– Дык вы занятыя? – спытаў я. – Я, мабыць, перашкодзіў…
– Ні ў якім разе! Я рады, што ў мяне ёсць сябар, з якім можна абмеркаваць свае высновы. Справа зусім банальная, але некаторыя звязаныя з ёй моманты, – ён паказаў вялікім пальцам у бок старога капелюша, – маюць для мяне пэўную цікавасць і нават карысць.
Я прысеў у фатэль і выцягнуў рукі да каміна, у якім патрэскваў агонь: маразы былі суровыя, і акно шчыльна зацягнулася ледзянымі ўзорамі.
– Думаю, нягледзячы на свой сціплы выгляд, гэты капялюш мае крывавую гісторыю, – зазначыў я. – Ён зробіцца ключом, які падкажа вам разгадку нейкай таямніцы і дапаможа пакараць злачынцу.
– Ды не, ніякіх злачынстваў, – засмяяўся Холмс, – усяго толькі адзін з дзіўных выпадкаў, якія нярэдка здараюцца там, дзе на плошчы ў некалькі квадратных міляў таўкуцца чатыры мільёны чалавечых стварэнняў. У такім шчыльным людскім натоўпе з усімі яго дзеяннямі і супрацьдзеяннямі можна чакаць любых збегаў абставінаў, любых дробязяў, неверагодных і ненатуральных, але тым не менш зусім не супрацьзаконных. Мы з такімі выпадкамі ўжо сутыкаліся.
– Яшчэ як сутыкаліся, – пагадзіўся я. – Сярод апошніх апісаных мной шасці справаў тры не маюць са злачынствамі нічога агульнага.
– Менавіта. Вы, мабыць, маеце на ўвазе маю спробу забраць у Ірэн Адлер фотаздымак, дзівосную справу міс Мэры Сазэрлэнд і прыгоды чалавека з выкручанай губой. Няма сумневаў, што і гэтая дробная загадка трапіць у тую ж бяскрыўдную катэгорыю. Вы ведаеце Петэрсана, пасыльнага?
– Ведаю.
– Гэты трафей належыць яму.
– Капялюш ягоны?
– Не, ён яго знайшоў. Уласнік капелюша невядомы. Прашу вас зірнуць на гэты галаўны ўбор не як на пацёрты кацялок, а як на інтэлектуальную праблему. Але пачнем з таго, як ён сюды трапіў. Дык вось, ён з’явіўся ў першы дзень Калядаў разам з цудоўнай тлустай гускай, якая, магу з усёй упэўненасцю сцвярджаць, смажыцца цяпер у Петэрсана на кухні. Мы маем наступныя факты. На Каляды, каля чатырох раніцы, Петэрсан, чалавек, як вы ведаеце, вельмі сумленны, вяртаўся з невялікага балявання і акурат спускаўся Тотнэм-Корт-роўд, калі ў святле газавай лямпы заўважыў побач высокага мужчыну, які ішоў трохі хістаючыся і нёс на плячы белую гуску. На рагу Гудж-стрыт у незнаёмца завязалася спрэчка з групай хуліганаў. Адзін з іх збіў з яго капялюш, і, размахваючы кіем, каб абараніцца, незнаёмец выпадкова разбіў вітрыну, якая была ў яго за спінаю. Петэрсан кінуўся на дапамогу, але той, спалохаўшыся, што разбіў шкло, і ўбачыўшы чалавека ў форме, які бяжыць у яго бок, кінуў гуску, з усіх ног паімчаў прэч і неўзабаве растварыўся ў лабірынце дробных завулкаў, што ляжаць за Тотнэм-Корт-роўд. Форма Петэрсана напалохала і хуліганаў, а таму поле бітвы разам з трафеямі ў выглядзе гэтага пацёртага капелюша і бездакорнай каляднай гускі засталося за ім.
– І цяпер ён, безумоўна, хоча вярнуць уладальніку сваю здабычу?
– Вось у гэтым, мой дарагі сябра, і ўся праблема. Праўда, да левай нагі птушкі быў прывязаны цэтлік з подпісам «Для місіс Генры Бэйкер», а на падкладцы капелюша можна разабраць ініцыялы «Г. Б.», аднак у Лондане жыве некалькі тысяч Бэйкераў, сярод якіх знойдзецца некалькі сотняў Генры. Бачыце, не так і лёгка вярнуць аднаму з іх згубленую маёмасць.
– Ну і што зрабіў Петэрсан?
– Калядным ранкам ён прынёс і капялюш, і гуску мне, ведаючы, што нават такая дробная праблема можа мяне зацікавіць. Гуска заставалася тут да сённяшняга дня, пакуль я не зразумеў, што, нягледзячы на мароз, яе трэба неадкладна з’есці. А таму я вярнуў трафей здабытчыку, і пакуль лёс гускі ідзе да свайго лагічнага завяршэння, я працягваю займацца капелюшом невядомага джэнтльмена, які застаўся без каляднага абеду.
– Аб’явы ён не даваў?
– Не.
– Ну і як вы яго вылічыце?
– Толькі з дапамогай логікі.
– І вам хопіць аднаго капелюша?
– Безумоўна.
– Вы жартуеце. Што можа сказаць пра ўласніка гэты стары пашарпаны ўбор?
– Вось вам лупа. Мае метады вы ведаеце. Што вы самі скажаце пра характар чалавека, які згубіў гэтую рэч?
Я ўзяў зношаны капялюш і паныла пакруціў яго ў руках. Гэта быў цалкам звычайны галаўны ўбор круглай формы, чорны, жорсткі і добра патрапаны жыццём. Ядвабная падкладка, калісьці чырвоная, цяпер зусім выцвіла. Вытворца пазначаны не быў, затое, як адзначыў Холмс, збоку былі ініцыялы «Г. Б.». На палях я заўважыў пятлю для гумкі, якая трымала капялюш, але сама гумка згубілася. Апроч гэтага ў некалькіх месцах фетр пераламаўся, а сам капялюш быў надзвычай пыльны і дзе-нідзе заплямлены, хаця, здаецца, нейкія з гэтых плямаў уласнік паспрабаваў замазаць чарнілам.