– Не бачу нічога асаблівага, – сказаў я, вяртаючы сябру капялюш.
– Наадварот, Ўотсан, усё вы цудоўна бачыце, аднак не можаце зрабіць з убачанага высновы. Вы баіцеся даць сваёй думцы волю.
– Тады прашу вас, раскажыце, якія высновы зрабілі вы.
Холмс забраў у мяне капялюш і агледзеў яго сваім вельмі характэрным аналітычным позіркам.
– Убор дае не так шмат матэрыялу для развагаў, – адзначыў ён, – аднак некалькі высноваў я магу зрабіць дакладна і яшчэ некалькі – з высокай ступенню верагоднасці. Вялікі розум яго гаспадара не выклікае ніякіх сумневаў, апроч таго, гады тры таму гэты чалавек быў добра забяспечаны, хаця апошнім часам перажывае горшыя часы. Раней ён быў прадбачлівы, але цяпер, улічыўшы яго збядненне, мы можам сказаць, што ён дэградаваў, магчыма, займеў кепскую звычку, хутчэй за ўсё запіў. Жонка яго, без сумневу, разлюбіла, магчыма, акурат праз гэтую кепскую звычку.
– Але дарагі мой Холмс!..
– Аднак рэшткі былой годнасці ён усё ж захаваў, – працягваў Холмс, праігнараваўшы мой пратэст. – Ён вядзе маларухомы лад жыцця, рэдка выходзіць з дому і зусім не займаецца спортам. Узрост яго сярэдні, валасы пасівелыя, звычайна ён мажа іх памадай, а некалькі дзён таму пастрыг. Вось самыя відавочныя факты, якія падказаў мне гэты капялюш. Дарэчы, малаімаверна, што ў доме яго гаспадара праведзены газ.
– Холмс, ды вы жартуеце!
– Зусім не. Няўжо вы нават цяпер, калі я падзяліўся з вамі сваімі высновамі, не можаце зразумець, як я іх атрымаў?
– Я, відаць, зусім дурань, бо мушу прызнацца, што ход вашых думак мне незразумелы. Як вы, напрыклад, вылічылі, што ўласнік капелюша разумны?
Замест адказу Холмс начапіў капялюш, які з’ехаў да самага пераносся, схаваўшы ўвесь лоб.
– Пытанне выключна ў аб’ёме яго мозгу, – сказаў Холмс. – Калі ў чалавека такая вялікая галава, штосьці мусіць быць і ўнутры яе.
– Як тады наконт яго збяднення?
– Капелюшу тры гады. Глядзіце, такія плоскія загнутыя з краю палі акурат тады ўвайшлі ў моду. Капялюш найвышэйшай якасці – зірніце на гэтую стужку з паласатага ядвабу і на цудоўную падкладку. Калі тры гады таму чалавек мог дазволіць сабе такі дарагі капялюш, які носіць з таго часу, не купляючы новага, значыць, справы яго пагоршыліся.
– Што ж, з гэтым усё зразумела. А як наконт прадбачлівасці і дэградацыі?
– Вось вам і прадбачлівасць, – засмяяўся Шэрлак Холмс, паказваючы на пятлю для гумкі. – Капелюшы ніколі не прадаюцца разам з гумкамі, і калі чалавек замаўляе яе асобна, гэта сведчыць пра яго прадбачлівасць: ён зрабіў усё, каб абараніць сябе ад ветру. Аднак мы бачым, што гумка адарвалася, а пра новую ён не паклапаціўся, з чаго робім выснову, што прадбачлівасць яго засталася ў мінулым, і гэта ў сваю чаргу гаворыць пра слабасць яго натуры. З іншага боку, ён паспрабаваў замазаць некаторыя плямы на фетры чарнілам, а гэта сведчыць пра тое, што сваю колішнюю годнасць ён страціў не да канца.
– Вашыя тлумачэнні гучаць пераканаўча.
– Далей. Тое, што ўласнік капелюша – чалавек сярэдніх гадоў, што ў яго пасівелыя валасы, якія нядаўна стрыгліся, і што ён карыстаецца памадай, лёгка можна высветліць, уважліва агледзеўшы ніжнюю частку падкладкі. З дапамогай лупы мы ўбачым вялікую колькасць акуратна абрэзаных цырульнікам валаскоў. Усе яны досыць ліпкія і маюць характэрны пах. Таксама вы можаце заўважыць, што пыл на капелюшы не вулічны – гэта не шараваты пясок, а карычневыя камякі, якія звычайна збіраюцца ў дамах. Значыць, убор збольшага вісеў дома. Сляды вільгаці на ўнутранай яго частцы сведчаць пра тое, што ўласнік капелюша хутка пацее – наўрад ці ён падтрымлівае добрую фізічную форму.
– Але яго жонка? Вы сказалі, яна яго разлюбіла!
– Капялюш ужо шмат тыдняў не чысцілі. Калі б на вашым капелюшы, мой дарагі Ўотсан, я ўбачыў тыднёвы слой пылу і вашая жонка выпусціла б вас у такім выглядзе на двор, я пачаў бы хвалявацца, што мой гаротны сябар страціў жончыну прыхільнасць.
– А раптам ён халасцяк?
– Ды не, гуску ён нёс дадому, каб памірыцца з жонкай. Успомніце пра цэтлік на лапе.
– У вас на ўсё знойдзецца адказ. Але як, дзеля ўсяго святога, вы вызначылі, што ў яго доме не праведзены газ?
– Адна ці дзве сальныя плямы могуць з’явіцца на капелюшы і выпадкова, але калі я бачу іх не менш за пяць, то пачынаю думаць, што ўласнік галаўнога ўбора досыць часта мае дачыненне з сальнай свечкай – напрыклад, падымаецца ўвечары наверх, трымаючы ў адной руцэ капялюш, а ў другой – запаленую свечку. У любым разе, газоўка сальных плямаў не пакідае. Цяпер вы задаволеныя?