх.

– А кепскіх?

– Таксама няма.

– Дзякуй нябёсам і за гэта. Але хадзем. Вы, мусіць, стаміліся за дзень.

– Гэта мой сябар, доктар Ўотсан. Менавіта ён паспрыяў паспяховаму выніку ў некалькіх маіх расследаваннях, гэта ўдача, што ён пагадзіўся прыехаць са мной і далучыцца да пошукаў.

– Радая знаёмству з вамі, – сказала яна, сардэчна паціснуўшы мне руку. – Даруйце, калі тут вам будзе не зусім зручна: на нас так раптоўна абрынуўся ўдар.

– Дарагая мадам, я былы салдат, – адказаў я, – а нават калі б не быў ім, я разумею, што вам няма за што выбачацца. Я буду вельмі ўсцешаны, калі змагу дапамагчы вам ці майму сябру.

– Зараз, містэр Холмс, я задам вам адно-два простыя пытанні, – сказала лэдзі, калі мы зайшлі ў заліты святлом пакой, дзе на накрытым стале нас чакала халодная вячэра. – І ласкава прашу адказаць мне шчыра.

– Вядома, мадам.

– Адказвайце без увагі на мае пачуцці. Я не істэрычная і не збіраюся траціць прытомнасць. Мне проста вельмі трэба ведаць, што вы напраўду думаеце.

– Наконт чаго?

– Паклаўшы руку на сэрца, сэр, скажыце, вы верыце, што Нэвіл жывы?

Здаецца, Шэрлака Холмса збянтэжыла гэтае пытанне.

– Кажыце! Шчыра!

Яна стаяла на дыванку, позіркам прыгваздаўшы Холмса да спінкі плеценага крэсла, на якім той сядзеў.

– Не, мадам, не веру.

– Мяркуеце, ён памёр?

– Так.

– Яго забілі?

– Не ўпэўнены. Можа быць.

– У які дзень ён сустрэў сваю смерць?

– У панядзелак.

– Тады, напэўна, вы зможаце патлумачыць, як я магла сёння атрымаць ад яго ліст.

Шэрлак Холмс падскочыў, быццам ад удару токам.