– Што?! – зароў ён.
– Менавіта так. Сёння, – яна стаяла, з усмешкай трымаючы ў пальцах папяровы прастакутнічак.
– Можна мне зірнуць?
– Вядома.
Ён нецярпліва схапіў ліст і, разгладзіўшы яго перад сабою на стале, уважліва агледзеў пад святлом лямпы. Я таксама ўзняўся з крэсла і разглядаў запіску праз плячо Холмса. Канверт быў самы танны і праштэмпеляваны ў Грэйвсэндзе сённяшнім днём, ці хутчэй учорашнім, бо ўжо, мабыць, пераваліла за поўнач.
– Почырк грубы, – прамармытаў Холмс. – Падпісваў, відавочна, не ваш муж, мадам.
– Так, але ліст пісаў ён.
– Таксама я бачу, што, хто б канверт ні падпісваў, яму давялося пайсці і спытацца пра адрас.
– Чаму вы так вырашылі?
– Паглядзіце, імя напісанае вельмі чорным чарнілам, якое высахла само. Астатнія літары шараватыя, значыць, карысталіся прамакальнай паперай. Калі б усё напісалі за раз, а потым прамакнулі, такіх чорных літар не было б. Гэты чалавек напісаў імя, затым на нейкі час спыніўся і ўжо потым напісаў адрас, што можа значыць толькі адно: адраса ён не ведаў. Гэта, безумоўна, дробязь, але няма нічога важнейшага за дробязі. А зараз зірнем на ліст. Ха! Тут і ўкладзена нешта было!
– Там быў пярсцёнак. Пярсцёнак-пячатка.
– А почырк дакладна вашага мужа?
– Адзін з ягоных.
– Іх было некалькі?
– Так ён пісаў, калі спяшаўся. Зусім іншы, чым яго звычайны почырк, але я добра ведаю і гэты таксама.
«Дарагая, нічога не бойся. Усё будзе добра. Здарылася вялікая памылка, і мне, напэўна, спатрэбіцца нейкі час, каб яе выправіць. Чакай і не турбуйся.
– Пісана алоўкам на кніжным форзацы, фармат – адна восьмая аркуша, вадзяных знакаў няма. Хм! Адпраўленае сёння з Грэйвсэнда чалавекам, які чымсьці запэцкаў вялікі палец. Ха! Штэмпель ставіў служка, які, калі не памыляюся, перад гэтым жаваў тытунь. Вы дакладна ўпэўненыя, мадам, што почырк належыць вашаму мужу?
– Абсалютна. Пісаў Нэвіл.
– Адпраўлена сёння з Грэйвсэнда. Ну, місіс Клэр, у хмарах бачыцца прасвет, хаця смела сцвярджаць, што небяспека мінула, я не наважуся.
– Але ён несумненна жывы, містэр Холмс.
– Калі толькі гэта не хітрая падробка, каб вывесці нас на падманны след. Пярсцёнак, урэшце, нічога не даказвае. Яго маглі і зняць з цела.
– Не-не, няма сумневаў, почырк ягоны!
– Можа быць. Але застаецца магчымасць, што пісаў ён у панядзелак, а адпраўленая запіска толькі сёння.
– Так…
– А паміж гэтымі падзеямі здарыцца магло шмат.
– О не, толькі не адбірайце ў мяне надзею, містэр Холмс! Я ведаю, што з ім усё добра. Паміж намі існуе сувязь, і я б дакладна адчула, калі б з ім здарылася штосьці благое. У той дзень, калі мы бачыліся апошні раз, ён парэзаўся ў спальні, я тады была ў гасцёўні, але адразу ж пабегла наверх, амаль упэўненая, што нешта здарылася. І вы думаеце, што я, адгукаючыся нават на дробязь, не адчую смерці?
– Я бачыў занадта шмат, каб не ведаць, што жаночае прадчуванне можа быць нашмат каштоўнейшым за высновы аналітычнага розуму. І гэты ліст – важкі аргумент на карысць вашай версіі. Але калі ваш муж жывы і можа пісаць лісты, чаму ён не вярнуўся?
– Не ўяўляю. Гэта штосьці неверагоднае.
– А ў панядзелак, перад тым як пайсці, ён не казаў нічога асаблівага?
– Нічога.
– Вас здзівіла сустрэча з ім на Апер-Свондэм?
– Вельмі.
– Акно было адчыненае?
– Так.
– І ён мог бы вас паклікаць?
– Мог бы.
– Але ж ён, як я разумею, толькі выгукнуў штосьці невыразнае?
– Так.
– Вы падумалі, што ён кліча на дапамогу?
– Ну, ён жа махнуў рукамі.
– Але гэта мог быў выкрык здзіўлення. Ён мог махнуць рукамі, бо быў агаломшаны, калі знянацку заўважыў вас.
– Такое магчыма.
– І вы падумалі, што яго зацягнулі назад?
– Ён знік так раптоўна.
– Напрыклад, адскочыў. Вы ж у пакоі нікога больш не бачылі?
– Не, але той жахлівы чалавек прызнаўся, што быў там, а гаспадар прытона быў унізе ля лесвіцы.
– Менавіта. Наколькі вы маглі бачыць, ваш муж быў апрануты як звычайна?
– Не хапала толькі манішкі і гальштука. Я ясна бачыла, што шыя голая.
– Ці згадваў ён калі-кольвек Свондэм-лэйн?
– Ніколі.
– Ці не заўважалі вы за ім прыкметаў ужывання опіуму?
– Ніколі.
– Дзякую, місіс Сэнт-Клэр. Гэта галоўнае, што я хацеў спраўдзіць. А зараз нам не перашкодзіць лёгкая вячэра і потым адпачынак, бо заўтра, можа стацца, у нас будзе няпросты дзень.
У нашым вялікім і ўтульным пакоі стаялі два ложкі, і хутка я забраўся пад коўдру, бо пасля цэлага вечара прыгодаў пачуваўся вельмі стомленым. Што да Шэрлака Холмса, то ён, маючы неразвязаную задачу, мог некалькі дзён і нават тыдзень абыходзіцца без адпачынку, пракручваючы яе ў галаве, перабіраючы абставіны, разглядаючы з розных бакоў і ў выніку альбо знаходзячы адказ альбо робячы выснову, што інфармацыі недастаткова. Хутка я зразумеў, што Холмс рыхтуецца да бяссоннай ночы. Ён зняў палітон і камізэльку, надзеў свабодны блакітны халат і пазбіраў з ложка, канапы і фатэляў усе падушкі і падушачкі. З іх ён зрабіў сабе нешта накшталт усходняй атаманкі, куды ўсеўся па-турэцку, паклаўшы перад сабой унцыю тытуню і пачак запалак. У цьмяным святле лямпы я бачыў, як ён трымае вуснамі брыяравую люльку*, вочы безуважна скіраваныя ў кут столі, блакітны дымок струменіцца ўгару, сам жа Холмс бязгучны і нерухомы, і святло падкрэслівае арліныя рысы яго твару. Так ён выглядаў, калі я засынаў, і гэткім жа я ўбачыў яго, калі прачнуўся ад раптоўнага воклічу. Пакой поўніўся святлом летняга сонца. Люлька ўсё яшчэ вісела паміж вуснамі Холмса, дымок струменіўся, у паветры стаяла шчыльная завеса тытунёвага дыму, толькі груда тытуню пад раніцу знікла.