Выбрать главу

Мы абодва зазірнулі праз краты. Арыштант ляжаў тварам да нас і моцна спаў, дыхаючы глыбока і цяжка. Гэта быў чалавек сярэдняга росту, апрануты кепска, адпаведна свайму занятку, праз дзіры парванага палітона выглядала каляровая кашуля. Як і казаў інспектар, ён быў страшна брудны, але нават бруд не мог схаваць агіднай знявечанасці яго твару. Ад вока да падбароддзя цягнулася шырокая баразна старога шнару, які сцягнуў куточак верхняй губы ўверх, агаляючы тры зубы ў злой грымасе. Касмылі рудога валосся закрывалі лоб і падалі на вочы.

– Прыгажунчык, праўда? – спытаў інспектар.

– Яму дакладна трэба памыцца, – сказаў Холмс. – Я падазраваў, што так яно і ёсць, таму ўзяў на сябе смеласць прынесці з сабой усё неабходнае.

Ён адкрыў свой гладстанскі сакваяж і, на маё здзіўленне, дастаў адтуль здаравенную губку для мыцця.

– Хе-хе! А вы весялун, – усміхнуўся інспектар.

– Калі вы зробіце ласку вельмі ціха адчыніць дзверы, мы хутка зробім з яго больш прыстойнага чалавека.

– Ну, чаму б і не, – сказаў інспектар. – Не сказаць, што ў такім выглядзе ён робіць гонар Баў-стрыт.

Ён павярнуў ключ у замку, і мы вельмі ціха зайшлі ў камеру. Жабрак крыху павярнуўся ў сне, але не прачнуўся. У збане з вадой, што стаяў на падлозе, Холмс намачыў губку і двойчы рашуча абцёр ёю твар вязня.

– Прадстаўляю вашай увазе, – гучна абвясціў ён, – шаноўнага містэра Нэвіла Сэнт-Клэра з Лі, графства Кент!

Ніколі ў жыцці я не бачыў такога відовішча. Губка зняла з чалавека маску, як кару з дрэва. Знік брудны карычневы загар! Выродлівы шнар, што рассякаў твар напалам, знік, выкручаная губа выправілася, і злога вышчару не стала! Імгненне – і парык з блытаным рудым валоссем быў сцягнуты! Перад намі на ложку ляжаў бледны, сумны, чорнавалосы і гладкаскуры чалавек з арыстакратычнымі рысамі твару, які цёр вочы і азіраўся з соннай разгубленасцю. Раптоўна зразумеўшы, што яго выкрылі, ён ударыўся ў слёзы, схаваўшы твар у падушку.

– Бог ты мой! – усклікнуў інспектар. – Гэта і праўду той зніклы чалавек. Я бачыў яго на фотакартцы!

Арыштант павярнуўся да нас з выглядам чалавека, гатовага прыняць свой кон.

– Хай будзе як будзе, – сказаў ён. – Толькі малю, скажыце, у чым мяне абвінавачваюць.

– У выкраданні містэра Нэвіла Сэнт… О, ды вас не могуць у гэтым абвінаваціць, хіба толькі гэтую справу кваліфікуюць як спробу самазабойства, – сказаў інспектар ухмыляючыся. – Ну і ну, я ў паліцыі дваццаць сем гадоў, але нічога такога яшчэ не бачыў.

– Калі містэр Нэвіл Сэнт-Клэр – гэта я, значыць, ніякага злачынства не было, і мяне трымаюць тут незаконна.

– Злачынства няма, затое ёсць вялікая памылка, – сказаў Холмс. – Было б нашмат лепей, калі б вы давяралі сваёй жонцы.

– Гэта не праз жонку, а праз дзяцей, – прастагнаў арыштант. – Божа мой, я не хачу, каб яны адчувалі сорам за свайго бацьку. Божа мой! Цяпер я выкрыты! Што ж мне рабіць?

Шэрлак Холмс прысеў побач з ім на лаву і суцяшальна паляпаў па плячы.

– Калі справу будзе разбіраць суд, – сказаў ён, – то, натуральна, вам не пазбегнуць агалоскі. З іншага боку, калі вы зможаце пераканаць паліцыю, што нічога незаконнага вы не ўчынілі, то я не думаю, што гэтая гісторыя трапіць у газеты. Я ўпэўнены, што інспектар Брэдстрыт запіша ўсё, што вы захочаце расказаць, перадасць гэта куды след, і справа не дойдзе да суда.

– Хай беражэ вас Бог! – горача ўскрыкнуў арыштант. – Я б прыняў усё: зняволенне, нават смяротнае пакаранне, але хай толькі мой ганебны сакрэт не спляжыць сямейную рэпутацыю і будучыню маіх дзяцей!

Вы першыя, хто пачуе маю гісторыю. Мой бацька працаваў дырэктарам школы ў Чэстэрфілдзе, дзе я атрымаў выдатную адукацыю. У юнацтве я падарожнічаў і выступаў у тэатры і нарэшце ўладкаваўся рэпарцёрам у лонданскую вечаровую газету. Аднойчы рэдактар вырашыў, што нам трэба надрукаваць шэраг нарысаў пра жыццё лонданскіх жабракоў, і я вызваўся напісаць іх. З таго моманту і пачалася мая авантура. Каб сабраць факты пра жыццё жабракоў, мне давялося паспрабаваць жабраваць. Калі я працаваў акторам, то, вядома, дасканала навучыўся змяняць аблічча і нават славіўся гэтым майстэрствам. І тут яно мне прыдалося як найлепш. Я нанёс на твар грым, каб выглядаць жаласна, зрабіў сабе вялікі шнар і, выкруціўшы край губы, замацаваў яго кавалачкам пластыру цялеснага колеру. Потым надзеў руды парык, адпаведна апрануўся і, выбраўшы сабе месцейка ў дзелавой частцы горада, пачаў жабраваць, робячы выгляд, што гандлюю запалкамі. Я займаўся гэтым сем гадзін і, вярнуўшыся ўвечары дахаты, са здзіўленнем пабачыў, што зарабіў дваццаць шэсць шылінгаў і чатыры пенсы.

Я напісаў нарысы і з тых часоў асабліва не згадваў пра гэты досвед, пакуль праз нейкі час мне не давялося паручыцца грашыма за сябра і трапіць у пазыку па вэксалі на дваццаць пяць фунтаў. Я ламаў галаву над тым, як прыстарацца грошай, пакуль у мяне не з’явілася ідэя. Я выпрасіў у крэдытора двухтыднёвую адтэрміноўку, дамовіўся на працы і ўвесь гэты час, змяніўшы аблічча, прасіў міласціну ў Сіці. Праз дзесяць дзён я меў грошы і заплаціў пазыку.