Выбрать главу

– Прачнуліся, Ўотсан? – спытаўся Холмс.

– Прачнуўся.

– Не супраць пракаціцца?

– Вядома ж.

– Тады апранайцеся. Яшчэ ніхто не падымаўся, але я ведаю, дзе спіць конюх, і хутка наш экіпаж будзе гатовы.

Гаворачы гэта, ён нечаму ўсміхнуўся, вочы яго блішчэлі, і ён зусім не нагадваў змрочнага мысляра мінулай ночы.

Апрануўшыся, я зірнуў на гадзіннік. Нядзіўна, што ніхто яшчэ не думаў падымацца: дваццаць пяць хвілін на пятую. Я ледзь паспеў прывесці сябе ў парадак, калі Холмс прыйшоў з паведамленнем, што каня ўжо запрагаюць.

– Хачу праверыць адну маленькую тэорыю, – сказаў ён, нацягваючы чаравікі. – Думаю, Ўотсан, цяпер з вамі побач сядзіць найдурнейшы дурань Еўропы. Я заслугоўваю штурхаля, каб ляцець адсюль да ЧарынгКрос. Але, мяркую, цяпер я маю ключ да гэтай справы.

– І дзе ж ён быў? – спытаўся я ўсміхаючыся.

– У ванным пакоі, – сказаў Холмс і ў адказ на мой недаверлівы позірк працягнуў: – І я не жартую. Я толькі што быў там, забраў яго, і цяпер ён ляжыць у маім гладстанскім сакваяжы*. Хадзем, сябра, паглядзім, ці пасуе ключык да замочка.

Мы спусціліся ўніз як мага цішэй і выйшлі насустрач яркім ранішнім промням. На дарозе стаялі наш конь і экіпаж, побач чакаў напаўапрануты конюх. Мы ўселіся ў каляску і пакацілі лонданскай дарогай. Часам нам трапляліся вясковыя калёсы, што везлі ў сталіцу гародніну, але прыціхлыя вілы паабапал дарогі яшчэ ахутваў сон.

– Праз пэўныя абставіны гэтая справа вельмі адрозніваецца ад іншых, – сказаў Холмс, пускаючы каня галопам. – Вядома, я быў сляпы як крот, але лепш дабраць розуму пазней, чым ніколі.

Мы ўжо ехалі вуліцамі з боку Сурэя, калі ў горадзе яшчэ толькі самыя адчайныя сонна вызіралі з акенцаў. Праз мост Ватэрлоа мы перасеклі раку, прамчаўшы па Велінгтан-стрыт, рэзка павярнулі направа і нарэшце трапілі на Баў-стрыт. Шэрлака Холмса добра ведалі ў паліцыі, і два канстэблі ў дзвярах павіталі яго. Адзін з іх узяў нашага каня, а другі адчыніў дзверы.

– Хто сёння дзяжурыць? – спытаўся Холмс.

– Інспектар Брэдстрыт.

– А, Брэдстрыт, як маецеся?

Па каменнай падлозе нам насустрач крочыў высокі мажны афіцэр у вастраверхім шлеме і кіцелі з пазументамі.

– Мне трэба перамовіцца з вамі, Брэдстрыт.

– Канечне, містэр Холмс. Хадзем у мой кабінет. Маленькі проста абстаўлены кабінет нагадваў кантору, на працоўным стале ляжала вялікая кніга ўліку, на сцяне вісеў тэлефонны апарат. Інспектар сеў за стол.

– Чым магу дапамагчы, містэр Холмс?

– Мяне цікавіць гэты жабрак, Бун, якога звінавацілі ў знікненні містэра Нэвіла Сэнт-Клэра з Лі.

– Ах, гэты. Яго затрымалі да высвятлення абставінаў.

– Я ведаю. Дык ён у вас тут?

– У камеры.

– Паводзіцца ціха?

– Клопатаў з ім ніякіх. Але ён брудны, як мурзіла.

– Брудны?

– Адзінае, што мы змаглі, – гэта змусіць яго памыць рукі, але твар чорны, як у лудзільшчыка. Толькі калі ўжо на яго завялі справу, яму давядзецца рэгулярна хадзіць у турэмную лазню. Думаю, калі вы пабачыце яго, то пагодзіцеся, што яна яму не зашкодзіць.

– О, я б хацеў на яго паглядзець.

– Паглядзець? Вельмі проста. Хадзем. Сакваяж можаце пакінуць тут.

– Дзякуй, думаю, я вазьму яго з сабою.

– Добра. То прашу за мной.

Ён правёў нас да закратаваных дзвярэй, адчыніў іх, мы спусціліся пакручастай лесвіцай і трапілі ў пабелены калідор, па абодва бакі якога цягнуліся шэрагі дзвярэй.

– Ягоная – трэцяя справа, – сказаў інспектар. – Калі ласка!

Ён бясшумна адамкнуў аканіцу ў дзвярах і зазірнуў у камеру.

– Спіць, – сказаў ён. – Можаце паглядзець на яго, відаць добра.