Выбрать главу

Лёгка ўявіць, як цяжка мне было вярнуцца да напружанай працы за два фунты на тыдзень, калі я ведаў, што магу зарабляць столькі ж за дзень, проста пафарбаваўшы твар і паклаўшы на зямлю шапку. Ува мне доўга змагаліся гонар і жаданне лёгкага заробку, але ў выніку грошы перамаглі, і я кінуў працу ў газеце. Дзень пры дні я сядзеў на рагу ў тым месцы, якое калісьці выбраў упершыню, выклікаючы шкадобу сваім страшэнным тварам і напаўняючы кішэні медзякамі. Толькі адзін чалавек ведаў пра мой сакрэт. Гэта быў гаспадар прытона на Свондэм-лэйн, дзе я здымаў кут, каб штораніцы выходзіць адтуль мізэрным жабраком, а ўвечары ператварацца ў гарадскога дэндзі. Гэтаму хлопцу, гаспадару прытона, я за прыстанак добра плаціў, таму ведаў, што ён будзе захоўваць мой сакрэт.

Хутка я заўважыў, што ў мяне збіраецца неблагі капітал. Не буду сцвярджаць, што любы жабрак можа зарабляць на лонданскіх вуліцах семсот фунтаў на год – а гэта меней за мой сярэдні прыбытак, – але маімі выключнымі перавагамі былі грым і дасціпныя размовы з мінакамі. Пастаянная практыка адтачыла мае ўменні, і я зрабіўся пазнавальным персанажам у Сіці. Увесь дзень пені ўперамешку са срэбнымі манетамі няспынна цяклі да мяне. Толькі ў найгоршы дзень я не збіраў двух фунтаў.

Мае прыбыткі і патрэбы раслі, я зняў дом за горадам і ўрэшце ажаніўся. Ніхто не здагадваўся пра тое, чым я займаюся насамрэч. Мая любая жонка ведала, што я вяду справы ў Лондане. Але не ведала, якія менавіта.

У мінулы панядзелак я пасля працоўнага дня пераапранаўся ў сваім пакоі над опіумным прытонам і вызірнуў у акно. На свой жах і здзіўленне, я ўбачыў, што на дварэ стаіць мая жонка і глядзіць проста на мяне. Я ўсклікнуў, закрыў рукамі твар і кінуўся да свайго прыяцеля, гаспадара прытона, заклінаючы яго нікога да мяне не пускаць. Я чуў унізе голас жонкі, але ведаў, што яна не зможа падняцца. Скінуўшы вопратку, я нацягнуў жабрацкае адзенне і парык і наклаў грым. Нават жончына вока не змагло б распазнаць маю маскіроўку. Але потым да мяне дайшло, што пакой могуць абшукаць, і тады мяне выдасць вопратка. Я расчыніў акно, ад паспешлівасці разадраўшы ранішнюю ранку. Затым схапіў палітон, цяжкі ад медзякоў у кішэнях, бо я толькі што пераклаў туды грошы са скураной торбы, у якой цягаў назбіранае. Шпурнуў палітон з акна, і ён патануў у Тэмзе. Туды б адправілася і іншае адзенне, але ў гэты момант уварваліся канстэблі, і неўзабаве мяне, на шчасце, не апазнаўшы як містэра Нэвіла Сэнт-Клэра, арыштавалі як яго забойцу.

Не ведаю, што яшчэ я магу дадаць. Я быў цвёрда настроены захоўваць сваю таямніцу як мага даўжэй, таму не хацеў мыць твар. Я ведаў, што жонка будзе жахліва хвалявацца, і таму, калі ніхто з канстэбляў не глядзеў на мяне, сцягнуў пярсцёнак і перадаў яго гаспадару прытона разам з паспешлівымі крамзолямі, каб яна не хвалявалася.

– Запіску яна атрымала толькі ўчора, – сказаў Холмс.

– Які жах! Як жа яна трывала цэлы тыдзень!

– Паліцыя сачыла за гаспадаром прытона, – сказаў інспектар Брэдстрыт. – Магу здагадацца, што яму было нялёгка адправіць ліст незаўважна. Мабыць, ён даручыў гэтую справу нейкаму мараку са сваёй кліентуры, а той не вельмі спяшаўся выканаць просьбу.

– Менавіта, – сказаў Холмс, ухвальна ківаючы. – Аніякіх сумневаў, што так усё і было. Але хіба вас ніколі не цягалі да ўчастка за жабрацтва?

– Шмат разоў, але што мне было заплаціць штраф?

– З жабрацтвам трэба заканчваць, – сказаў Брэдстрыт. – Калі хочаце, каб паліцыя не давала справе агалоскі, Х’ю Бун мусіць спыніць сваё існаванне.

– Даю самае цвёрдае слова, якое толькі можа даць чалавек.

– У такім разе, думаю, наступстваў не будзе. Але калі вас зноў затрымаюць, усё выплыве вонкі. Містэр Холмс, вы зрабілі нам вельмі вялікую паслугу, ва ўсім разабраўшыся. Хацеў бы я ведаць, як вы дасягнулі такіх вынікаў.

– Я дасягнуў іх, пасядзеўшы на пяці падушках і спажыўшы унцыю тытуню – адказаў мой сябар. – Мяркую, Ўотсан, што калі мы зараз паедзем на Бэйкерстрыт, то акурат паспеем да сняданку.

Пераклала Алена Казлова

Блакітны карбункул

Я зазірнуў да майго сябра Шэрлака Холмса на трэці дзень Калядаў, збіраючыся прынесці яму адпаведныя святу віншаванні. Апрануты ў пунсовы халат, ён утульна разваліўся на канапе, змясціўшы справа падстаўку для люлек і трымаючы пад рукой стос змятых ранішніх газет, якія ён, відаць, толькі што чытаў. Побач з канапай стаяла драўлянае крэсла, на спінцы якога вісеў да непрыстойнага зношаны фетравы капялюш, у некалькіх месцах паламаны і ўжо ні на што не прыдатны. На сядзенні крэсла ляжалі лупа і пінцэт, якія выразна сведчылі пра тое, што капялюш тут павесілі выключна з даследчымі мэтамі.